Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Карл Увэ Кнаўсгар і лісты ненароджанай дачцэ


«Энцыкляпэдыя пораў году» Карла Увэ Кнаўсгара
«Энцыкляпэдыя пораў году» Карла Увэ Кнаўсгара

Пачну з разгорнутай цытаты:

Ліст ненароджанай дачцэ

28 ЖНІЎНЯ. Цяпер, калі я пішу гэта, ты нічога ня ведаеш пра тое, што цябе чакае і ў якім сьвеце ты апынесься. А я нічога ня ведаю пра цябе. Я паглядзеў ультрагукавую карцінку і патрымаў руку на жываце, у якім ты ляжыш, і гэта ўсё. Да твайго нараджэньня застаецца шэсьць месяцаў, і за гэты час можа здарыцца што заўгодна, але я веру, што жыцьцё — моцная і незваротная штука, што ўсё з табою будзе добра і што ты народзісься здаровай, жвавай і дужай. Убачыш дзённае сьвятло, як кажуць. Калі нарадзілася твая найстарэйшая сястра, Ван’я, на дварэ была ноч, цемра, у якой вірылі сьняжынкі. Якраз перад момантам, калі яна паказалася, адна з акушэрак штурхнула мяне і сказала, вы прымайце, і я прыняў яе, маленькае дзіцянё сьлізганула ў мае рукі, гладкае як нэрпа. Я заплакаў ад шчасьця. Калі праз паўтара году нарадзілася Гейды, увосень, на дварэ было

да твайго нараджэньня застаецца шэсьць месяцаў, і за гэты час можа здарыцца што заўгодна, але я веру, што жыцьцё – моцная і незваротная штука, што ўсё з табою будзе добра

пахмурна, холадна і вогка, як бывае ў кастрычніку, яна зьявілася на сьвет папоўдні, роды прайшлі хутка, і калі паказалася яе галоўка, але астатняе цела было яшчэ ў нутры, яна ціха прыцмокнула губамі, гэта была такая напоўненая радасьцю хвіліна. Джон, так называецца твой старэйшы брат, прыйшоў на сьвет у каскадзе вады і крыві, у пакоі бяз вокнаў, адчуваньне было такое, быццам мы ў бункеры, і калі я выйшаў вонкі, каб пазваніць вашым дзядам, мяне зьдзівіла, што на дварэ сьветла і што жыцьцё ідзе далей, быццам нічога асаблівага ня здарылася. Гэта было 15 жніўня 2007, гадзіне а пятай або шостай раніцы, у Мальмё, куды мы зьехалі на лета. Увечары мы пераехалі ў гатэль для пацыентаў, а празь дзень я прывёз туды твае сёстры, якія добра павесяліліся, паклаўшы на галаву браціка зялёную гумовую яшчарку. Ім у той час было тры з паловай і амаль два гады. Я тады зрабіў здымкі, нейкага дня і ты іх паглядзіш.

Так яны ўбачылі дзённае сьвятло. Цяпер яны падрасьлі, прызвычаіліся да сьвету, і самае асаблівае ў іх тое, што яны непадобныя адно да аднаго, што яны зусім розныя асобы, і што яны ўвесь час былі такія, ад самай першай хвіліны. Я спадзяюся, што і з табою будзе так сама, што ты ўжо такая, якою хочаш быць. (…)

Усё тое фантастычнае, якое ты неўзабаве напаткаеш і ўбачыш, вельмі лёгка страціць зь відавоку, і зрабіць гэта можна на столькі спосабаў, колькі людзей на сьвеце. Якраз таму я пішу гэтую кнігу для цябе. Я хачу паказаць табе сьвет, такі, які ён ёсьць вакол нас, увесь час. Толькі робячы гэта, я сам магу ўбачыць яго.

Дзеля чаго варта жыць?

Ніводнае дзіця не задае гэтага пытаньня. Для дзяцей жыцьцё не патрабуе апраўданьняў. Жыцьцё для іх апраўдваецца само сабою:

для дзяцей жыцьцё не патрабуе апраўданьняў

ня мае значэньня, добрае яно ці благое. Гэта таму, што яны не глядзяць на сьвет, не назіраюць за сьветам, а знаходзяцца настолькі глыбока ў сьвеце, што ня бачаць розьніцы паміж ім і сабою. Толькі калі гэта адбываецца, калі ўзьнікае прагал паміж тым, чым ёсьць яны, і тым, чым ёсьць сьвет, зьяўляецца пытаньне: Дзеля чаго варта жыць?

Ці ня дзеля таго пачуцьця, зь якім мы націскаем клямку і піхаем дзьверы, адчыняючы іх на калідор або з калідору, увесь час лёгка і падатліва, і ўваходзім у новы пакой?

Так, адчыняць дзьверы — усё роўна што ўзмахваць крылом, і толькі дзеля гэтага варта жыць.

Калі мы пражылі шмат гадоў, дзьверы для нас становяцца відавочнасьцю. Дом становіцца відавочнасьцю, сад становіцца відавочнасьцю, неба і мора становяцца відавочнасьцю, нават месяц,

калі мы пражылі шмат гадоў, дзьверы для нас становяцца відавочнасьцю

які вісіць і сьвеціць над дахамі дамоў уначы, становіцца відавочнасьцю. Сьвет апраўдваецца сам сабою, але мы яго ня слухаем, і паколькі мы ўжо не знаходзімся ў яго глыбіні і не перажываем яго як частку нас саміх, ён як быццам зьнікае для нас. Мы адчыняем дзьверы, але гэта нічога ня значыць, гэта нішто, усяго толькі тое, што мы пераходзім з аднаго пакоя ў іншы.

Я хачу паказаць табе наш сьвет такім, якім ён ёсьць тут і цяпер: дзьверы, падлогу, кран і рукамыйнік, крэслы ля сьцяны пад кухонным вакном, сонца, ваду, дрэвы. Ты некалі ўбачыш гэта на свой уласны спосаб, ты некалі зробіш свае ўласныя адкрыцьці і пачнеш жыць сваім уласным жыцьцём, таму само сабой разумеецца, што я раблю гэта перш за ўсё для сябе: паказаць табе сьвет, мая малюта, гэта тое, дзеля чаго варта жыць.

Варта было дачытаць цытату да канца, праўда?

Гэта пачатак кнігі «Om høsten» («Увосень») нарвэскага пісьменьніка Карла Увэ Кнаўсгара (Karl Ove Knausgård, нар. 1968), якая зьяўляецца першай часткай тэтралёгіі, напісанай для ягонай найменшай дачкі. Як па мне, гэта адзін з найбольш уражальных пачаткаў у сучаснай літаратуры. У кожным разе, калі я першы раз прачытаў яго, толькі што разгарнуўшы пасылку з нарвэскай кнігарні, у маіх вачах закруціліся сьлёзы. Ня помню, калі са мною было падобнае пры чытаньні літаратуры. Магчыма, гадоў сорак таму…

Карл Увэ Кнаўсгар
Карл Увэ Кнаўсгар

Дзьве першыя кнігі — «Увосень» і «Ўзімку» — пісаліся аўтарам, калі ягоная дачка яшчэ не нарадзілася, а таму ў іх зьмешчаны такія вось «лісты ненароджанай дачцэ», як гэты, які адкрывае тэтралёгію. Дзьве наступныя кнігі — «Увесну» і «Ўлетку» — Кнаўсгар напісаў ужо пасьля нараджэньня дзяўчынкі.

Тэтралёгія Кнаўсгара пад умоўнай назвай «Энцыкляпэдыя пораў году» («Årstid encyklopedien») выйшла ў Нарвэгіі ў 2015—2016 гг. і выклікала ня меншае зацікаўленьне і ўхваленьне чытачоў і крытыкаў, чым ягоны шасьцітомны аўтабіяграфічны цыкл «Мая барацьба» («Min kamp», 2009–2011), які ўчыніў яго міжнароднай літаратурнай знакамітасьцю.

Цяжка вызначыць жанр гэтай чатырохтомнай «энцыкляпэдыі», якая складаецца з кароткіх, на дзьве з паловай старонкі, эсэ пра навакольную рэчаіснасьць і пра «відавочнасьці», знаёмыя кожнаму з нас. Вось некаторыя назвы гэтых эсэ: «Яблыкі», «Восы», «Плястмасавыя торбы», «Цэрквы», «Сікуны», «Гадзюкі», «Самота», «Ван Гог», «Тэлефоны», «Гузікі», «Вочы» («Увосень»); «Месяц», «Дзень нараджэньня», «Калядныя падарункі», «Вароны», «Сэксуальная цяга», «Размова», «Боты з халявамі», «70-тыя гады», «Вокны» («Узімку»); «Летні дождж», «Кажаны», «Граблі», «Млосьці», «Адзеньне», «Цынізм», «Цырк» («Улетку»). Толькі ў адным, трэцім томе («Увесну») эсэ саступаюць месца больш-менш «літаратурнаму» расповеду, але і ён абапіраецца на аўтабіяграфічнае, перажытае пісьменьнікам у (не)звычайным штодзённым сьвеце, які ён «паказвае» сваёй дачцэ, сабе самому, ну і нам, чытачам. «Энцыкляпэдыя пораў году» гэта, безумоўна, нонфікшн, але адначасова дзёрзкі літаратурны экспэрымэнт і захапляльны пошук адказу на пытаньне, дзеля чаго мы жывем і дзеля чаго варта жыць.

Карл Увэ Кнаўсгар «зрабіў сабе імя» ў нарвэскай літаратуры ўжо дэбютнай кнігай, тоўстым раманам «Ute av verden» («Упрочкі ад сьвету») з 1998 году. Раман атрымаў прэстыжную Літаратурную прэмію нарвэскіх крытыкаў (упершыню прэмію прысудзілі дэбютанту) і раскупляўся чытачамі ў атмасфэры літаратурнага скандалу і ажыятажу як «нарвэская Лаліта» (у першай частцы кнігі аўтар апісвае эратычны досьвед галоўнага героя, настаўніка ў вясковай школе ў Паўночнай Нарвэгіі, з 13-гадовай вучаніцай).

Шасьцітомны аўтабіяграфічы раман «Мая барацьба» Карла Увэ Кнаўсгара
Шасьцітомны аўтабіяграфічы раман «Мая барацьба» Карла Увэ Кнаўсгара

Другая кніжка пісьменьніка — «Tid for alt» («Час для ўсяго») — таксама вельмі асаблівая. У ёй Кнаўсгар паказвае героя, які піша гісторыю анёлаў на зямлі ад стварэньня сьвету да сёньняшняга дня, абапіраючыся, сярод іншага, на забыты трактат аднаго італьянца з 16 стагодзьдзя (фіктыўнага пэрсанажа). Падкаванасьць Кнаўсгарда ў Бібліі і тэалягічнай літаратуры настолькі ўразіла ўсіх у Нарвэгіі, што яго ўзялі як экспэрта у камісію па рэдагаваньні найноўшага нарвэскага перакладу Сьвятога Пісаньня.

Але, як я ўжо згадаў, opus magnum Кнаўсгара — гэта шасьцітомнік «Мая барацьба» (3,5 тысячы старонак), у якім ён літаратурна «апрацаваў» сваю біяграфію. Выхад у сьвет гэтага твору, дзе сямейнікі, сябры і знаёмыя пісьменьніка выступаюць пад уласнымі імёнамі, выклікаў у роднай краіне шмат засьцярог і пратэстаў. Кнаўсгард быў вымушаны пераехаць у Швэцыю, каб неяк заглушыць літаратурны скандал, справакаваны ягонай кнігай.

Нэўтралізаваць скандал, як здаецца, пісьменьніку ўдалося толькі часткова: у скандынаўскай прэсе летась я прачытаў, што Кнаўсгара пакінула другая жонка, швэдзкая пісьменьніца Лінда Бострам Кнаўсгар і маці ягоных чацьвярых дзяцей, дэпрэсію і псыхіятрычнае лячэньне якой ён вельмі адкрыта апісаў у шостым томе «Min kamp» (загаловак гэтага аўтабіяграфічнага цыклу, зразумела, перагукваецца са змрочным опусам Адольфа Гітлера «Mein Kampf»).

Швэдзкая пісьменьніца Лінда Бострам Кнаўсгар
Швэдзкая пісьменьніца Лінда Бострам Кнаўсгар

Азвалася і першая жонка Кнаўсгара, зь якой ён разышоўся ў 1999 годзе — яна дала зразумець публіцы, што стала «ахвярай» літаратурнай амбіцыі пісьменьніка, які, маўляў, палюбіў літаратуру мацней, чым яе.

Безумоўна, мне вельмі шкада і першай жонкі Кнаўсгара, і тым больш другой. Але сапраўдны пісьменьнік, як мяркую, так і павінен любіць. Літаратуру значна мацней, чым жонку.

А вось цяпер Кнаўсгар выдаў «Энцыкляпэдыю пораў году» — яшчэ адзін асабісты твор, які зноў стаў літаратурным бэстсэлерам у Нарвэгіі. Гэтым разам, аднак, абышлося без скандалу і эпатажу. Магчыма, пісьменьнік падумаў — а што будзе, калі ягоная наймалодшая дачка вырасьце і захоча прачытаць гэтае пасланьне, скіраванае да яе?

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG