Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Што Беларусь хоча ад Чэхіі, а Чэхія ад Беларусі? 12 тэзісаў брыфінгу Макея і Зааралэка


МЗС Чэхіі, Прага
МЗС Чэхіі, Прага

Міністар замежных справаў Беларусі Ўладзімер Макей наведаў Чэхію. Гэта быў першы афіцыйны візыт кіраўніка беларускага зьнешнепалітычнага ведамства ў гісторыі чэска-беларускіх адносінаў.

Уладзімер Макей правёў у Празе два дні. Ён сустрэўся з прэм’ер-міністрам Чэхіі Богуславам Собаткам і міністрам замежных справаў Любамірам Зааралэкам.

Ранкам у пятніцу беларускі міністар са сваім чэскім калегам усклалі вянкі да помніка Францішку Скарыну на Градачанах. Пасьля перамоваў міністраў адбыўся брыфінг для журналістаў. Радыё Свабода было адзіным СМІ, якое задало пытаньні Ўладзімеру Макею і Любаміру Зааралэку.

Уладзімер Макей і Лубамір Зааралэк
Уладзімер Макей і Лубамір Зааралэк

Свабода сабрала асноўныя тэзісы з выступленьняў міністраў.

Уладзімер Макей:

1. Хачу падзякаваць чэскаму калегу за ўдзел ва ўскладаньні вянкоў падзьвіжніку Беларусі Францішку Скарыну. Ён зрабіў шмат для разьвіцьця нашай мовы. Гэта сымбаль і Беларусі, і Чэхіі. Для мяне гэта знакавая падзея. Яна паказвае нам, што адносіны трэба будаваць на агульных каранях, якія былі ў гісторыі.

2. Мы хочам дывэрсыфікаваць нашае гандлёва-эканамічнае і палітычнае становішча. Гэта пытаньне нумар адзін. Эўразьвяз для нас другі пасьля Расеі партнэр, і мы зацікаўлены ў шчыльных дачыненьнях з гэтай структурай.

3. З Чэхіяй наш гандаль зьменшыўся за апошні час у два разы. Паміж намі дасягнутыя канкрэтныя дамоўленасьці і крокі, таму мы спадзяемся, што яны рэалізуюцца ў выглядзе канкрэтных праектаў.

4. Неабходна разьвіваць палітычны дыялёг, які ўсталяваўся паміж нашымі краінамі. Мы дамовіліся пра неабходнасьць усталяваньня кантактаў ня толькі паміж МЗС, але і паміж іншымі ўрадавымі структурамі Чэхіі і Беларусі.

5. Мы спадзяемся на падтрымку Чэхіі ў працэсе далучэньня Беларусі да Сусьветнай гандлёвай арганізацыі.

6. Разьлічваем таксама на падтрымку Чэхіі ў нашых перамовах з эўрапейскімі эканамічнымі і фінансавымі інстытуцыямі па тых пытаньнях, якія могуць умацаваць эканамічны і палітычны сувэрэнітэт Беларусі.

Від з вакна МЗС Чэхіі на Праскі град
Від з вакна МЗС Чэхіі на Праскі град

Любамір Зааралэк:

1. Сёньня працуюць 123 супольныя чэска-беларускія прадпрыемствы. Чэскія прадпрымальнікі хочуць працаваць у Беларусі. Але для гэтага Беларусь павінна павялічыць празрыстасьць прадпрымальніцкага асяродзьдзя і стварыць прыязны бізнэс-клімат. Гэта дазволіць зрабіць нашыя адносіны больш інтэнсіўнымі.

2. Мы сочым за сытуацыяй з правамі чалавека ў Беларусі. Мы ведаем пра падзеі, якія адбыліся вясною і ўважліва сочым за лёсам арыштаваных.

3. Мы радыя актыўнай працы апазыцыйных дэпутатаў у парлямэнце і на міжнароднай арэне. Нас радуе і рэгістрацыя палітычных партыяў.

4. Калі Беларусь не жадае далучацца да Рады Эўропы, то яна нічога не павінна рабіць. Калі ж яна хоча стаць чальцом Рады Эўропы, то яна павінна выканаць правілы, якія аднолькавыя для ўсіх. Напрыклад, адмовіцца ад сьмяротнага пакараньня.

5. Мы жадаем, каб Беларусь прыняла ўдзел у падрыхтоўцы саміту «Ўсходняга партнэрства» ў Брусэлі.

6. Я хачу, каб мы не запавольвалі інтэнсіўнасьць нашага дыялёгу. Спадзяюся, што запавольваньне, якое было некаторы час таму, было эпізадычнае. Мы хочам бачыць канкрэтныя крокі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG