Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Узьляцець з Нацыянальнага аэрапорту «Францішак Скарына»


Вячаслаў Ракіцкі
Вячаслаў Ракіцкі

Лячу зь Менску ў Прагу на сьвяткаваньне 500-годзьдзя беларускага кнігадрукаваньня. Самалёт авіякампаніі «Белавія» вылецеў з сутнасна безыменнага Нацыянальнага аэрапорту «Менск-2» і прызямліўся ў праскім міжнародным аэрапорце імя Вацлава Гаўла. Лётнішча «Рузыне», якое мела назву паводле кадастравага месца свайго знаходжаньня, у 2012 годзе перайменавалі ў гонар сапраўднага нацыянальнага героя — драматурга, інтэлектуала, першага прэзыдэнта Чэхіі. І гэтым разам, як і ў мінулыя палёты, мяне перасьледавала адна і тая ж думка: вось бы вярнуцца назад, у Менск, у Нацыянальны аэрапорт імя Францішка Скарыны.

Гэтая ж думка ахоплівала і тады, калі прылятаў я ў іншыя аэрапорты: варшаўскі імя Фрэдэрыка Шапэна, парыскі імя Шарля дэ Голя, вэнэцыянскі імя Марка Пола, нью-ёрскі імя Джона Кенэдзі, іракліёнскі імя Нікаса Казантзакіса (грэцкага пісьменьніка), іншыя. Некалькі сотняў аэрапортаў у сьвеце носяць імёны найвыбітнейшых, знакавых для дзяржаўнасьці ці нацыянальных культураў асобаў. Так ушанаваныя імёны асьветнікаў, гуманістаў, першапраходцаў, палітыкаў, творцаў — Леанарда да Вінчы, Хрыстафора Калюмба, Галілеа Галілея, Вольфганга Амадэя Моцарта, Фэрэнца Ліста... Гэтыя імёны — візытоўкі нацыяў, дзяржаваў. Гэтымі імёнамі яны сустракаюць на сваёй зямлі замежных гасьцей, якія адразу разумеюць, куды прыбылі, кім ганарацца тут, якое месца дзякуючы гэтым імёнам краіна займае ў сьвеце.

Імя беларускага генія Францішка Скарыны, нададзенае лётнішчу, засьведчыла б, што Беларусь — эўрапейская краіна высокай культуры, багатай гісторыі, з укаранёнымі традыцыямі адукацыі, асьветы, свабоднай думкі, якая зрабіла найвялікшы ўнёсак у разьвіцьцё славянскай цывілізацыі.

У 2016 годзе, за год да 500-годзьдзя беларускага кнігадруку, прадстаўнікі беларускай інтэлігенцыі прапанавалі гэтую шыкоўную ідэю кіраўніцтву Беларусі, улучна з Аляксандрам Лукашэнкам і Андрэем Кабяковым. А міністар культуры Барыс Сьвятлоў нават выказаў спадзеў, што да канца году пытаньне будзе вырашанае.

Але мінула вялікая дата — 500 год з таго дня, калі ў Празе Францішак Скарына надрукаваў «Псалтыр», а ідэя так і застаецца ідэяй у асяродзьдзі людзей культуры. Зрэшты, і сам юбілей беларускага друкаванага слова з боку беларускай дзяржавы адзначаны быў вельмі сьціпла, прынамсі, несувымерна яго маштабу і значэньню. Замест гэтага акурат у юбілейныя дні з вуснаў кіраўніка дзяржавы, да якога людзі беларускай культуры і зьвярталіся, чарговым разам прагучалі словы пра непаўнавартаснасьць беларускай мовы. Вось вам, шаноўныя і наіўныя, і ўвесь юбілей!..

За гэтымі словамі хаваецца, напэўна ж, галоўная прычына, чаму ідэю перайменаваньня аэрапорту не ўхвалілі на самым версе: такое ўжо ў іх стаўленьне да нацыянальнай гісторыі і культуры.

Адзін жа з маіх сяброў-калегаў кажа, што на постсавецкай прасторы падобнай традыцыі надаваць аэрапортам імёны выбітных нацыянальных герояў няма. Маўляў, так робяць толькі на Захадзе. Рэальна — яно так. Але ж калі мы любім падкрэсьліваць, што належым да эўрапейскай супольнасьці народаў, дык чаму б не далучацца да іхніх практык? А імя Скарыны, да таго ж, яшчэ і сымбаль культурных і адукацыйных повязяў беларусаў з эўрапейцамі: менавіта гэты полацкі хлопец паўтысячы гадоў таму праклаў дарогу ў Эўропу, даў прыклад таму, як можна, застаючыся беларусам, вучыцца і ствараць у іншых краінах.

Што да постсавецкай прасторы, дык тут існуюць іншыя прыклады наданьня аэрапортам імёнаў — перадусім імёнаў уладароў пры іхнім жыцьці. Вось у Ашгабадзе, сталіцы Туркмэністану, з 1994 да 2016 году лётнішча насіла імя прэзыдэнта краіны Сапармурата Ніязава. А ў чэрвені сёлета аэрапорт Астаны, сталіцы Казахстану, перайменавалі ў гонар дзейнага прэзыдэнта Нурсултана Назарбаева. Называецца ён цяпер — «Міжнародны аэрапорт Нурсултан Назарбаеў».

Мо і ў Беларусі ня хочуць называць аэрапорт імем Скарыны, зьберагаючы «вакансію» для імя іншага чалавека? Таго самага, ад волі якога залежыць у гэтай краіне любое рашэньне?

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

  • 16x9 Image

    Вячаслаў Ракіцкі

    Вячаслаў Ракіцкі – беларускі журналіст, тэатральны і кінакрытык, рэжысэр і сцэнарыст дакумэнтальнага кіно, перакладчык. Кандыдат мастацтвазнаўства. Сябра Саюзу беларускіх пісьменьнікаў і Беларускай асацыяцыі журналістаў. Аўтар Радыё Свабода з 1997 году.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG