Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«З гораду ў сяло». У Магілёве «Тыдзень перасяленьня»


Ілюстрацыйнае фота
Ілюстрацыйнае фота

Упраўленьне працы, занятасьці і сацыяльнай абароны Магілёўскага гарвыканкаму распачало праграму «Тыдзень перасяленьня». Беспрацоўным, якія маюць запатрабаваныя ў сельскай мясцовасьці прафэсіі, прапануюць перабрацца ў вёскі. Абяцаюць выплаціць пад’ёмныя, гарантуюць жытло і занятак. Тыя хто наважыцца «іміграваць» на сяло, страцяць гарадзкую прапіску.

Дысбалянс між тым, што прапануецца праграмай, і тым, чаго хочуць людзі

У службе занятасьці кажуць, што ахвотныя пераехаць на сяло ёсьць, аднак, ня з тымі прафэсіямі, якія прадугледжвае праграма перасяленьня. У гутарцы з карэспандэнтам Свабоды адна з супрацоўніц адзначыла, што калгасам патрэбныя вэтэрынары, заатэхнікі, аграномы, бухгальтары.

Уваход у магілёўскую службу занятасьці. Ля яе нешматлюдна
Уваход у магілёўскую службу занятасьці. Ля яе нешматлюдна

«Людзі з такімі спэцыяльнасьцямі да нас практычна не зьвяртаюцца, — сказала суразмоўца. — Прыходзяць тыя грамадзяне, што гатовыя працаваць даглядчыкамі жывёлы, даяркамі, пастухамі, а такіх вакансіяў у нас няма. Таму выходзіць дысбалянс між тым, што прапануецца праграмай, і тым, што хочуць людзі».

«З Магілёва ня так шмат ахвотных пераехаць, — кажа далей супрацоўніца ўпраўленьня, — бо, калі перасяляюцца па праграме, то гараджане страчваюць гарадзкую прапіску. Іх рэгіструюць па месцы новага жыхарства».

Тым, хто наважыцца пераехаць у сельскую мясцовасьць, абяцаюць жытло ды матэрыяльную дапамогу ў 9 бюджэтаў пражытковага мінімуму — гэта 1654 рублі.

«Працы знайсьці не магу. Жыву на матчыну пэнсію»

Знайсьці ахвотнікаў кінуць Магілёў дзеля жыцьця на вёсцы не ўдалося. Беспрацоўныя гараджане ўпарта трымаліся думкі, што ля свайго гарадзкога кута найлепей. Іх не спакушае сума пад’ёмных у 880 даляраў.

Некаторыя з суразмоўцаў казалі, што і ў калгасах ідзе скарачэньне, ад якога не застрахаваны ні аграном, ні жывёлавод.

«Я цэлую зіму працаваў у Клімавіцкім раёне ў вясковай кацельні. Рабіў без выхадных за 260 рублёў у месяц. Скончыўся ацяпляльны сэзон — і застаўся без заробку», — апавядае сваю гісторыю беспрацоўя адзін з наведнікаў службы занятасьці.

«Хацеў быў уладкавацца ў тамтэйшы саўгас трактарыстам, бо правы ёсьць, — працягваў ён далей. — Ды дырэктар мне сказаў, што яму трэба скараціць 70 чалавек. І на гэтым гутарку скончыў. Цяпер, выходзіць, і ў калгасах нельга ўладкавацца. І там людзі, як у горадзе, туляюцца бяз працы».

Каб атрымаць дапамогу па беспрацоўі, трэба зьбіраць другасную сыравіну
Каб атрымаць дапамогу па беспрацоўі, трэба зьбіраць другасную сыравіну

Апошнія два месяцы суразмоўца жыве з пэнсіі 78-гадовай маці. У горад прыехаў са спадзевам, што ў службе занятасьці дапамогуць, аднак пакуль чаканьні ня спраўджваюцца.

«Мяне ўжо шмат куды пасылалі. Усюды вакансіяў няма. Яны нібыта і ёсьць, а як прыйдзеш, ужо і няма. Каму за пяцьдзесят, уладкавацца немагчыма. А яшчэ пэнсійны ўзрост падвысілі, — разважае суразмоўца. — У мяне шосты разрад сьлесара. Далі накіраваньне на мэталюргічны завод. Прыйшоў, а ў мяне ціск падскочыў (ніколі такога не было), і мяне адразу забракавалі».

Суразмоўца ня раз выяжджаў у Расею. Апошняя паездка, адзначыў ён, запомніцца надоўга, бо ледзь вярнуўся на радзіму:

«Фірма, якая нам абяцала няблага заплаціць, развалілася. І замест 30 тысяч расейскіх рублёў нам выдалі па тысячы».

Скарачаюць работнікаў перадпэнсійнага веку

Яшчэ аднаму суразмоўцу 59 гадоў. Ён гатовы на любую працу, але і яе няма. Кажа, што рабіў сьлесарам у аўтасэрвісе.

«Новае начальства вырашыла скараціць работнікаў пэнсійнага веку, і ўсіх старых пазвальнялі. За нас ніхто не заступіўся, — падзяліўся ён. — Цяпер на старасьці год хаджу, каб уладкавацца хоць куды і дапрацаваць да пэнсіі».

Мужчыну прапаноўвалі варыянт зь пераездам на сяло, але ён не пагадзіўся.

«Я сам зь сельскай мясцовасьці калісьці зьехаў. Навошта мне туды вяртацца? У мяне тут унукі, дзеці, сям’я. А там што мне дадуць?»

Той жа думкі трымаўся і наступны суразмоўца. Калі б прапаноўвалі працу ў вёсцы пад Магілёвам, то, можа, і падумаў бы, адзначыў ён.

У службу занятасьці на ровары
У службу занятасьці на ровары

«А як далёка адправяць, дык на каго я сваю гаспадарку пакіну?» — разважаў беспрацоўны.

«Мне, як раней, быў да пэнсіі год, а цяпер выходзіць два з паловай. Шукаю магчымасьць уладкавацца кіроўцам, але вакансіяў няма, — казаў далей мужчына. — Цяпер жа наагул з працаю туга. У службе занятасьці стаю на ўліку чатыры месяцы. На старым месцы працы не падоўжылі са мною кантракт, бо ў арганізацыі не было замоваў. Цяпер куды ні пайду — не бяруць. Каб маладзейшы, кажуць».

Гісторыя наступная беспрацоўнага таксама тыповая. Не знайшоўшы занятку на радзіме, ён выправіўся ў Расею:

«Працу тут я не магу знайсьці некалькі гадоў. Ганялі мяне ў Магілёве па прадпрыемствах, але ўсюды мяне вярталі назад. А жыць за што? Тры дыплёмы ў мяне, а толку з іх. Таму наважыўся паехаць у Расею, — казаў беспрацоўны. — Пакуль там быў, зьнялі з уліку службы занятасьці. Цяпер кажуць, што паставяць толькі на наступны год. І зноў безграшоўе. Я ж неблагі фасаднік».

«А на вёсцы што я буду рабіць? — пасьля паўзы працягнуў суразмоўца. — Там ужо даўно нічога не будуюць. А кароў даіць я не зьбіраюся».

Партрэт беспрацоўнага: 40-45 гадовы мужчына зь сярэдняй адукацыяй

Ва ўпраўленьні занятасьці адзначаюць, што асноўная маса беспрацоўных — мужчыны 40-45 гадоў.

«Такіх больш за 60 працэнтаў зь сярэдняй спэцыяльнай і сярэдняй тэхнічнай адукацыяй. Сярод іх траціна тых, якія працяглы час не працавалі, таму і знайсьці работу ня могуць, — патлумачыла сытуацыю зь беспрацоўем спэцыялістка ўпраўленьня. — А вакансіяў рознарабочых няшмат. Тыя, хто вярнуўся з Расеі, згаджаюцца на любую працу. Прычына вяртаньня вымушаная: сямейныя абставіны, хвароба блізкіх. Некаторыя пабойваюцца трэцяга дэкрэту. Многія, стаўшы на ўлік, спадзяюцца, што за іх нехта знойдзе працу».

Пакуль мужчыны шукаюць працу, жанчыны працуюць на ўпарадкаваньні гораду
Пакуль мужчыны шукаюць працу, жанчыны працуюць на ўпарадкаваньні гораду

Паводле суразмоўцы, сытуацыя на рынку працы нестабільная. Улетку назіраецца часовае зацішша, увосень — абвастрэньне.

Сярэдні заробак на Магілёўшчыне сёлета ў красавіку склаў 652 рублі. У жывёлагадоўлі — 491 рубель. У расьлінаводзтве, паводле зьвестак галоўнага статыстычнага ўпраўленьня вобласьці, 499 рублёў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG