Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Справа Мурада Амрыева: ня ўсім пакуль зразумелы сорам Беларусі


Да спартоўца з Чачні Мурада Амрыева не пусьцілі адвакатаў і таемна вывезьлі зь Беларусі. Таемна, бо заблыталі зацікаўленых вялікай колькасьцю машын, у адной зь якіх мог быць затрыманы. Зацікаўленыя — адвакаты, журналісты, грамадзкія актывісты. Уся справа цягнулася крыху больш за суткі.

Увечары 7 чэрвеня Амрыева затрымалі на беларуска-украінскай мяжы ў пункце пропуску «Весялоўка». Пасьля чаго яго перадалі міліцыянтам горада Добруша, а 8 чэрвеня пасьля 21 гадзіны Мурада Амрыева ўжо везьлі ў бок Расеі.

За выключэньнем самотных галасоў адчаю пра неабходнасьць ратаваць спартоўца, збольшага байнэт паставіўся да падзеі досыць абыякава.

Ulia Liashkevich : «Для таго каб людзі зразумелі ў чым справа, ім трэба патлумачыць у чым справа. Я толькі бачыла што хтосьці адкульсьці ўцёк. А чаму і ці добра гэта, ці кепска, зразумела калі пачала шукаць у Гуглі».

Калі каротка, у Чачні Мураду Амрыеву пагражаюць «кроўнай помстай» — забойствам. Пагроза сыходзіць ад аднаго з кіраўнікоў чачэнскага Міністэрства ўнутраных спраў. Пра такі стан рэчаў кажуць і расейскія юрысты, і праваабаронцы, і сам Амрыеў.

Ці мусяць беларускія сьледчыя органы разьбірацца ва ўнутранай справе Расейскай Фэдэрацыі? Не. Ці мусілі беларускія ўлады прытрымлівацца ўласных законаў і працэдур на ўласнай тэрыторыі? Так.

Беларускія ўлады не пусьцілі да Амрыева адвакатаў. Не далі напісаць заяву з просьбай палітычнага прытулку. На гэтым можна было б паставіць фармальную кропку. Бо ўлады парушылі правы і свабоды чалавека.

Але цяпер беларусы паціху пачнуць расчытваць дэталі калісьці далёкай, а цяпер такой блізкай справы. І тады цікаўныя дазнаюцца, што расейскія сілавікі з транспартнай пракуратуры не хацелі аддаваць Амрыева чачэнскім паліцыянтам, якія прыехалі па яго ў Бранск.

І што Амрыеў уцёк не з-пад варты, бо быў вольным, а ўцёк з-пад носу чачэнскага паліцэйскага спэцназу, які прыехаў адмыслова па Амрыева ў Бранск, дзе спартоўца напярэдадні затрымалі «транспартнікі», бо ў Амрыева, нібыта, быў непарадак з пашпартам, але пасьля вызвалілі.

І што ў Беларусь з Расеі Амрыеў трапіў як свабодны чалавек, але ўжо 7-га ў Расеі ён меў статус грамадзяніна ў росшуку, таму беларускія памежнікі затрымалі спартоўца. І што...

І што яшчэ шмат-шмат дэталяў справы, якая цягнецца чатыры гады. І будзе яшчэ шмат дыскусій пра ўзаемаадносіны Крамля і афіцыйнай Чачні, якая «краіна ў краіне», якой «расейскія законы не пісаныя» і д.п.

Толькі цяпер калі ўрэшце, не дай Бог, Мурад Амрыеў трапіць у катавальню чачэнскага МУС і там згібее, віна за гэта будзе і на Беларусі таксама.

А пакуль толькі сорам за пасьпешлівасьць.

Меркаваньні, выказаныя ў блогах, перадаюць погляды саміх аўтараў і не абавязкова адлюстроўваюць пазыцыю рэдакцыі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG