Пра гэта паведамляе агенцтва навінаў «Интэрфакс» са спасылкай на прэс-сакратара амбасады ЗША ў Расеі Марыю Олсан. «Мы ня можам трапіць на лецішча, каб забраць тыя рэчы, што засталіся там», — цытуе дыпляматку агенцтва.
28 ліпеня Міністэрства замежных спраў Расеі абвясьціла, што доступ да лецішча амбасады ЗША ў Срэбным бары павінен быць прыпынены з 1 жніўня. Расейскія ўлады таксама абвясьцілі аб скарачэньні колькасьці супрацоўнікаў амэрыканскай дыпляматычнай місіі ў Расеі. Рашэньне было прынятае ў адказ на законапраект аб узмацненьні санкцый адносна Расеі, прыняты Кангрэсам ЗША.
Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін заявіў, што пад скарачэньне трапяць 755 супрацоўнікаў амэрыканскай дыпляматычнай місіі ў Расеі. Сярод іх і грамадзяне ЗША, і расейскія супрацоўнікі. Штат місій будзе складаць ня больш за 455 чалавек — столькі ж, колькі працуе ў расейскіх дыпляматычных місіях у ЗША.