Прычынай незадаволенасьці стала анансаваная на 23 жніўня паездка пад Смаленск, на месца масавых расстрэлаў у Катыні. Як піша партал, дата візыту выбрана невыпадкова: 23 жніўня «прагрэсіўная» Эўропа адзначае як Дзень барацьбы са сталінізмам і нацызмам. А значыць, заплянаваная паездка — чарговая антырасейская акцыя, што перакрэсьлівае савецкі пэрыяд і ставіць знак роўнасьці паміж СССР і нацысцкай Нямеччынай. А гэта, па сутнасьці, перагляд вынікаў Другой усясьветнай вайны. У сувязі з гэтым згадваецца ініцыятыва Польшчы пра знос савецкіх помнікаў таго часу.
«Севярынец — асоба ў Беларусі вядомая. Зьяўляючыся непрымірымым апазыцыянэрам, менавіта ён быў арганізатарам вулічных акцый пратэсту ў Менску ў 1997-2004 гадах, у 2014-м актыўна падтрымліваў украінскі Майдан, а ў пачатку гэтага году фактычна ўзначаліў акцыю пратэсту ў Курапатах пад Менскам. Севярынец часьцяком адкрыта заклікае да зьмены ўлады ў рэспубліцы, ён неаднаразова прыцягваўся да адказнасьці за супрацьпраўныя дзеяньні і затрымліваўся КДБ Беларусі. У сукупнасьці пад арыштам правёў каля 5 гадоў», — дэманструе дасьведчанасьць аўтар інтэрнэт-парталу.
Расейскім чытачам падрабязна расказваецца пра «Млады фронт». Севярынцу, які ўжо даўно ў кіраўніках іншай грамадзкай арганізацыі, прыпісваецца галоўная ідэалягічная роля ў змаганьні з Расеяй:
«Галоўнай ідэалёгіяй руху, зарэгістраванага ў Чэхіі, стаў ваяўнічы нацыяналізм, які часьцяком пераходзіць у адкрыты нацызм. Апошнім трэндам — стварэньне партызанскіх атрадаў самаабароны ад „будучай расейскай акупацыі“. Лідэры руху прама называюць Расею галоўным ворагам Беларусі. Адным з лёзунгаў арганізацыі на масавых акцыях стала вядомая па падзеях ва Ўкраіне фраза: „Хто ня скача, той маскаль!“. Актывісты „Млада фронту“, якія ўваходзяць у ваенізаванае крыло „Ваяр“, удзельнічаюць ва ўзброеным канфлікце на Данбасе на баку Ўкраіны. У структуры ваенізаваных атрадаў створана тактычная група „Беларусь“, у асноўным яна складаецца з актывістаў фронту».
Павал Севярынец у размове са Свабодай выказаў зьдзіўленьне такой увагай да сваёй пэрсоны — тым больш таму, што наведаць Катынь у яго не атрымліваецца:
«Як аказалася, гэта інфармацыйнае выданьне, найбуйнейшы партал Смаленшчыны, ня нейкі там маргінальны пракрымнашаўскі сайцік. У такім выпадку я думаю, што адлюстравана пазыцыя ФСБ — магчыма, па матывах інфармацыі КДБ. Але тое, што ўжываецца назва «Млады фронт», сьведчыць, што КДБ тут, можа, і ні пры чым, нашы дакладна ведаюць, як што пішацца. Наогул цяжка нешта камэнтаваць, бо збольшага ўсё падобна на «Ўладара пярсьцёнкаў».
Палітык кажа, што дапамагаў калегам з дэмакратычнага лягеру з распаўсюдам інфармацыі пра паездку ў Катынь, але ня ёсьць арганізатарам «вылазкі», як пішуць на смаленскім партале:
Я ня толькі ня ёсьць арганізатарам, а нават не зьбіраюся туды ехаць, на гэты дзень іншыя пляны
«Мой допіс у „Фэйсбуку“ быў накіраваны на тое, каб сабраць людзей і тым самым дапамагчы арганізатарам. Я ня толькі ня ёсьць арганізатарам, а нават не зьбіраюся туды ехаць, на гэты дзень іншыя пляны. Паездку арганізоўвае рух „Разам“ — Вячаслаў Сіўчык, Алена Талстая. Тут і сьмех і грэх, усё разам. Бо ў тым артыкуле, пачынаючы ад назваў, фактаў і да мэтаў, застаецца проста разьвесьці рукамі — як такое ўвогуле можа быць?».
Смаленскі рэсурс нагадвае, што ў 2014 годзе ў аналягічную дату Смаленск ужо наведвала дэлегацыя беларускіх апазыцыянэраў. Госьці ня ўтойвалі свайго настрою супраць расейскай дзяржавы — маўляў, на адным з актывістаў была футболка «Стоп Пуцін».
Паводле Паўла Севярынца, насамрэч беларусы наведваюць Катынь з той жа мэтай, што і Курапаты пад Менскам — ушанаваць нявінных ахвяраў сталінскіх рэпрэсіяў:
«Людзі едуць ушанаваць памяць сваіх сваякоў, землякоў. У Катыні ляжаць ня толькі палякі, але і беларусы, якія былі грамадзянамі другой Рэчы Паспалітай у межах 1921-1939 гадоў. Афіцыйна ўстаноўлена, што там шмат беларусаў, лік ідзе на сотні. Таму гэта акцыя ўшанаваньня памяці, якая робіцца штогод. Чаму актывізаваліся менавіта зараз? Магчыма, неяк зьвязана з вучэньнямі, з агульнай нэрвознай абстаноўкай? Ня выключана, што і так...».
23 жніўня ў Катынь паедуць актывісты Руху «За свабоду», Руху салідарнасьці «Разам», Партыі БНФ, Беларускай хрысьціянскай дэмакратыі ды іншыя.