Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Шестерок Запада и NATO в Смоленск не приглашали», — смаленскія камуністы патлумачылі выступ супраць «беларускіх нацыяналістаў»


23 жніўня, у міжнародны Дзень барацьбы са сталінізмам і нацызмам, беларуская дэлегацыя ў складзе паўсотні чалавек наведала месца масавых расстрэлаў у Катыні пад Смаленскам.

Паездку арганізавалі дэмакратычныя рухі «За свабоду» і «Разам», далучыліся прадстаўнікі Партыі БНФ і Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі, журналісты.

Яшчэ на мяжы пасажыры адчулі павышаны інтарэс з боку расейскіх сілавікоў, а непрыхавана паліцыя суправаджала беларускі аўтобус, пачынаючы ад аэрапорту «Смаленск», дзе актывісты наведалі месца катастрофы самалёта з польскай урадавай дэлегацыяй у 2010 годзе.

Непасрэдна ля катынскага мэмарыялу паліцыянты і амапаўцы праверылі пашпарты ўсіх, хто прыехаў зь Беларусі, а журналістаў «Белсату» Любоў Лунёву і Алеся Сіліча больш чым на гадзіну затрымалі і вызвалілі без складаньня пратаколаў.

Радыё Свабода паспрабавала высьветліць, на якой падставе праваахоўныя органы Смаленшчыны былі прыведзеныя ў стан павышанай «боегатовасьці».

Маёр унутранай службы Ўпраўленьня МУС Расеі Натальля Івака сказала, што пра ўчорашні інцыдэнт зь беларусамі ў курсе, але нічога з гэтай нагоды камэнтаваць ня будзе. «Гэтая сытуацыя не абмяркоўваецца», — сказала яна.

Гэтаксама на пад’езьдзе да Катынскага мэмарыялу гасьцей зь Беларусі чакалі некалькі дзясяткаў мясцовых камуністаў — чальцоў Смаленскага рэгіянальнага аддзяленьня КПРФ. З чырвонымі сьцягамі СССР, партрэтамі Сталіна і плякатамі кшталту «Шестерок Запада и НАТО в Смоленск не приглашали» яны сабраліся за некалькі гадзін да прыезду і прастаялі ў пікеце да канца дзеі:

«Нагодай да правядзеньня акцыі стаў візыт у наш горад польскіх і беларускіх нацыяналістаў, — патлумачылі ў Смаленскім абласным аддзяленьні КПРФ. — Зразумела, „культурная праграма“ падобнага візыту не магла абысьціся без наведваньня так званага месца „польскай жалобы“ — 23 жніўня яны лічаць Днём памяці ахвяраў таталітарных рэжымаў. І замест таго, каб наведаць Асьвенцім, Майданэк ці хаця б Хатынь, гэтых дзеячаў нібы магнітам прыцягвае смаленская Катынь».

За дзень да паездкі беларускіх актывістаў інфармацыйны сайт Смаленшчыны Readovka.ru зьмясьціў разгромны артыкул пра Паўла Севярынца. У публікацыі палітык фігуруе як заснавальнік арганізацыі з напісаньнем на чэскі манэр «Млады фронт». Маўляў, група нацыяналістаў пад яго кіраўніцтвам спрабуе трапіць у Катынь і ўчыніць правакацыі. Пры тым, што сам Севярынец ехаць у Смаленск не зьбіраўся, а толькі дапамагаў калегам з распаўсюдам інфармацыі пра паездку.

Ці сталі падазрэньні ў «падрыхтоўцы правакацый» нагодай да мабілізацыі сілавікоў, у смаленскай паліцыі ўдакладняць адмовіліся. Затое куды больш гаваркімі аказаліся тутэйшыя камуністы:

«Савецкі пэрыяд гісторыі не павінен заставацца без абароны. Таму смаленскія партыйцы і камсамольцы прыбылі, каб паказаць няпрошаным гасьцям непажаданасьць іх візыту. Даведаўшыся пра акцыю, візыцёры дзьве гадзіны віхлялі па горадзе, але нашым таварышам хапіла цярпеньня дачакацца іх і выказаць сваё стаўленьне да катынскай фальсыфікацыі. Пра сапраўдную мэту кажа той факт, што ў складзе „дэлегацыі“ — прадстаўнікі беларускай аранжавай апазыцыі, „Маладога фронту“, чые баевікі ваююць супраць Данецкай і Луганскай рэспублік, польскія нацыяналісты. Пра савецкую эпоху гэтыя людзі гавораць выключна ў чорным сьвятле, а мэмарыялы, падобныя катынскаму, для іх ёсьць сьвятынямі».

Расейскія камуністы ўсьцешаныя выкананай місіяй, паколькі, на іх думку, многія з «паломнікаў» відавочна расчараваныя далёка ня цёплым прыёмам смалянаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG