Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ўвялі «службу па мабілізацыі», каб не паўтарыць украінскіх памылак


Вайсковая служба па мабілізацыі «здыме шмат пытаньняў, зь якімі сутыкнулася наша паўднёвая суседка», — сказаў сёньня ў Палаце прадстаўнікоў міністар абароны Беларусі Андрэй Раўкоў.

«Мы ў мірны час адпрацоўваем ва Ўзброеных сілах усе пытаньні, зь якімі можам сутыкнуцца падчас вайны. І адзін з праблемных момантаў — пытаньні мабілізацыі. Напэўна, настаў час разгледзець іх і прыняць пэўныя рэчы. Тым больш вывучаючы досьвед нашай паўднёвай суседкі, якая пасьля адмовы ад тэрміновай службы трапіла ў такую сытуацыю, што ёй давялося праводзіць частковую мабілізацыю ў краіне. Яны вырашалі з колаў, хуткай працай парлямэнту, ураду краіны, кіраўніка дзяржавы», — сказаў міністар абароны Беларусі.

Хоць Андрэй Раўкоў і не ўжываў слова «Ўкраіна», але ўсім зразумела, каго ён меў на ўвазе і каго называў «нашай паўднёвай суседкай».

Міністар абароны таксама растлумачыў, што падчас вайсковай службы па мабілізацыі будуць праводзіцца «вучэньні, трэніроўкі, выклікі з запасу. У нашай паўднёвай суседкі ў ходзе выкананьня гэтых задач, частковай мабілізацыі, было шмат праблем — са статусам людзей, якіх прызывалі па мабілізацыі, з парадкам працы зь імі, іх забесьпячэньнем. А мы гэтыя пытаньні ў мірны час адпрацуем».

Як патлумачыў Свабодзе намесьнік старшыні камісіі Палаты прадстаўнікоў па нацыянальнай бясьпецы генэрал-маёр Бобрыкаў, служба мабілізацыі ў Беларусі існуе. Аднак дагэтуль шмат якія яе палажэньні ня маюць належнага юрыдычнага абгрунтаваньня.

«Таму можна казаць, што сёньня мы ўвялі службу мабілізацыі ў прававое поле», — сказаў Сяргей Бобрыкаў.

Андрэй Раўкоў выступаў у Палаце прадстаўнікоў, бо дэпутаты прынялі зьмены ў шэраг законаў, зьвязаных з абаронай. Гэтыя карэктывы насілі пераважна тэхнічны характар. Яны былі выкліканыя прыняцьцём новай рэдакцыі вайсковай дактрыны Беларусі, дзе ўдакладняецца тэрміналёгія і задачы Ўзброеных сілаў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG