Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мапа БНР на піве і моцная Эўропа


Бровар «Лідзкае піва» выпусьціў гатунак піва «Менскае», прысьвечаны першай сталіцы першай беларускай дзяржавы ў ХХ ст — Беларускай Народнай Рэспублікі. На этыкетцы стылізаваная мапа БНР, якая абвяшчалася ў этнаграфічных межах. Адпаведна зь цяперашнімі польскім Беластокам, літоўскай Вільняй, расейскім Смаленскай і часткай украінскіх зямель.

Журналіст, публіцыст і актывіст польскага грамадзкага руху ў Беларусі Анджэй Пачобут пабачыў у акцыі «Лідзкага піва» пагрозу для распальваньня настрояў па прыкладзе «Крым — наш!»: «Беласток — наш!», «Вільня — наша!» і г.д.

Калі б Рэспубліка Беларусь ад сваёй незалежнасьці ў 1991 годзе праводзіла нацыянальную палітыку, то бок, калі б беларуская мова мела рэальны, а не намінальны статус дзяржаўнай, калі б дзяржаўнымі сымбалямі заставаліся БЧБ і «Пагоня», калі б гісторыя выкладалася не з каляніяльнага расейскага ці партыйнага камуністычнага гледзішча, то цяпер Беларусь была б іншай. Краінай, дзе ўжо другая генэрацыя гадавалася б у беларусацэнтрычнай традыцыі.

Тады, магчыма, можна было б казаць пра рэваншызм ці імпэрскасьць у зьмяшчэньні мапы БНР у публічнай прасторы па-за музэем ці рэканструктарскай гульнёй.

Але справа ў тым, што беларускія ўлады збольшага працягваюць каляніяльную і камуністычную традыцыю бачаньня беларускай гісторыі. То бок, пра БНР мала хто ведае ў краіне. А дзяржаўная прапаганда ўзгадвае БНР толькі ў чорным сьвятле, і толькі напярэдадні грамадзкіх акцыяў да 25 сакавіка.

«Проста маркетынгавы ход, каб прывабіць патрыётаў», — камэнтуе Виталий Мел захады «Лідзкага».

Прывабіць патрыётаў — толькі частка праекту. «Лідзкае піва», наўмысна ці не, робіць яшчэ і асьветніцкі праект, як бы парадаксальна ні гучала слова «асьветніцтва» побач са словам «піва».

Хтосьці ўбачыць на этыкетцы тэкст пра абвяшчэньне БНР 25 сакавіка 1918 году і, магчыма, пашукае ў інтэрнэце дадатковую інфармацыю. Як мінімум. Як максымум — можа нарадзіцца шырокая грамадзкая дыскусія па гісторыі Беларусі, якая была б вельмі дарэчнай напярэдадні 100-годзьдзя БНР.

Калі разумець, што гаворка вядзецца пра гістарычны дакумэнт, а не пра сучасныя тэрытарыяльныя прэтэнзіі, то ўсё ўстае на свае месцы.

Генэральны дырэктар «Лідзкага піва» Аўдрыюс Мікшыс і яго каманда зрабілі сьмелы і годны ўчынак. Тым больш, што ў беларускім грамадзтве традыцыйна пазьбягаюць любой сытуацыі, якая можа выклікаць ня тое, што канфлікт, а нават дыскусію. А без дыскусіяў не бывае руху наперад.

Беларусь усё болей субʼектызуецца. Безумоўна, ня ўсім у суседніх краінах будзе падабацца, як мы бачым сваю гісторыю. Але на сёньня ў Беларусі важна, каб самі беларусы бачылі ў прынцыпе сваю гісторыю, каб не заставалася белых плямаў, сьцёртых з мапы беларускай гісторыі папярэднімі палітычнымі рэжымамі. Пасьля ўжо можна будзе дыскутаваць з суседзямі: «А ў вас так, а ў нас так».

Моцная Беларусь немагчымая бяз моцнай нацыянальнай самаідэнтыфікацыі. А бяз моцнай Беларусі ня будзе моцнай Усходняй Эўропы. Бо Беларусь гістарычна і ёсьць частка Эўропы.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG