Увогуле, што аб’ядноўвала гэтых людзей, апроч іхнага патрыятызму і таго, што хто-ніхто зь іх калі-нікалі перасякаўся ў сваіх штодзённых справах?
І дзе той дзіўны джып і ягоныя пасажыры, што прарываліся празь мяжу з Украіны, пра які БТ ведала ўсё, а ўкраінскія памежнікі – нічога?
Дзе схроны са зброяй, бутэлькі з напалмам, што паказвалі па тым самым БТ?
Гледзячы на ўвесь гэты бурны паток «фактаў» у тэлевізіі, праглядаючы артыкулы ў «Советской Белорусии», я ўсё шукаў сапраўднага матыву, каб неяк зразумець дзеяньні спэцслужбаў. Мусіла быць нейкая глыбока схаваная камбінацыя, фатальная пагроза ўладзе, краіне, дзяржаве, перад якой у ахвяру прыносіцца ўсё – закон, аўтарытэт, розум.
Урэшце я для сябе вызначыў гэтую таемную прычыну. Памятаючы пра нэрвовасьць і нават страх, зь якім кіраўнік краіны гаварыў пра пагрозу з боку баевікоў, я зьвязаў гэтых баевікоў не зь мітычным «Белым легіёнам», а зь «зялёнымі чалавечкамі», якія, як вядома, прыходзяць на дапамогу туды, куды іх ніхто не запрашае. Склалася такая, як той казаў, «шматхадовачка», у якой спэцслужбы гулялі на апярэджаньне.
На Дзень Волі, які меўся прайсьці якраз напярэдадні саміту АДКБ у Пецярбургу, сытуацыя ў Менску складалася напружаная. Спэцслужбы гэта бачылі, а таксама, магчыма, мелі інсайдэрскую інфармацыю, што з боку «зялёных чалавечкаў» рыхтуецца правакацыя – сутычкі паміж прыхільнікамі БНР і адэптамі «русского мира», што дало б падставу для магчымага ўводу фармаваньняў АДКБ (чытай, Расеі) у Беларусь. А гэта, у сваю чаргу, кардынальна паўплывала б на становішча ўлады РБ, зрабіўшы яго няпэўным. Паспрабуй праявіць нязгоду са «старэйшым братам», калі пад бокам ягоны штых.
У такім выпадку і з улікам украінскага досьведу дзеяньні спэцслужбаў, якія тэрмінова і, нягледзячы на іміджавыя страты, ратавалі сытуацыю й стабільнасьць улады й дзяржавы, падаюцца своечасовымі й сэнсоўнымі. Гэта па-першае.
Па-другое, «закрываючы» магчымых удзельнікаў акцыі 25 сакавіка, якія здольныя былі б аказаць супраціў «зялёным чалавечкам», спэцслужбы папросту ратавалі іхнае здароўе, а можа й жыцьцё.
Па-трэцяе, гэта быў пасыл саўковаму, перадусім расейскаму электарату, што ў Беларусі нацыяналістаў трымаюць пад кантролем. Маўляў, ня лезьце, самі з вусамі.
У гэткім выпадку робяцца зразумелымі і нестыкоўкі ў гэтай справе – з тым, каб зрабіць яе абсурднай, каб яна рассыпалася сама сабой, не даехаўшы да суду.
Тое, што фігурантаў справы выпусьцілі, таксама ўкладаецца ў гэтую вэрсію разьвіцьця падзеяў.
Таксама становіцца зразумелым і выбух у піцерскім мэтро, бо Расеі ў часе антыкарупцыйных пратэстаў і беспасьпяховага Данбасу канфлікт быў патрэбны, а найлепш канфлікт у «блізкім замежжы», каб пераключыць увагу свайго грамадзтва, і калі не атрымаўся асноўны варыянт, пайшла запасная вэрсія.
Калі я падзяліўся гэтай думкай з калегам, той мяне асадзіў. Маўляў, у спэцслужбаў камбінацыі прасьцейшыя. Згадай 2006 год і заяву Сухарэнкі пра «дохлых пацукоў». Згадай 2010 год, «Железом по стеклу».
Але іншы калега выказаў меркаваньне, што трэба адрозьніваць прапаганду ад стратэгіі. Маўляў, прапаганда толькі частка стратэгічнай схемы. І ў 2006, і ў 2010 схемы спрацавалі.
У кожным выпадку, сытуацыя ў Беларусі робіцца больш напружанай ва ўсіх сэнсах, і гэта стварае глебу для разнастайных таемных, нечаканых і, здавалася б, неверагодных камбінацый.
Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.