Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фядыніч: «Маё сумленьне чыстае. Я ніводнай прафсаюзнай капейкі сабе ў кішэню не паклаў»


Генадзь Фядыніч
Генадзь Фядыніч

Офіс прафсаюзу РЭП на вуліцы Кульман, у якім 2 жніўня адбыўся ператрус, цалкам аднавіў працу, нягледзячы на канфіскацыю аргтэхнікі. Старшыня прафсаюзу Генадзь Фядыніч вядзе тэлефонныя размовы з партнэрамі, яму тэлефануюць з Жэнэвы, зь Міжнароднай арганізацыі працы. На прыём да прафсаюзнага юрыста Юрыя Белякова прыходзяць наведнікі.

Збольшага ў офісе ўжо навялі парадак. Пра нядаўні ператрус, які правялі супрацоўнікі Дэпартамэнту фінансавых расьсьледаваньняў, нагадваюць толькі раскурочаныя сыстэмныя блёкі, выламаныя дзьверы ў кабінэт галоўнага бухгальтара ды пашкоджаныя драўляныя панэлі ў прыёмнай старшыні.

«Ніякіх дакумэнтаў нам не паказалі, акрамя пастановы пракурора аб узбуджэньні крымінальнай справы»

Лідэра прафсаюзаў Генадзя Фядыніча Свабода засьпела ў пятніцу раніцай у працоўным кабінэце. Ён моцна заняты: дзясяткі званкоў на стацыянарны тэлефон, бо мабільны канфіскавалі. Кажа, што офіс працуе ў звычайным рэжыме:

— Нягледзячы на пазаўчорашні пагром, канфіскацыю аргтэхнікі, працу аднавілі. У трох кабінэтах ужо працуе інтэрнэт. Сёньня ўжо чалавек 6 прыйшло па кансультацыю — так што працуем у штатным рэжыме. Каманда ёсьць, каманда будзе працаваць. У панядзелак зьбіраем сход актывістаў.

— Сёньня павінна вырашыцца пытаньне зь мерай стрыманьня для вашага бухгальтара і старшыні Менскай гарадзкой пярвічнай арганізацыі прафсаюзу РЭП Ігара Комліка. Чаго можна чакаць?

— Толькі на тры дні Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў можа затрымаць чалавека для правядзеньня допытаў, далей справа перадаецца ў Сьледчы камітэт і вызначаецца мера стрыманьня яшчэ на 10 дзён. А праз 10 дзён павінна быць выстаўлена абвінавачаньне, і пракурор можа вызначыць меру стрыманьня ўсім астатнім падазраваным, і мне таксама. Так што пакуль ня будзем гадаць і рабіць прагнозы. Усё можа быць. Я гатовы да любога разьвіцьця падзей.

— А якія дакумэнты вам паказалі, у чым канкрэтна абвінавачваюць?

— Ніякіх дакумэнтаў нам не паказалі, акрамя пастановы пракурора аб узбуджэньні крымінальнай справы. Ніхто з нас ні зь якімі матэрыяламі не знаёміўся. Прагучала толькі, што справа за 2011 год. Сказалі, з панядзелка пачнецца рух.

«Падаплёка „наезду“ на нас палітычная»

— У газэце «СБ-Беларусь сегодня» зьявілася інтэрвію начальніка ДФР Ігара Маршалава, які кажа: «службовыя асобы «незалежнай прафсаюзнай арганізацыі ў парушэньне заканадаўства адкрылі ад імя прафсаюзу рахункі ў замежных банках, на якія пастаянна паступалі сотні даляраў...» І што ніякай палітычнай «падаплёкі няма».

— Асабіста маё сумленьне чыстае. Фядыніч ніводнай прафсаюзнай капейкі сабе ў кішэню не паклаў. Калі рабілі ператрус і апісвалі маёмасьць, акрамя машыны 1998 году, тэлевізара і музычнага цэнтру, і апісваць не было чаго. Таму я абсалютна спакойна сябе адчуваю. Але мы ведаем, у якой сыстэме мы жывём.

Так, ДФР таксама працуе і хоча «стрэсьці» з нас падаткі, якія, на іх погляд, мы не сплацілі. Але павінна быць доказная база. Можна казаць пра тысячы нясплачаных падаткаў, пра мільёны прыбыткаў, але гэта толькі словы. Пакуль нам нічога не прадставілі, ніякіх доказаў, дакумэнтаў.

Такая ўвага да нас зьвязаная з узмацненьнем пазыцый самога РЭПа. РЭП — гэта адна зь нешматлікіх дзейсных арганізацый, якая не на словах, а на справе дапамагае людзям. І людзі гэта таксама ведаюць — прыходзяць і працоўныя, і беспрацоўныя, і інваліды, і шматдзетныя маці. Да нас пастаянна зьвяртаюцца па дапамогу, і мы выйграем у судах справы. За мінулы год мы дапамаглі людзям вярнуць 1,5 мільярда недэнамінаваных рублёў, якія ім недаплацілі працадаўцы. Веснавыя акцыі таксама адыгралі сваю ролю. Шмат нашых актывістаў пакаралі вялізнымі штрафамі, суткамі. Тут усё ў комплексе. Пра нас народ ведае, нам верыць. Так што падаплёка «наезду» на нас палітычная, што б ні казалі кіраўнікі ДФР.

Прэс-сакратар прафсаюзу РЭП Мікалай Герасіменка
Прэс-сакратар прафсаюзу РЭП Мікалай Герасіменка

«Жонка цяжка перажывае маральна, але пры ператрусе жартавала»

— А чаму быў такі «карнавал» пры вашым затрыманьні ва ўласнай кватэры? Навошта сурʼёзным людзям з пасьведчаньнямі саліднай структуры трэба было пераапранацца ў форму камунальных службаў? Яны неяк тлумачылі?

