Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Слоніме патрабуюць ад Лукашэнкі спыніць перасьлед прафсаюзу РЭП


Актывіст Міхаіл Сошка
Актывіст Міхаіл Сошка

Прадстаўнікі грамадзкіх арганізацый і палітычных партый гораду Слоніму пачалі збор подпісаў пад лістом да Аляксандра Лукашэнкі з патрабаваньнем неадкладнага вызваленьня Ігара Комліка і спыненьня крымінальнага перасьледу Генадзя Фядыніча.

У лісьце да Лукашэнкі гаворыцца, што дзеяньні ўлады скіраваныя на зьнішчэньне незалежнага прафсаюзнага руху ў Беларусі. Актывіст Міхаіл Сошка, які вядзе збор подпісаў пад лістом да Лукашэнкі, перакананы, што дзеяньні ўлады — помста прафсаюзным лідэрам за актыўную грамадзянскую пазыцыю і абарону сацыяльна-эканамічных інтарэсаў працоўных.

— Незалежныя прафсаюзы — адзіная і, напэўна, апошняя арганізацыя, сябры якой адстойвалі правы простага працоўнага чалавека. Колькім людзям дапамаглі ў судах, напісаньні скаргаў... Усё гэта вельмі абурае чыноўнікаў, якія не прывыклі, калі іх позвай выклікаюць на паседжаньне суду. І відавочна, што чыноўнікам аж карціць, каб хутчэй разабрацца з прафсаюзнымі дзеячамі, — гаворыць Сошка.

У лісьце падкрэсьліваецца, што сваімі дзеяньнямі ў дачыненьні дзеячоў незалежнага прафсаюзу беларускія ўлады груба парушаюць Канвэнцыю Міжнароднай арганізацыі працы № 87 «Аб свабодзе аб’яднаньняў». А таксама аўтары ліста патрабуюць неадкладнага вызваленьня Ігара Комліка, спыненьня перасьледу Генадзя Фядыніча і зьняцьця зь іх беспадстаўных абвінавачваньняў.

Копіі звароту таксама накіроўваюць міністру ўнутраных спраў Ігару Шуневіча, а таксама Генэральнаму пракурору Беларусі Аляксандру Канюку.

2 жніўня 2017 году супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў Камітэту дзяржаўнага кантролю Беларусі правялі ператрус і канфіскацыю кампутараў і фінансавых дакумэнтаў у офісе прафсаюзу РЭП і цэнтральнага офісу БНП. Былі затрыманыя старшыня РЭП Генадзь Фядыніч і бухгальтар Ігар Комлік. Фядыніч быў дапытаны і адпушчаны, а Комлік зьмешчаны спачатку ў ізалятар часовага ўтрыманьня, а праз 3 дні — у СІЗА № 1.

10 жніўня Ігару Комліку было выстаўлена абвінавачваньне паводле артыкулу 243, часткі 2 («Ухіленьне ад выплаты падаткаў у асабліва буйным памеры»). Меру стрыманьня Комліку пакінулі ранейшую — ён застаецца ў СІЗА. 11 жніўня абвінавачваньне выстаўлена і Фядынічу. Ён застаецца на волі пад падпіскай аб нявыезьдзе. Фядынічу і Комліку пагражае пакараньне ад 3 да 7 гадоў пазбаўленьня волі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG