Міністар прамысловасьці Беларусі Віталь Воўк у праграме «Галоўны эфір» на тэлеканале «Беларусь 1» заявіў, што краіне патрэбен яшчэ адзін трактарны завод. Гэтым разам зборачнай пляцоўкай прапануецца выбраць вытворчыя магутнасьці прадпрыемства «Амкадор».
Паводле Віталя Воўка, гэта дапоўніць намэнклятуру, якая сёньня ёсьць у МТЗ, і падвысіць канкурэнтаздольнасць беларускага трактарабудаваньня.
У сваю чаргу, міністра не палохае наяўнасьць складзкіх запасаў трактароў «Беларус» — маўляў, быў абвал рынку, а сёньня ён ажывае, тэмпы росту прамысловай вытворчасьці з кожным месяцам набіраюць моц.
На перакананьне чыноўніка, і ў цане, і ў якасьці трактар «Амкадор» складзе канкурэнцыю такім заходнім вытворцам, як John Deere, Challenger, New Holland.
Наколькі мэтазгодная такая вытворчасьць і ці варта загадзя асьцерагацца новага гульца ўсясьветным брэндам, са Свабодай падзяліўся думкай адзін са стваральнікаў «Амкадору» і першы генэральны дырэктар прадпрыемства Васіль Шлындзікаў:
«З улікам цяперашніх беларускіх рэаліяў, якасьці чалавечага рэсурсу, канкураваць з такімі кампаніямі калі і не немагчыма, то прынамсі вельмі складана. Што тычыцца канкурэнцыі МТЗ, то я сёньня за такое ня браўся б: рынак адзін, сытуацыя надзвычай складаная. Адзіная перавага „Амкадору“, што ў яго невялікія прадпрыемствы. Яны рознапрофільныя, ім лягчэй трымацца на плыву, чым такім гігантам, як трактарны. Для тых, хто прапануе такі варыянт, важна найперш атрымаць грошы. А ня будуць купляць трактар, то зробяць нейкую іншую тэхніку. Партфэль у „Амкадору“ вялікі, на адным заводзе можна вырабляць адны вузлы, на другім — іншыя, а на выхадзе камплектаваць абсалютна розныя машыны. Той, хто выдае такія ідэі і іх адстойвае, перасьледуе перадусім свае інтарэсы».
Спадар Шлындзікаў не выключае, што ідэя амкадораўскага трактара так і не рэалізуецца, бо для ініцыятараў найбольш важна атрымаць пад гучны дэкляраваны праект дзяржаўнае фінансаваньне:
«Магчыма, гэта чыстай вады амбіцыі кіраўніцтва ў асобе Шакуціна (Аляксандар Шакуцін — старшыня рады дырэктараў ААТ „Амкадор“. — РС). А хутчэй за ўсё, спроба атрымаць грошы і пад гэтым сьцягам стварыць вытворчасьць камплектных частак, якія пашыраць магчымасьці „Амкадору“ у цэлым. Цяжка сказаць, усё залежыць ад таго, наколькі сур’ёзная задума насамрэч. Але што тычыцца тэхнічнага боку, то ня ведаю дакладна, якія зараз там канструктарскія сілы і магчымасьці, дык не праблема перацягнуць кваліфікаваныя кадры з таго ж МТЗ. Зрэшты, канструктарскае бюро на „Амкадоры“ заўсёды было моцнае. Так што хай спрабуюць, справа гаспадарская. А калі раптам што, то беларускі народ, падаткаплатнікі вернуць няспраўджаныя крэдыты. І застанёмся з тым, што і было».
Згодна з плянамі Міністэрства прамысловасьці, вытворчасьць першага трактара «Амкадор» плянуецца распачаць ужо ў студзені 2018 году.