Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Украіна дае прыклад і надзею Беларусі


Севярын Квяткоўскі
Севярын Квяткоўскі

Грамадзкі актывіст Дзяніс Кобрусеў засмуціўся з прычыны таго, што багата беларусаў посьцяць у сацсетках віншаваньні ўкраінцам з Днём Незалежнасьці.

«Чужы Дзень Незалежнасьці выклікае столькі шуму. Ангельцы на Дзень узяцьця Бастыліі таксама пяюць „Марсэльезу“? Ці французы на нейкае значнае сьвята „Юніён Джэка“ ў сваіх сацсетках посьцяць?» — тлумачыць сваю пазыцыю Dzianis Kobruseu. — «Ня думаю, што нашы суседзі завальваюць свой фб БЧБ-фотачкамі на нашае 25 сакавіка. Хвароба нейкая...».

Галоўнае ва ўкраінскім сьвяце для беларусаў — украінцы зрабілі тое, што беларусы пакуль не змаглі. Украінцы пазбавіліся пракрамлёўскай улады.

А тым самым атрымалі шанец з часам інтэгравацца ў заходнюю цывілізацыю. А заходняя цывілізацыя ўважае за галоўную каштоўнасьць чалавека, а не сыстэму. То бок, украінцы атрымалі шанец на паляпшэньне якасьці жыцьця ва ўсіх сфэрах.

З практычнага значэньня — беларусам сталася лягчэй дыхаць у самой Украіне, куды беларусы масава езьдзяць на курорты, закупы і проста турыстамі.

Чаму Дзяніс Кобрусеў, як і шмат іншых, не разумее радасьці за суседзяў, я магу толькі здагадвацца, чужая душы — прыцемкі. Але дакладна ведаю, што радасьць за штосьці пазытыўнае ня можа быць «хваробай».

Параўнаньне з Францыяй і Брытаніяй выглядае сьвядома прыцягнутым за вушы. І там і там галоўныя дзяржаўныя сьвяты даўным-даўно маюць ня большае значэньне, чым Дзень Гораду: ні Францыі, ні Брытаніі не пагражаюць зьнішчэньнем, а самім незалежнасьцям сотні гадоў. У Эўропе войны скончаныя раз і назаўсёды, прынамсі, у асягальнай чалавечаму розуму будучыні.

А Ўкраіна ваюе.

Прычым, Украіна ваюе ня толькі за сябе. Чаго ніяк ня могуць зразумець нашы акопныя нацыяналісты, што Украіна ваюе з Расеяй і за сябе, і за цябе, і за таго хлопца. Гэта яшчэ і вайна за рэальную незалежнасьць ад імпэрыі.

Падабенства лёсаў украінцаў і беларусаў у Расейскай імпэрыі збліжае нашы народы.

А таму ўкраінскія посьпехі даюць беларусам прыклад і надзею на тое, што і ў нас магчымая некаляніяльная будучыня.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG