Як стала вядома Радыё Свабода ад саміх крымчанаў, сьвятла, у прыватнасьці, няма ў дамах жыхароў Сімфэропалю, Севастопалю, Ялты, Керчы, Фэадосіі і Судака.
Адключэньне электраэнэргіі на ўсёй тэрыторыі паўвострава пацьвярджаюць і ў падкантрольным Крамлю Міністэрстве паліва і энэргетыкі Крыму. Паводле профільнага міністра Вадзіма Беліка, Крым «цалкам застаўся безь сьвятла» з-за аварыі на Кубані.
Паводле крымскіх СМІ, усе чатыры лініі энэргамоста, што вядуць з Расеі ў анэксаваны Крым, адключаныя. Празь некаторы час пачалі паступаць паведамленьні пра частковае аднаўленьне электраэнэргіі, аднак пацьвярджэньня гэтай інфармацыі з афіцыйных крыніцаў пакуль няма.
З-за аварыі на рэзэрвовыя крыніцы сілкаваньня перайшлі абʼекты Чарнаморскага флёту Расеі. Аднак афіцыйны прадстаўнік флёту Вячаслаў Трухачоў заявіў, што блэкаўт «ніяк не паўплываў на боегатоўнасьць».
У расейскім Міністэрстве энэргетыкі прычынай крымскага блэкаўту назвалі анамальную сьпякоту. Паводле інфармацыі прэс-службы ведамства, менавіта яна прывяла да аварыйнага адключэньня лініяў электраперадач.
У анэксаваным Крыме ў пятніцу, 28 ліпеня, адбыўся чарговы блэкаўт – з-за аварыі ў Краснадарскім краі Расеі паўвостраў апынуўся цалкам абясточаным.
Самае папулярнае
1