Трамп — дурань і варʼят. Такі вэрдыкт значнай, калі не пераважнай часткі аналітычнай супольнасьці ў ЗША і ў Эўропе. Гэта — пра яго пагрозы на адрас КНДР, пра абяцаньне «агню і лютасьці». Гэта ж наўпроставая дарога да вайны — кажуць крытыкі, трэба ісьці дыпляматычным шляхам, даводзяць яны.
Ну, дык гэта і ёсьць дыпляматычны шлях. Хіба Трамп пачаў вайну? Ціск на партнэра — гэта таксама дыпляматыя. Такая дыпляматыя мае вялікую традыцыю, у Амэрыцы ў тым ліку. Зь лёгкай рукі Джона Далеса, дзяржсакратара ў часы Эйзэнхаўэра, у ангельскую мову ўвайшло слоўца brinkmanship — балянсаваньне на мяжы вайны. Дык такімі і былі амэрыкана-савецкія адносіны, бакі ціснулі адзін на аднаго, нагадвалі адзін аднаму пра ядзерную дубінку, якой валодалі. І да вайны гэта не прывяло.
Кэнэдзі падчас карыбскага крызісу не казаў — толькі не вайна. Ён ціснуў, ён абвясьціў марскую блякаду Кубы. Па аналёгіі зь цяперашняй сытуацыяй — ці мог СССР паспрабаваць сілай прарваць блякаду? Мог. Ці рызыкаваў такім чынам Кэнэдзі вайной? Рызыкаваў. А якая была альтэрнатыва? Капітуляцыя, прымірэньне з наяўнасьцю савецкіх ракетаў на Кубе.
Прэзыдэнт Ніксан характарызаваў сваю палітыку адносна камуністычнага блёку выразам «тэорыя варʼята». Паводле яго, строіць зь сябе непрадказальнага варʼята, каб праціўнік лічыў цябе такім — самая рацыянальная лінія паводзінаў у канфрантацыі. Каму ахвота ісьці на лабавое сутыкненьне з варʼятам? Ну, а калі неахвота, то трэба саступаць. Чаго і дамагаўся Ніксан.
Ягоны дзяржсакратар Генры Кісінджэр распавядаў, як пераконваў Брэжнева, што Масква мусіць ісьці на саступкі, бо ў Вашынгтоне сядзіць неўраўнаважаны Ніксан, які можа націснуць на «чырвоную кнопку». Насамрэч Ніксан не зьбіраўся ціснуць на «чырвоную кнопку», але мэты сваёй такая дыпляматыя дасягала.
Балянсаваньне на мяжы было тактыкай Трампа і ў бізнэсе. У інтэрвію Плэйбою ў далёкім 90-м годзе ён казаў : «У бізнэсе трэба ціснуць на людзей амаль да злому — але не ламаючы. Гэта прыкмета добрага бізнэсоўца. Дрэнны будзе ціснуць людзей і пасьля злому».
У адносінах з Кім Чэн Ынам Трымп менавіта так сябе і паводзіць. І гэта дае плён. Варта нагадаць храналёгію падзеяў — КНДР праводзіць ракетныя выпрабаваньні, забароненыя ёй ААН, Рада бясьпекі ААН уводзіць новыя, вельмі жорсткія санкцыі, Пхэньян пагражае Амэрыцы ўдарам, Трамп у адказ прамаўляе пра «агонь і лютасьць», КНДР у адказ пагражае скінуць ракету ў акваторыю вострава Гуам, Вашынгтон паўтарае і нават узмацняе пагрозы, Пхэньян заяўляе, што ўстрымаецца ад пускаў ракетаў па тэрыторыі ЗША.
Дык хто прайграў у гэтым псыхалягічным двубоі? І ці не таму Кім адступіў, што «варʼят» у Вашынгтоне перайграў яго?