— На маю думку, калі ў дзьверы звоніць чалавек у форме супрацоўніка ЖЭСа, яму заўсёды адчыняць дзьверы.

— А як вашы сямейнікі, жонка ўспрынялі ператрус?

— Жонка цяжка перажывае маральна, была ў шоку, яна ніколі з такім не сутыкалася. Дагэтуль яшчэ прыбірае кватэру, наводзіць парадак, бо ператрэсьлі ўсё: вобшук доўжыўся з 9 да 15 гадзін. Пры іх жонка пажартавала: «Калі вы да нас прыйшлі зь ператрусам, то мой муж заслугоўвае, каб яму яшчэ пры жыцьці мэмарыяльную дошку ўсталявалі на доме». Але працавалі яны прафэсійна, відавочна, што яны рыхтаваліся.

— А чаму выцягнулі з нафталіну старую справу 2011 году?

— Мабыць нічога «накапаць» не змаглі. Тэрмін спраў па падатках — 7 гадоў. 2018 год — і ўсё.

— Старшыня БКДП Аляксандар Ярашук два дні таму ў інтэрвію Радыё Свабода, сказаў, што ваш прафсаюз «наламаў дроў», увязаўся ў «рызыкоўныя і небясьпечныя праекты». А ўчора БКДП выступіў з патрабаваньнем тэрмінова вызваліць з-пад варты Ігара Комліка, якога зьмясьцілі на Акрэсьціна. Чаму такая непасьлядоўнасьць?

— Я не хацеў бы камэнтаваць словы і дзеяньні Ярашука. Можа, яму і не даспадобы, з кім мы працуем, але наш прафсаюз сам мае права абіраць партнэраў, праекты. Мы працуем ня толькі з дацкім прафсаюзам «3F». Мы — сябры Глябальнага прафсаюзу «IndustriALL», які абʼядноўвае 52 мільёны працоўных. Мы працуем і зь немцамі, і з расейцамі, літоўцамі, украінцамі, і будзем працягваць працаваць. А выказваньні Ярашука могуць пайсьці яму самому не на карысьць.

Каманда ў нас ёсьць, каманда будзе працаваць. У панядзелак зьбіраем сход актывістаў.

Прафсаюз РЭП выйграе да 90% спраў

У офісе тым часам ідзе праца. Дзяўчаты наводзяць парадак, а юрыст прафсаюзу РЭП Юры Белякоў прымае ўжо чацьвёртага з пачатку дня наведніка:

Юрыст прафсаюзу Юры Белякоў
Юрыст прафсаюзу Юры Белякоў

«Вось зараз сядзіць чалавек. Здавалася б, простая справа. Чалавек звальняўся, яму недаплацілі заробак, ня выплацілі па бальнічнаму лісту. Мы зьвярнуліся ў суд, які прыняў рашэньне: выплаціць усе грошы працаўніку і спагнаць з наймальніка тры сярэднія заработныя платы за тое, што ён ня выплаціў па кантракце заробак. Але фірма вырашыла зрабіць гэтага „скаржніка“ хуліганам — аформілі дакумэнты, быццам бы ён учыніў бойку на працы, і знакамітая судзьдзя Цэнтральнага райсуду Вікторыя Шабуня пакарала яго штрафам у 10 базавых велічыняў. Мы абскардзілі рашэньне ў гарадзкім судзе, справу выйгралі. Мала таго, яшчэ пракурор Цэнтральнага раёну напісаў пратэст, што мала дзяржпошліны спагналі з наймальніка: толькі дзьве базавыя за парушэньне працоўнага заканадаўства. І гарадзкі суд дадаў яшчэ».

Юрыст Юры Белякоў кажа, што прафсаюз РЭП шмат спраў выйграе — да 90%. У асноўным менавіта па працоўных спрэчках. Але шмат зьвяртаюцца і па іншых справах — грамадзянскіх, крымінальных:

«Нядаўна да нас зьвярнулася шматдзетная маці з Зэльвенскага раёну. Камісія па справах непаўналетніх вынесла рашэньне забраць чатырох дзяцей ад маці, райвыканкам пацьвердзіў. У старшыні Дзярэчынскага сельсавету быў канфлікт з гэтай шматдзетнай маці, і яны вырашылі пакараць маці празь дзяцей. Нашы актывісты і юрысты дамагліся адмены пастановы райвыканкаму, дзяцей вярнулі ў сямʼю.

Мы нават па крымінальных справах прадстаўляем інтарэсы людзей. Быў выпадак у Магілёве, калі сяброўку нашага прафсаюзу зьбіў міліцыянт — ён настолькі моцна ўдарыў пэнсіянэрку, што зламаў ёй сківіцу. Наш юрыст прадстаўляў інтарэсы пацярпелай. Два гады цягнецца справа, і дагэтуль міліцыянта не прызналі падазраваным. Ад нашага прадстаўніка Аляксандра Хамратава, які праяўляе настойлівасьць, хочуць пазбавіцца, нам у прафсаюз тэлефанавала сьледчая. Наагул, зьдзіўляе непрафэсіяналізм, які дэманструюць праваахоўныя органы.

Вось і цяпер, калі праводзілі ператрус у нас у офісе, апытвалі і дапытвалі людзей. У прадстаўнікоў ДФР блянкі дакумэнтаў з памылкамі. То бок людзей апытваюць як сьведак, а на блянку напісана: „падазраваны“. І пазначана: тое, што яму стала вядома падчас сьледчых дзеяньняў, нельга разгалошваць. Людзі, натуральна, палохаюцца, што яны ўжо „падазраваныя“. Вось так ціснуць на людзей».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG