Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Калі прыедуць зь піламі, будзем стаяць да канца», — жыхары Бараўлянаў аднавілі намётавы лагер


Архіўнае фота. Пратэст жыхароў Бараўлянаў супраць высяканьня лесу ў красавіку 2016 году
Архіўнае фота. Пратэст жыхароў Бараўлянаў супраць высяканьня лесу ў красавіку 2016 году

Жыхары Бараўлянаў аднавілі намётавае мястэчка, якое 15 жніўня паўстала супраць высечкі лесу ў пасёлку і было ліквідаванае міліцыяй 16 жніўня.

Але цяпер там толькі два маленькія намёты, абнесеныя будаўнічай стужкай. Як кажуць мясцовыя жыхары, людзей там няма, а сама акцыя носіць сымбалічны характар — каб паказаць, што людзі ў любы момант гатовыя выйсьці і пратэставаць супраць высечкі лесу.

«Узнавілі лагер, але намётаў там мала — толькі два. Абнесьлі ўзьлесак будаўнічай стужкай, на якую навесілі лісты А4 з надпісам «Ахоўваецца народам» і «Секчы лес забаронена», — сказаў Свабодзе жыхар Бараўлянаў Іван Вайтовіч.

«Гэта такі маўклівы супраціў безь людзей. Разам з тым жыхары Бараўлянаў ня маюць намер здавацца, хочуць адстаяць лес. Намётавы лягер у нейкім выглядзе будзе стаяць, пакуль ня будзе яснасьці, што лес чапаць ня будуць. Пакуль такой яснасьці няма. Калі прыедуць зь піламі, то будзем стаяць да канца».

Жыхары Бараўлянаў пратэстуюць супраць высяканьня лесу, будаўніцтва сьцёкавага калектару і пракладкі новай шашы побач з дамамі. Іх падтрымалі насельнікі пасёлкаў Лескаўка, Лясны і Досьледны.

«Гаворка вядзецца пра высечку амаль 5 гектараў лесу, гэта добры такі масіў. Улады хочуць высекчы лес, правесьці туды камунікацыі і пабудаваць там школу і дзіцячы садок. А пасьля будаваць жылыя дамы на суседнім зь лесам полі. Але ў Бараўлянах ужо цяпер існуе праблема недахопу школ і дзіцячых садкоў. Таму мы лічым, што мэтазгодна будаваць іх на свабодным месцы — на полі. Спачатку трэба забясьпечыць інфраструктурай тых, хто ўжо жыве ў Бараўлянах, а пасьля будаваць новае жыльлё».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG