Ідэю акцыі 7 ліпеня падтрымаў і Беларускі нацыянальны кангрэс. Заяву БНК распаўсюдзіў праз інтэрнэт вядомы апазыцыйны палітык, сябра рады БНК Мікалай Статкевіч.
«Рада Беларускага Нацыянальнага Кангрэсу выказвае ўдзячнасьць усім мужным патрыётам, якія прынялі ўдзел у нашай акцыі 3 ліпеня ў Менску. Нават падрыхтоўка да выхаду на плошчу прымусіла рэжым вызваліць незаконна затрыманых у крымінальнай справе „тэрарыстаў“. А таксама паказала рашучасьць патрыётаў супрацьстаяць унутранай акупацыі краіны і абараняць яе ад вонкавай пагрозы. Рада БНК заяўляе пра падтрымку пікету, які адбудзецца 7 ліпеня ў 18.00 на Кастрычніцкай плошчы Менску, і яго патрабаваньняў вызваліць і рэабілітаваць усіх без выключэньня палітвязьняў. Мы таксама выказваемся супраць масавай прысутнасьці ў краіне замежных вайскоўцаў на вучэньнях у верасьні. Мы лічым, што яны пагражаюць незалежнасьці Беларусі і могуць уцягнуць нашу краіну ва ўзброеныя канфлікты. Рада БНК заклікае патрыётаў скарыстацца ўсімі магчымасьцямі, якія стварае ў гэтыя дні сэсія Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, каб голасна заявіць пра сваю пазыцыю. Свабоду палітвязьням! За мірную Беларусь!» — сказана ў заяве БНК.
Праваабаронцы прызналі, што ў Беларусі цяпер ёсьць двое палітычных вязьняў — актывіст Зьміцер Паліенка, якога трымаюць ў Бабруйскай калёніі, і выкладчык зь Віцебску, праваабаронца Міхаіл Жамчужны, асуджаны нібыта за тое, што спрабаваў таемна праслухоўваць міліцыянтаў. Суд над Жамчужным быў закрыты. Імёны Зьмітра Паліенкі і Міхаіла Жамчужнага былі агучаныя падчас захадаў сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ, якая цяпер праходзіць у Менску.
Палітычныя актывісты і праваабаронцы мяркуюць, што акцыя салідарнасьці зь беларускімі палітвязьнямі ў Менску ў часе правядзеньня сэсіі АБСЭ будзе спрыяць іх датэрміноваму вызваленьню.