Жыхары вуліцы 40 гадоў Перамогі ў пасёлку Бараўляны каля Менску зладзілі акцыю пратэсту супраць высяканьня лесу і будоўлі каналізацыйнай катлавіны пад вокнамі іхніх дамоў.
Яны прыйшлі на месца высяканьня лесу і сваёй прысутнасьцю і патрабаваньнямі змусілі працаўнікоў лесагаспадаркі спыніць працу. Месьцічы сьцьвярджаюць, што лясны масіў — апошняе месца адпачынку і крыніца сьвежага паветра для ўсіх Бараўлянаў.
Пратэставалі пераважна жанчыны, шмат хто прыйшоў зь дзецьмі. Пратэстоўцы кажуць, што з прычыны плянаў збудаваць паблізу ад жылых дамоў сьцёкавы калектар, які мае зьбіраць сьцёкі з усяго пасёлку, шмат якія маладыя сем’і прадаюць кватэры і пакідаюць Бараўляны.
Заяўляюць таксама, што ўлады належным чынам не праінфармавалі жыхароў аб правядзеньні грамадзкіх слуханьняў, і многія не змаглі ўзяць у іх удзел.
Іншыя цьвердзяць, што дамагаліся перагляду праектнага пляну і пераносу будоўлі сьцёкавага калектара на сотню мэтраў далей, каб можна было захаваць лес. Аднак улады не прыслухаліся да думкі мясцовых жыхароў.
Прыбыў намесьнік генэральнага дырэктара ЖКГ Менскай вобласьці Валеры Садкоў, які адказвае за выкананьне працаў. Ён заявіў, што праект будаўніцтва сьцёкавага калектара ў гэтым месцы прайшоў дзяржаўную экспэртызу і атрымаў усе належныя ўзгадненьні адпаведных дзяржаўных устаноў. Аднак ён пагадзіўся, што ня ўсе жыхары мелі магчымасьць узяць удзел у абмеркаваньні праекту. Таму ён паабяцаў праінфармаваць пра канфлікт вышэйшыя інстанцыі, каб правесьці дадатковае абмеркаваньне.
Адначасна ён паведаміў, што ня мае паўнамоцтваў спыніць высечку лесу. Тым часам за папярэдні дзень ужо павысякалі некалькі сотняў дрэваў. Перамовы пратэстоўцаў з чыноўнікам, акрамя журналістаў, здымаў невядомы чалавек, які не пажадаў назвацца.
Мясцовыя жыхары зьвярнуліся з патрабаваньнем спыніць работы ў пракуратуру, дзяржкантроль і іншыя інстанцыі. Раней яны ў гэтай справе пісалі ў прэзыдэнцкую адміністрацыю, але адказу не атрымалі.