Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Тэма разьлікаў за нафту і газ цьмяная і для беларускай, і расейскай грамадзкасьці, — фінансавы аналітык


Кіраўніцтва Міністэрства энэргетыкі Беларусі заявіла, што Расея і Беларусь распачалі ўзгадненьне праекту дамовы, якая прадугледжвае пераход на расейскія рублі ў разьліках за пастаўкі нафты і газу.

Паводле намесьніка міністра Вадзіма Закрэўскага, дакладнай даты перамоваў пакуль няма, але цяпер дакумэнт праходзіць неабходныя працэдуры ў расейскіх ведамствах. Чыноўнік выказаў надзею, што пераход можа ажыцьцявіцца да канца гэтага году.

Старшы аналітык кампаніі «Альпары» Вадзім Іосуб у камэнтары для Свабоды нагадвае, што падобныя размовы вяліся і дагэтуль, але праблема ў тым, што ўсё адбываецца кулуарна, без інфармаваньня грамадзкасьці:

Вадзім Іосуб
Вадзім Іосуб

«Наогул тэма разьлікаў Беларусі і Расеі за энэрганосьбіты дастаткова цьмяная што для беларускай, што для расейскай, не кажу ўжо пра іншую ўсясьветную грамадзкасьць. Усё вельмі непразрыста, а таму не зусім зразумела, што там насамрэч адбываецца. Пра тое, што разьлікі за энэрганосьбіты будуць ісьці ў нацыянальных валютах — у першую чаргу ў расейскіх рублях — заяўлялася дастаткова даўно. Гады два таму ўскосна праскоквала інфармацыя, што дэ-факта такія разьлікі ўжо ідуць. Падобна, гаворка ішла пра тое, што цэнаўтварэньне нафты і газу (кантракты з фіксаванай цаной ці зь нейкай формулай) вылічваецца ў далярах. А ўжо непасрэдна разьлікі — зыходзячы з даляравай сумы запазычанасьці ў расейскіх рублях паводле бягучага курсу».

Паводле суразмоўцы, заявы пра магчымы пераход на разьлікі за энэргарэсурсы ў расейскіх рублях могуць азначаць толькі адно: рыхтуецца новы кантракт, у якім будзе фігураваць канкрэтная валюта:

«Можна толькі строіць чарговыя здагадкі, што азначаюць новыя заявы намесьніка міністра, калі разьлікі ў расейскіх рублях вяліся і раней? У такім выпадку можна дапусьціць, што гаворка ідзе пра перапісваньне кантракту. То бок, каб сумы ў кантрактах ці разьлікі паводле формулаў адбываліся ў нацыянальных валютах (мяркуючы па ўсім, у расейскіх рублях, бо наўрад ці Расея захоча фіксаваць цэны і атрымліваць аплату ў беларускіх рублях). Хоць насамрэч нават гэтае дапушчэньне можа быць памылковым, бо ва ўсіх працяглых перамовах (прынамсі пра цану газу) заўсёды фігуравалі даляравыя цэны. І было б дастаткова дзіўна даведацца, што Расея вырашыла прадаваць свой нацыянальны здабытак — газ і нафту — не за даляры, а за рублі. У такім выпадку гэта можа азначаць, што раней была практыка разьлікаў у расейскіх рублях пры даляравых цэнах, потым, відаць, ад яе адмовіліся, і цяпер гаворка, каб да старой практыкі зноў вярнуцца».

Фінансавы аналітык Вадзім Іосуб зазначае, што ўсе беларуска-расейскія перамовы ў нафтагазавай галіне ад пачатку ахутаныя таямніцай, якая ў гэтым выпадку не да месца:

«Абсалютная непразрыстасьць у такіх пытаньнях вымушае апэраваць толькі здагадкамі. Поўнай яснасьці, пра што гаворка, улады нам, на жаль, не даюць. Пры гэтым, дарэчы, спасылаюцца на рознага кшталту камэрцыйныя тайны. Хоць ва ўсясьветнай практыцы, калі гаворка пра дзяржаўныя прадпрыемствы, якія апэруюць грашыма падаткаплатнікаў — у пытаньнях формулы цаны, у якой валюце ажыцьцяўляюцца разьлікі і г.д. — ніякай адсылкі да камэрцыйнай тайны быць ня можа і не павінна. Зрэшты, у гэтым выпадку для Беларусі як для краіны-платніцы большае значэньне мае пытаньне цэнаўтварэньня — у якой валюце ўсё фіксуецца. А ўжо пытаньне таго, у якой валюце мы плацім, збольшага тэхнічнае і мае нашмат меншае значэньне».

Віцэ-прэм’ер Расеі Аркадзій Дварковіч раней таксама паведамляў, што Масква і Менск вернуцца да пытаньня аб пераходзе на рублі ў другім паўгодзьдзі сёлета. Меркавалася, што бакі маюць намер распрацаваць правілы адзінага рынку газу да 1 студзеня 2018-га.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG