У Маскве былі затрыманы 860 чалавек, у Санкт-Пецярбургу — 550. Дзясяткі апынуліся ў пастарунках у іншых гарадах Расеі. Усяго затрымалі больш за паўтары тысячы грамадзянаў.
Ініцыятара акцыі Аляксея Навальнага ў ноч на аўторак суд пакараў 30 суткамі адміністрацыйнага арышту, абвінаваціўшы ў паўторным парушэньні правілаў правядзеньня мітынгу.
Дзень Расеі: затрымалі 1500 чалавек і адну качку, у Маскве разагналі «маўклівы пратэст». Фота і відэа
Папярэдняя хваля паліцэйскага гвалту здарылася ў Расеі 26 сакавіка, тады колькасьць затрыманых пераваліла за тысячу. Гэта адбылося на другі дзень пасьля брутальнага разгону ўдзельнікаў Дня Волі ў Менску, дзе ў пастарунках таксама апынуліся сотні актывістаў і выпадковых мінакоў.
У сувязі з гэтым аналітыкі ўсё часьцей праводзяць паралелі паміж мэтадамі расейскіх і беларускіх уладаў, якія ўсё больш абмяжоўваюць права на свабоду мірных сходаў і ўсё часьцей задзейнічаюць сілавыя спосабы нэўтралізацыі.
Гефтэр: сілавікі выбіраюць «зачыстку»
Як кажа дырэктар расейскага Інстытуту правоў чалавека Валянцін Гефтэр, замест таго, каб дамаўляцца з пратэстоўцамі, сілавікі бязь лішніх словаў пачынаюць «зачыстку»:
«Да чаго ўсё рухаецца, ня ведаю, я ня вельмі добры варажбіт. А ці ёсьць падабенства? Безумоўна, хоць падзеі таксама розныя. У вас жа таксама быў ня толькі жорсткі сьнежань 2010-га, але і „ціхія“ акцыі. То бок, адны больш душыліся, іншыя — менш. Цяперашняе абвастрэньне зразумела з чым зьвязана, але агульныя тэндэнцыі, на жаль, ня лепшыя. У тым ліку ў заканадаўстве, якое рэгулюе публічныя акцыі: фармальна ёсьць забарона ўжываць жорсткія захады нават у тых выпадках, калі арганізатары і ўдзельнікі нейкім чынам парушаюць асобныя нормы. У выніку ўсё выліваецца ў тое, што мы бачым. Прычым часта зь ініцыятывы службовых асобаў, якія там прысутнічаюць найперш для таго, каб дамаўляцца. І замест таго, каб ісьці на мінімізацыю наступстваў, часта ідуць на крайнія захады.
Мушу заўважыць, што падчас некаторых падзеяў і ў вас, і ў нас на абвастрэньне гуляюць абодва бакі. Праўда, адказнасьць у іх розная, але на практыцы вельмі часта карціць атрымаць вынік калі не ў такім выглядзе, то прынамсі ў форме нашмат большага абвастрэньня, чым калі б акцыя прайшла мірна і без затрыманьняў. А церпяць, як правіла, людзі, якія не разумеюць тонкасьцяў ні заканадаўства, ні думак аднаго і другога боку. Прыходзяць у разьліку на тое, што ніхто зь імі нічога дрэннага ня зробіць».
Бяляцкі: улады працуюць на задушэньне
Кіраўнік праваабарончага цэнтру «Вясна» Алесь Бяляцкі гэтаксама схільны думаць, што агульнага ў дзеяньнях сілавікоў у Расеі і Беларусі нашмат больш, чым адрознага:
«Насамрэч мэтады вельмі падобныя. Я б нагадаў яшчэ пра тую акцыю, якая праходзіла ў Расеі 26 сакавіка, адразу на наступны дзень пасьля разгону на Дзень Волі ў Менску. Тады ў іх таксама было затрымана некалькі сотняў чалавек, заведзена сем крымінальных спраў за супраціў паліцыі. Як быццам быў гвалт у дачыненьні супрацоўнікаў праваахоўных органаў і г.д. Відавочна, што і расейскія, і беларускія ўлады дзейнічаюць у фармаце аўтарытарных рэжымаў, якія ня хочуць чуць пратэставы голас, ня ставяцца з павагай да іншай думкі, а працуюць на задушэньне, на абмежаваньне свабодаў і правоў сваіх грамадзянаў. То бок, размова з пазыцыі сілы. І вось такі падыход, дэманстрацыя таго, што ўлада моцная і можа задушыць любы выступ — гэта тое, што адназначна аб’ядноўвае рэпрэсіўныя мэтады, якія ўжываюцца і ў Маскве, і ў Менску.
Я б не рабіў параўнаньня, дзе большы, а дзе меншы ўзровень брутальнасьці. У Расеі таксама зафіксаваныя выпадкі, калі людзі апынуліся ў шпіталях, былі зьбітыя. Дакладна гэтак жа, як увесну было ў розных гарадах Беларусі. Усё ж больш падабенства, чым нейкіх разыходжаньняў».
Як стала вядома, Сьледчы камітэт Расеі распачаў некалькі крымінальных спраў супраць удзельнікаў акцый у Маскве і Санкт-Пецярбургу за напад на паліцыянтаў. Тым часам некалькі чалавек трапілі ў шпіталі пасьля сутычак з байцамі АМАПу, а дзеяньні праваахоўнікаў прызнаныя «адэкватнымі сытуацыі».