Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Амбасада ЗША ў Менску: «Зараз мы разглядаем варыянты, як лепш абслугоўваць беларускіх грамадзян»


Амбасада ЗША ў Маскве і кансулят у Санкт-Пецярбургу з 23 жніўня перасталі прымаць заявы ад грамадзян Беларусі на атрыманьне амэрыканскіх візаў. Кансулят амэрыканскай амбасады ў Беларусі па-ранейшаму працуе ў абмежаваным рэжыме. Ці можа адбыцца пашырэньне кансуляту ў Менску, каб грамадзянам Беларусі было прасьцей атрымліваць візы? Амбасада ЗША ў Менску адказала на пытаньне Свабоды.

РС: Амэрыканская амбасада ў Менску выдае візы толькі некаторым катэгорыям беларускіх грамадзянаў — студэнтам, удзельнікам праграм культурнага абмену, асобам, старэйшым за 70 гадоў. Візы ў Менску таксама маглі атрымаць грамадзяне, у якіх раней ужо была амэрыканская віза. Таму бальшыня грамадзянаў Беларусі, якія маюць патрэбу ў амэрыканскай візе, вымушаныя езьдзіць у сталіцы суседніх дзяржаў — Маскву, Кіеў, Вільню, Варшаву. Але, каб трапіць у два апошнія гарады, беларусу патрэбна шэнгенская віза. Гэта даволі дорага і вымагае шмат часу. Цяпер яшчэ і Масква адмовіла беларусам. Ці магчымае пашырэньне кансуляту ЗША ў Менску?

— Зараз мы разглядаем варыянты, як лепш абслугоўваць беларускіх грамадзян, якія хочуць падаць заяўку на атрыманьне візы ў ЗША. На дадзены момант ніякай дадатковай інфармацыі ў нас няма.

РС: Некаторым беларусам ужо прызначаныя гутаркі ў Маскве пасьля 23 жніўня. Што зь імі будзе?

— Прызначаныя гутаркі будуць перанесеныя. Кандыдаты, якіх гэта тычыцца, атрымаюць па электроннай пошце паведамленьнi з нумарам тэлефона, куды можна патэлефанаваць, каб перанесьці іх інтэрвію на больш позьні тэрмін.

РС: Можа, у амбасадзе ёсьць статыстыка, колькі візаў у год выдае амбасада ЗША ў Менску і колькі беларусаў атрымліваюць візы ў Маскве, Кіеве, Вільні, Варшаве?

— Афіцыйная візавая статыстыка публікуецца на travel. state. gov. Статыстыка па колькасьці неіміграцыйных візаў, выдадзеных у кожнай краіне за 2016 год, даступная па спасылцы (PDF).

Колькасьць візаў на пэўную дыпмісію па нацыянальнасьці не публікуецца.

———

У 2007 годзе (да скарачэньня дыпмісіі ЗША ў Беларусі) амэрыканскай амбасадай у Менску было выдадзена 8230 візаў; з 2009 па 2014 гады — ад 520 да 720 візаў штогод; у 2015 годзе (калі амбасада аднавіла выдачу візаў студэнтам, удзельнікам праграмаў культурнага абмену, людзям сталага веку) — 3515; у 2016 годзе — 6822.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG