У апошнія тры гады насельніцтва Беларусі перастала зьмяншацца, але ў асноўным праз прыток імігрантаў.
Інфармацыйнае агенцтва БелаПАН распавядае пра шэраг абставінаў, якія могуць перашкодзіць прыросту насельніцтва Беларусі.
Самыя актыўныя парадзіхі і «пастка беднасьці»
Канцэпцыя сацыяльна-эканамічнага разьвіцьця да 2020 году прадугледжвала, што колькасьць насельніцтва Беларусі толькі захаваецца на цяперашнім узроўні, гаворкі пра рост не было.
Паводле дзяржаўнай статыстыкі, найбольшая нараджальнасьць цяпер назіраецца сярод жанчын зь сельскай мясцовасьці ўва ўзросьце 20–24 гадоў, прычым сярод іх адбываецца рост нараджальнасьці: ад 149 дзяцей на 1000 жанчын у 2010 годзе да 256 дзяцей у 2016-м. У гарадах жа ў гэтым узросьце нараджальнасьць упала за тыя гады з 78 да 68 дзяцей на 1000 жанчын.
Пры гэтым 18,6% сельскіх жанчын нараджалі, ня быўшы ў шлюбе, а ў гарадах такіх парадзіх было толькі 11,7%. Акрамя таго, 10% сельскіх жыхароў адносяцца да малазабясьпечаных пластоў насельніцтва, калі ў гарадах такіх толькі 4,2%. Эканамісты мяркуюць, што ў асобных сельскіх паселішчах узровень беднасьці ўжо сягае 15-20%.
Экспэрты Беларускага эканамічнага дасьледча-адукацыйнага цэнтру (BEROC) разважаюць, што выплаты на дзяцей вядуць да зьніжэньня эканамічнай актыўнасьці ў сельскай мясцовасьці. Пры пражытковым мінімуме ў 197,57 рубля выплаты на догляд першага дзіцяці складаюць штомесяц 278,88 рубля, на другое дзіця і наступных — 318,72 рубля. Г. зн. амаль як заробак, на які можа разьлічваць селянін.
«Адпаведна, жанчыны ў сельскай мясцовасьці схільныя заводзіць дзяцей у маладзейшым узросьце. Пры гэтым у дзяцей, народжаных у такіх сем’ях, высокая рызыка патрапіць у так званую „пастку беднасьці“. Яна выяўляецца ў тым, што дзецям у сям’і зь нізкім узроўнем даходу значна цяжэй разьлічваць на высокі ўзровень адукацыі. Таму ў такіх дзяцей магчымасьці атрымаць годны ўзровень жыцьця ніжэйшыя», — адзначае экспэрт Інстытуту прыватызацыі і мэнэджмэнту Глеб Шымановіч. Ён дадае: праз гэта першаснай задачай дзяржавы ў правінцыі мае быць стымуляваньне эканамічнай актыўнасьці.
«У адказ на выплаты яны пачынаюць больш нараджаць, — пагаджаецца з Шымановічам акадэмічная дырэктарка BEROC Кацярына Барнукова. — Праблема ў тым, што магчымасьці гадаваць дзяцей у такіх сем’ях істотна ніжэйшыя, і ўзьнікаюць пытаньні да якасьці творанага чалавечага капіталу».
Нават дваіх нараджаць не сьпяшаюцца
Зь іншага боку, вышэйшы ровень даходаў, характэрны для гарадзкога насельніцтва, часта не стымулюе стварэньня шматдзетных сем’яў. Досьвед эўрапейскіх краін гэта пацьвярджае: Барнукова прыводзіць у прыклад Швэцыю, дзе і даходы значна вышэйшыя за Беларусь, і сацыяльная падтрымка вышэйшая, а нараджальнасьць не перавышае дваіх дзяцей на жанчыну (для натуральнага росту насельніцтва павінна перавышаць).
Больш за тое, эканамічная сытуацыя ў Беларусі апошнія шэсьць гадоў не спрыяе таму, каб сем’і заводзілі нават дваіх дзяцей, дадаюць экспэрты: даходы то растуць, то падаюць, а брак стабільнасьці ўплывае на гатоўнасьць нараджаць.
«Цяпер у Беларусі пастаўленая (як была пастаўленая і 12 гадоў таму — РС) задача вывесьці сярэдні заробак на ровень 500 даляраў, і калі мы гэтую мэту дасягнем у канцы 2017-га, то гэта будзе штучных рост даходаў, а значыць, наўрад ці такі паказьнік можа быць устойлівым. Існуе рызыка, што значныя ваганьні даходаў насельніцтва захаваюцца», — дадае Барукова.
Таксама на жаданьне нараджаць можа паўплываць падвышэньне пэнсійнага ўзросту (жанчынам з 55 да 58 гадоў, мужчынам з 60 да 63 гадоў да 2020 году) і магчымасьць нават большага яго падвышэньня (65 год мужчынам і жанчынам), бо «многія беларусы спадзяюцца сёньня на дапамогу бабуляў і дзядуляў у выхаваньні дзяцей», тлумачыць Барукова.