Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Трамп: «Я ня меў патрэбы ў дапамозе Расеі для атрыманьня кампрамату на Клінтан»


Прэзыдэнт ЗША Дональд Трамп раскрытыкаваў высокапастаўленых чыноўнікаў, якія ўдзельнічалі ў расьсьледаваньні спробаў расейскага ўплыву на выбары ў 2016 годзе, і сказаў, што яму не патрэбна была дапамога Расеі для атрыманьня кампрамату на яго суперніцу Гілары Клінтан.

У інтэрвію газэце New York Times 19 ліпеня Трамп падтрымаў свайго сына, сказаўшы, што нічога асаблівага не было ў ходзе яго сустрэчы з расейскім адвакатам Натальяй Весяльніцкай, таму што «яму не патрэбна дапамога Расеі па выкопваньні нэгатыўнай інфармацыі аб Клінтан — яму ўжо было больш чым дастаткова». «Я ня мог сказаць пра Гілары Клінтан нічога горшага, чым я ўжо казаў», — сказаў ён у інтэрвію New York Times.

Выказваньні Трампа ў інтэрвію New York Times, апублікаваным 19 ліпеня, сталі вядомыя тады, калі Заканадаўчы камітэт Сэнату ЗША абвясьціў, што старэйшы сын Трампа Дональд Трамп-малодшы і былы кіраўнік яго выбарчай кампаніі Пол Манафорт пагадзіліся даць паказаньні на наступным тыдні пра сустрэчу з расейцамі падчас выбарчай кампаніі, калі ім паабяцалі даць інфармацыю, якая кампрамэтуе Клінтан.

Расейскі юрыст Наталья Весяльніцкая, якая сустрэлася ў хмарачосе Trump Tower у Нью-Ёрку з Трампам-малодшым у чэрвені 2016 году, гатовая была даць інфармацыю пра тое, што Расея незаконна фінансавала Нацыянальны Дэмакратычны камітэт. Пра гэта яшчэ адзін удзельнік сустрэчы паведаміў агенцтву Associated Press.

Раней у гэтым месяцы Трамп-малодшы апублікаваў паведамленьні электроннай пошты, зь якіх вынікае, што ён быў ахвотны вывучыць інфармацыю аб Клінтан, якую гатовая была прапанаваць Весяльніцкая. Ён таксама праінфармаваў, што ў гэтай інфармацыі не было нічога такога, што можна было выкарыстоўваць у ходзе выбарчай кампаніі.

Расейскі адвакат Весяльніцкая сказала, што гатовая даць паказаньні аб сустрэчы ў Trump Tower, аднак ні адзін з камітэтаў у Кангрэсе, якія расьсьледуюць расейскі сьлед у выбарчай кампаніі, яе не запрашаў.

Падчас інтэрвію New York Times прэзыдэнт ЗША таксама ўпершыню раскрыў, што ў другой размове, якую ён правёў з прэзыдэнтам Расеі Ўладзімірам Пуціным на саміце G20 у Нямеччыне, яны ў асноўным жартавалі і абмяркоўвалі пытаньне аб усынаўленьнi амэрыканцамі расейскіх сіротаў. Пуцін забараніў амэрыканцам усынаўляць дзяцей з Расеі ў 2012 годзе пасьля таго, як Злучаныя Штаты прынялі санкцыі ў дачыненьні да расейцаў, абвінавачаных у парушэньнях правоў чалавека.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG