Індывідуальныя запрашэньні для аказаньня судзеяньня ў працаўладкаваньні менскія службы занятасьці парассылалі 80 тысячам патэнцыйных платнікаў «падатку на дармаедаў» за 2015 год, перадае tut.by.
Паводле прадстаўніцы камітэту па працы Менгарвыканкаму Жанны Рамановіч, гэта зроблена паводле даручэньня Аляксандра Лукашэнкі «дайсьці да кожнага з тых, хто хоча знайсьці працу». Ці да кожнага дайшлі лісты, невядома, але адказалі на іх толькі 250 чалавек.
У Партызанскім раёне Менску, паводле Рамановіч, да «дармаедаў» прыходзяць проста дамоў і прапануюць дапамогу ў працаўладкаваньні. Часам знойдзеныя «дармаеды» кажуць, што недзе працуюць, але не прызнаюцца, дзе менавіта.
У 2016 годзе ў Беларусі адшукалі 470 тысяч «дармаедаў» — тых, хто ў 2015 годзе афіцыйна працаваў менш як паўгода. Яны мусілі сплаціць дзяржаве па 360 рублёў «на фінансаваньне дзяржаўных выдаткаў», але зрабілі гэта толькі 52 тысячы чалавек.
Дзеяньне дэкрэту было прыпыненае 9 сакавіка 2017 году — тым, хто не сплаціў «падатак на дармаедаў», яго і ня трэба плаціць за 2015 год, а тым, хто сплаціў, абяцаюць залічыць грошы ў лік аплаты за «дармаедзтва» ў 2016 годзе.
Вярнуць грошы — немагчыма. Што адбываецца з «падаткам на дармаедзтва»?