Удзельнічаюць: Уладзімер Глод, Віталь Цыганкоў, Валер Карбалевіч.
Цыганкоў: Нядаўна на сайце беларускай Свабоды зьявіўся матэрыял, які зноў зьвярнуў увагу на праблему падатку на дармаедзтва. 9 сакавіка, пасьля таго як па Беларусі пракацілася хваля пратэсту супраць дэкрэту № 3, Аляксандар Лукашэнка прыпыніў гэты спрэчны закон. Дакладней, ён заявіў, што да канца гэтага году ня будзе зьбірацца падатак, паабяцаў вярнуць грошы тым, хто пайшоў працаваць. Але, як высьвятляецца і як дасьледаваў наш карэспандэнт Антон Трафімовіч, насамрэч вярнуць сплачаныя за падатак грошы сёньня немагчыма. Проста таму, што няма ніякіх пастаноў наконт гэтага. І чыноўнікі так і адказваюць нешматлікім людзям, якія спрабуюць атрымаць назад грошы — што ня маюць ніякіх дакумэнтаў, каб іх вярнуць.
На гэтае пытаньне на гарачай лініі Міністэрства па падатках і зборах адказваюць, што гэта немагчыма. «Нічога не было прыпынена, дэкрэт дзейнічае на цяперашні час», — тлумачыць кансультант міністэрства.
Такім чынам, цяпер становіцца зразумелым, чаму Аляксандар Лукашэнка з такой лёгкасьцю паабяцаў адмяніць гэты падатак на дармаедзтва. Была ўлічаная чалавечая псыхалёгія: мала хто з тых, хто сплаціў гэты падатак, прыйдзе яго забіраць. Тым больш калі, як высьвятляецца, зрабіць гэта немагчыма, бо няма адпаведнай дакумэнтацыі.
Калі спынілася хваля пратэсту, то высьветлілася, што ўлады не зьбіраюцца цалкам адмяняць гэты дэкрэт.
Гэта яшчэ раз даводзіць, што словы Аляксандра Лукашэнкі былі скіраваныя перш за ўсё на тое, каб проста зьбіць хвалю пратэсту, каб кінуць людзям костку, стварыць уяўленьне, што нібыта людзі перамаглі, дамагліся адмены гэтага дэкрэту. Але на самой справе яшчэ празь некалькі тыдняў Аляксандар Лукашэнка заявіў, што дэкрэт не адменены і будзе дзейнічаць. Калі была зьбітая жорсткімі дзеяньнямі ўлады хваля пратэсту, або калі, няважна зь якіх прычын, яна так ці інакш спынілася, — то высьветлілася, што ўлады не зьбіраюцца цалкам адмяняць гэты дэкрэт.
Памятаем, як у момант найбольш гарачых выступаў усе чыноўнікі пайшлі ў народ, сталі тлумачыць людзям палажэньні гэтага дэкрэту, і ўсё часьцей сталі касаваць неабходнасьць плаціць падатак для некаторых людзей — тых, хто мае пэўныя жыцьцёвыя праблемы. Чыноўнікі зьбіраліся, выбіралі, каго зь людзей можна вызваліць ад гэтага падатку. Але ў цэлым падатак не адменены, і дзяржава не зьбіраецца карэнным чынам мяняць свой падыход.
Ці гэта перакананьне Аляксандра Лукашэнкі, ці такая палітычная ўпартасьць, калі ён вырашыў адступіць на час, але не здавацца ўвогуле. Як бы там ні было, ніякай перамогі грамадзтва не атрымала. Іншая справа, што ўлада будзе глядзець на рэакцыю беларусаў. Калі — наўрад ці летам, а можа, і восеньню — зноў людзі будуць атрымліваць гэтыя «лісты шчасьця», калі зноў сотні тысяч стануць перад пытаньнем, плаціць гэты падатак ці не, магчыма, пачнуцца новыя сацыяльныя пратэсты, і ўлада тут гуляе з агнём.
Улады надта пераацанілі свае магчымасьці спыніць гэтыя пратэсты — што пернікам, што пугай. І вырашылі, што такім чынам могуць гуляць зь людзкой незадаволенасьцю. Толькі яна была праяўленая — крок назад, толькі незадаволенасьць сьцішылася — зноў крок наперад. Застаецца пачакаць і паглядзець, як на такую тактыку ўладаў будзе рэагаваць беларускае грамадзтва.
Карбалевіч: Думаю, гэты няшчасны дэкрэт аб дармаедах будзе яшчэ шмат адгукацца ўладам. Мала таго, што яны выклікалі нянавісьць да ўладаў вялікай часткі насельніцтва, шырокія акцыі пратэсту, паралізавалі працу дзяржапарату, сапсавалі адносіны Беларусі з Захадам. Дык вось цяпер яшчэ адзін галаўны боль: што рабіць з тымі грамадзянамі, якія сплацілі падатак?
Гэта чыста беларуская сытуацыя
Улады самі сябе паставілі ў дурное становішча. Гэта чыста беларуская сытуацыя. Фармальна заканадаўчага акту, які б скасаваў дэкрэт аб дармаедах, няма. Існуе толькі вусны загад Лукашэнкі прыпыніць яго дзейнасьць. Новая рэдакцыя дэкрэту, якую падрыхтавалі для Лукашэнкі, яго не задаволіла. Пра гэта ён казаў, выступаючы з пасланьнем у Нацыянальным сходзе. Ніякай новай канцэпцыі гэтага дакумэнту няма. І калі дэкрэт не адменены, то як вяртаць грошы назад?
Але ж ёсьць і яшчэ адна праблема, пра якую пакуль ня кажуць. Дзе ўзяць грошы, каб вярнуць іх грамадзянам, якія сплацілі падатак? У бюджэце такога артыкула няма.
Ток бок гісторыя з гэтым падаткам на вачах ператвараецца ў анэкдот, трагікамічную сытуацыю. І добрага выйсьця зь яе няма.
Глод: Ёсьць стары, добра вядомы прынцып — не сьпяшайся рабіць тое, што можа пачакаць. Дарэчы, апазыцыя папярэджвала пра гэта і раіла людзям не сьпяшацца несьці грошы дзяржаве. Аднак ня ўсе да гэтага прыслухаліся. У выніку бюджэт атрымаў ад так званых «дармаедаў» амаль 5 мільёнаў «новых» рублёў.
Цяпер гэтыя людзі ня могуць вярнуць свае грошы. І гэта яшчэ адна падстава для абурэньня. А ў гэтых людзей ёсьць і родныя, і знаёмыя. Усё гэта абмяркоўваецца. Таму і хваля абурэньня расьце. Я згодны з Валерам Карбалевічам у тым, што ўлады самі паставілі сябе ў нязручнае становішча. І сапраўды — калі дэкрэт не адменены, то, чаму трэба вяртаць грошы тым, хто сплаціў падатак? І другі аспэкт праблемы — дзе ўзяць грошы, каб вярнуць іх насельніцтву? Тыя, што ўзялі ад людзей, ужо даўно патрачаныя.
Паколькі дэкрэт № 3 да гэтага часу афіцыйна не адменены, то пеня для тых, хто па-ранейшаму знаходзіцца ў сьпісах «утрыманцаў», фактычна расьце кожны дзень
А яшчэ я хачу зьвярнуць увагу на адну праблему, якую мае калегі не абмяркоўвалі. Паколькі дэкрэт № 3 да гэтага часу афіцыйна не адменены, то пеня для тых, хто па-ранейшаму знаходзіцца ў сьпісах «утрыманцаў», фактычна расьце кожны дзень. Зь юрыдычнага пункту гледжаньня дэкрэт «Аб папярэджаньні сацыяльнага ўтрыманства» працягвае працаваць. І Лукашэнка сам гэта пацьвердзіў, калі казаў: я нічога не адмяняў, дакумэнт накіраваны на дапрацоўку, але дапрацоўка была няўдалая.
А гэта значыць, што людзі, чые прозьвішчы засталіся або застануцца ў сьпісах «дармаедаў», акрамя самога падатку будуць вымушаныя сплаціць ня толькі сам збор, але і пеню, якая налічваецца на асноўную суму.
Напружанасьць у грамадзтве будзе нарастаць. І слушна казаў Віталь Цыганкоў, што зь цягам часу — мабыць, увосень, — людзі адчуюць, у якую складаную сытуацыю яны трапілі. І ў што тады выльецца іх абурэньне?
І апошняе — колькі ж «дармаедаў» знайшла дзяржава? Гэтая лічба мянялася. То яна зашкальвала за 400 тысяч, то называлі 250 тысяч, а сплацілі падатак нібыта крыху больш за 16 тысяч беларусаў. Вось такі вынік «апэрацыі «Дармаеды».