Лінкі ўнівэрсальнага доступу

ТВ Паўночнай Карэі: 3,5 млн рабочых гатовыя пайсьці ў войска для змаганьня з ЗША


У суботу, 12 жніўня, тэлевізія КНДР паведаміла пра тое, што каля 3,5 мільёнаў працоўных і членаў партыі гатовыя ўступіць у Народную армію, каб супрацьстаяць новым санкцыям ААН і змагацца са Злучанымі Штатамі.

Апошнімі днямі ўзрастае напружанасьць у адносінах паміж ЗША і КНДР. 8 жніўня ўлады КНДР заявілі, што узважваюць магчымасьць нанясеньня ракетнага ўдару па ціхаакіянскім востраве Гуам, на якім разьмешчана база стратэгічных бамбавікоў арміі ЗША. Рэакцыя прэзыдэнта ЗША на гэтыя пагрозы была вельмі рэзкая.

Кіраўнік Пэнтагону Джэймс Мэтыс таксама папярэдзіў улады Паўночнай Карэі аб недапушчальнасьці ваяўнічай рыторыкі і пагроз, і заявіў, што яны прывядуць у выніку да скіданьня рэжыму і зьнішчэньня насельніцтва гэтай краіны.

У пятніцу, 11 жніўня, прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп патэлефанаваў губэрнатару Гуаму Эдзі Кальва, каб выказаць яму сваю падтрымку. «Вы ў бясьпецы, і мы з вамі на тысячу працэнтаў», — сказаў Трамп.

Прэзыдэнт ЗША параіў губэрнатару Гуаму не турбавацца і падкрэсьліў, што пагрозы Пхеньяну могуць толькі спрыяць разьвіцьцю турызму на востраве, пра які — дзякуючы пагрозам з боку Паўночнай Карэі — даведаліся ва ўсім сьвеце.

Таксама адбылася тэлефонная размова Трампа са старшынём КНР Сі Цзіньпінам. Кітайскі лідэр пагадзіўся з прэзыдэнтам ЗША ў тым, што Паўночная Карэя мусіць неадкладна спыніць сваю правакацыйную рыторыку.

Тым часам адміністрацыя Гуаму, як перадаюць амэрыканскія СМІ, апублікавала рэкамэндацыі насельніцтву выспы на выпадак ядзернай атакі КНДР. Людзям на востраве нагадваюць аб тым, што ў выпадку зьяўленьня ўспышкі або шарападобнай маланкі, ім ня варта глядзець на яе, каб не асьлепнуць. У правілах паведамляецца, дзе астраўляне могуць бясьпечна схавацца, а таксама паказваецца, што некаторыя радыеактыўныя часьцінкі могуць назапашвацца на вопратцы, скуры і валасах. Адначасова адміністрацыя Гуаму падкрэсьліла, што востраў у дастатковай меры абаронены ад ракетных удараў КНДР.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG