Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ленін і генэрал Лі — блізьняты ў Беларусі


«Украіна ўкусіла руку раздаючага: цяпер у ЗША зносяць помнікі. Атруціліся ўласнымі пячэнькамі», — «Беларусь-1», — Dzmitry Dzmitryjeu цытуе пачутае ў эфіры афіцыйнай тэлевізіі.

Цытата вышэй — пра цяперашнія жарсьці ў ЗША вакол помнікаў генэралу Лі, які ў свой час ачольваў войска канфэдэратаў — прыхільнікаў рабства. БТ жартуе, маўляў, ЗША дападтрымліваліся Ўкраіну да таго, што самі перанялі ад яе штосьці кепскае — «атруціліся». Чытай — «ленінападам», які пачаўся зносам помніка Леніну ў Кіеве падчас падзеяў Майдану.

Кавалак з дыскусіі ў блогу грамадзкага актывіста Пятра Кузьняцова да фотаздымка амэрыканскага хлопца са сьцягам канфэдэратаў ля помніка генэралу Лі:

Serge Isaenko: Гаворка не пра сьцяг, а пра чалавека, які выйшаў на вуліцу з прапагандай (па сутнасьці) рабства і расавай нецярпімасьці.

Александр Куллинкович: Не прапаганда рабства і нецярпімасьці. Гэта сьцяг, гэта помнік, гэта гісторыя яго краіны.

Аляксандар Кульлінковіч адзін у адзін паўтарае рыторыку прыхільнікаў помнікаў Леніну ў Беларусі: «Гэта ж наша гісторыя!».

Мінулай восеньню зьбілі і затрымалі грамадзка-палітычнага актывіста Зьмітра Дашкевіча. Ён мірна пратэставаў супраць усталяваньня бюста Леніна ля Трактарнага заводу.

Для Зьмітра Ленін — злачынца, выінаваты ў сьмерцях мільёнаў бязьвінных людзей. Для камуністаў, якія ініцыявалі ўсталяваньне помніку, Ленін — «наша гісторыя».

А яшчэ прыхільнікі Леніна супраць БЧБ-сьцяга і за аднаўленьне СССР, то бок супраць незалежнасьці Беларусі.

Для мяне відавочна, што жарсьці вакол помнікаў ня столькі ў гісторыі, якую помнікі ўвасабляюць. Справа ў сучаснасьці, нават болей — у мадэляваньні будучыні. А помнікі і стаўленьне да іх — толькі знакі грамадзянскай і палітычнай пазыцыі.

Зьмітра Дашкевіча за мірны пратэст супраць бюста Леніна зьвінавацілі ў парушэньні ладжаньня масавых мерапрыемстваў.

З той самай фармулёўкай за гады кіраваньня Лукашэнкі пасадзілі на суткі альбо аштрафавалі тысячы і тысячы чалавек.

Людзям казалі ў мэгафон: «Грамадзяне, ваша мерапрыемства забароненае! Тэрмінова разыдзіцеся!». А людзі ішлі пад БЧБ-сьцягамі, пратэстуючы ў тым ліку супраць самога факту забароны і шэсьця, і БЧБ-сьцягу. І тым самым парушалі заканадаўства.

Парушылі заканадаўства, каб прадэманстраваць сваю нязгоду з тым (тымі), хто ініцыюе законы, якія не падабаюцца вось гэтай канкрэтнай групе людзей. Напрыклад, забарона БЧБ-сьцягу і разам з тым ідэі нацыянальнай дзяржавы.

Таму калі я чытаю жарсныя спрэчкі беларусаў вакол помнікаў генэралу Лі ў ЗША, я разумею, што насамрэч бачу віртуальную трэніроўку спрэчак у рэальнасьці. Спрэчак пра будучыню і Беларусі, і грамадзтва ў ёй.

І ўжо цяпер бачу з прыкладу іншых краінаў, што адужаюць найбольш настойлівыя.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG