Міністар прамысловасьці Беларусі Віталь Воўк распавёў у эфіры тэлеканалу «Беларусь-1», што другі трактарны завод патрэбен Беларусі, каб «дапоўніць намэнклятуру» МТЗ і «падвысіць канкурэнтаздольнасьць беларускага трактарабудаваньня».
Першы трактар на прадпрыемстве «Амкадор» плянуецца выпусьціць у студзені 2018 году.
«У „Амкадора“ ёсьць школа — ён стварае пагрузчыкі, лясную тэхніку, і ў іх усюды пераломная рама. У працяг сваіх напрацовак ён і выходзіць на рынак сучлененых трактароў», — патлумачыў Воўк.
Пры гэтым міністар прызнаў праблемы МТЗ і «Гомсельмашу» са складзкімі запасамі ўжо гатовай тэхнікі, але заявіў: тое было праз «абвал» рынку, сёньня жа рынак «ажывае», а тэмпы вытворчасьці растуць. Ён запэўніў, што пастаўленая Лукашэнкам і ўрадам задача разгрузкі складоў выкананая (на спадарожнікавых здымках 2017 году яшчэ відаць застаўленыя трактарамі пляцоўкі ля МТЗ).
Таксама Воўк распавёў пра пляны адкрыцьця новага заводу «Белджы» (кітайска-беларуская марка аўто Geely): завод у наступныя гады мае вырабляць 50 тысяч аўтамабіляў штогод (раней гаварылася пра 60 тысяч), у пэрспэктыве пры пабудове другой чаргі заводу — да 120 тысяч аўто на год. Але амаль 90% ягонай прадукцыі пойдуць не на беларускі, а на расейскі рынак.
Міністар мяркуе, што ў будучыні ў Беларусі можа зьявіцца ўласнаручна распрацаваны аўтамабіль — Аб’яднаны інстытут машынабудаўніцтва ўжо працуе над першым беларускім электрамабілем, а на новым заводзе «Белджы» будуць рыхтаваць тэхнолягаў і канструктараў, з удзелам якіх створаць канструктарскае бюро.
«Акрамя таго, зьявяцца новыя вырабы — нашы прадпрыемствы працуюць над бесьпілётным трактарам, бесьпілётным камбайнам», — дадаў Воўк.
Паводле міністра, аб’ём фінансаваньня стратэгіі разьвіцьця машынабудаўніцтва на 2017-2020 гады складзе 17,5 млрд беларускіх рублёў.