Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Перадсьмяротная запіска Купалы і яшчэ 6 рэчаў з выставы пра рэпрэсаваных літаратараў

Нож, якім Янка Купала, верагодна, спрабаваў учыніць самагубства, ягоная перадсьмяротная запіска, прадметы з раскопак у Курапатах і іншае.

4 кастрычніка ў Купалаўскім музэі адкрылася выстава «Страчаныя абліччы», прысьвечаная беларускім літаратарам, якія пацярпелі ад рэпрэсій у 1920-1950-я гады. У аснове экспазыцыі рэчы і матэрыялы, зьвязаныя з асобай Янкі Купалы. Вакол іх — турэмныя фотаздымкі, ліставаньне зь блізкімі, матэрыялы асабістых спраў і іншыя дакумэнты, якія расказваюць пра рэпрэсіі супраць беларускіх паэтаў і пісьменьнікаў.

«Ідэя выставы ў нашым музэі нарадзілася год таму. За год яе атрымалася рэалізаваць, — расказвае куратар выставы і аўтар ідэі, старшы навуковы супрацоўнік музэя імя Янкі Купалы Павал Каралёў. — У мяне пытаюцца, які экспанат больш за ўсё кранае. Але я не магу адказаць, таму што кранае кожная рэч. На гэтай выставе адлюстраваны ўвесь працэс. Ад пачатку падазрэньняў — да нашай беларускай ідэі, першых допытаў, першых арыштаў, працэс высылкі і ўрэшце расстрэлу. Кожны этап тут ёсьць. Гэтае мастацкае ўвасабленьне дазваляе больш поўна ўсё адчуць».

У экспазыцыю ўвайшлі рэчы і дакумэнты з фондаў чатырох музэяў: Дзяржаўнага літаратурнага музэю Янкі Купалы, Нацыянальнага гістарычнага музэю, Архіву-музэю літаратуры і мастацтва, Дзяржаўнага музэю гісторыі беларускай літаратуры. Выстава будзе дзейнічаць да 2 лістапада, супрацоўнікі музэю Янкі Купалы выказваюць надзею, што паглядзець «Страчаныя абліччы» прыйдзе вялікая колькасьць людзей.

«Запрашайце сяброў, знаёмых. У нас будуць арганізаваныя экскурсіі па выставе... Калі ласка, пастарайцеся паглядзець яе. Сюды можна прыходзіць не адзін раз», — дадае Каралёў.

Свабода выбрала сем экспанатаў з экспазыцыі «Страчаныя абліччы».


16x9 Image

Уладзь Грыдзін

Журналіст Радыё Свабода

XS
SM
MD
LG