Беларуская дэлегацыя не галасавала па праекце рэзалюцыі пра ўзнаўленьне тэрытарыяльнай цэласнасьці Ўкраіны на сэсіі Парлямэнцкай асабмлеі АБСЭ якая праходзіць ў Менску.
Рэзалюцыя была прынятая большасьцю галасоў. Прадстаўнікі Расеі галасавалі супраць.
Як паведамляе карэспандэнтка Радыё Свабода, ў галасаваньні ад Беларусі ўдзельнічаў толькі адзін дэлегат Валер Варанецкі, які ўстрымаўся.
У нас няма права сёння, як у краіны, якая зьяўляецца пляцоўкай перамоваў, станавіцца на чыйсьці бок.
Варанецкі гэтак пракамэнтаваў паводзіны беларускай дэлегацыі. «У нас няма права сёння, як у краіны, якая зьяўляецца пляцоўкай перамоваў, станавіцца на чыйсьці бок».
У рэзалюцыі «Ўмацаваньне ўзаемнага даверу і супрацоўніцтва ў імя міру і працьвітаньня ў рэгіёне АБСЭ», сярод іншага, прызнаецца, што «пэўныя раёны Данецкай і Луганскай абласьцей» знаходзяцца пад кантролем «расейскіх гібрыдных сіл».
Расейская дэлегацыя выступіла з пратэстам супраць гэтага праекту, прапанаваўшы выключыць з тэксту рэзалюцыі палажэньне пра «расейска-гібрыдныя войскі» на Данбасе. У прыватнасьці, прадстаўнік Расеі Пётар Талстой заявіў, што на Данбасе няма расейскіх войскаў, гэта ўнутраны канфлікт Украіны.
Аднак і дэпутатка са Швэцыі, дакладчыца Маргарэт Сэдэрфэльт, і прадстаўнікі Ўкраіны выступілі супраць, а пры галасаваньні расейская дэлегацыя засталася ў меншасьці.
Важна падтрымаць мір ва Ўкраіне, спыніць расейскую агрэсію і выканаць менскія дамоўленасьці.
«Важна падтрымаць мір ва Ўкраіне, спыніць расейскую агрэсію і выканаць менскія дамоўленасьці», — сказала Сэдэрфэльт.
У прынятай рэзалюцыі гучыць таксама заклік да Расеі «як дзяржавы, якая акупуе» Крым, забясьпечыць бесьперашкоднае перамяшчэньне місіі АБСЭ па тэрыторыі паўвострава, падтрымаць Менскі мэмарандум па ўрэгуляваньні сытуацыі на Данбасе. У дакумэнце заклікаюць Расею спыніць акупацыю Данбасу і Крыму і дэкляруюць «павагу да замацаваных у Хэльсынскім Заключным акце прынцыпаў непарушнасьці межаў і тэрытарыяльнай цэласнасьці, мірнага ўрэгуляваньня спрэчак, раўнапраўя і самавызначэньня народаў», заклікаюць Расею «ўстрымацца ад агрэсіўнай практыкі і адмяніць рашэньне аб незаконнай анэксіі Аўтаномнай Рэспублікі Крым».
Узброены канфлікт на ўсходзе Ўкраіны пачаўся вясной 2014 году пасьля расейскай анэксіі Крыму. Украіна і Захад абвінавачваюць Расею ў збройнай падтрымцы сэпаратыстаў. Крэмль адкідае гэтыя абвінавачаньні і заяўляе, што на Данбасе могуць знаходзіцца хіба што расейскія «добраахвотнікі». Па дадзеных ААН, на Данбасе ад пачатку канфлікту загінулі больш за 9,9 тысячы чалавек. Гэтаксама Масква адмаўляе незаконнасьць акупацыі ўкраінскага Крыму і называе яе «ўзьяднаньнем».