Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ці робяць вас відэаблогеры разумнейшымі? За і супраць Улада Бумагі: Дракахруст супраць Цыганкова


Улад Бумага
Улад Бумага

Ці роўная папулярнасьць зьмястоўнасьці і таленту? Ці робяць новыя мэдыі, відэаблогінг, людзей разумнейшымі? Бумага — самастойны творца або лялька, створаная дарослымі прадзюсэрамі?

Юры Дракахруст (за) і Віталь Цыганкоў (супраць)

За Ўлада Бумагу

1. У Бумагі — 1.6 мільёна падпісчыкаў на канал у youtube, самы яго папулярны ролік набраў 9.4 мільёна праглядаў. Людзей, якія спрабуюць рабіць нешта падобнае — безьліч. А такія вынікі — у лічаных адзінак. Гэта посьпех і сьведчаньне своеасаблівага таленту.

2. У ХІХ стагодзьдзі казалі — апэрэта — гэта ня кепская опэра. Гэтак і прадукцыю Бумагі ня варта параўноўваць зь пісьменьнікамі ці палітыкамі. Ён працуе ў сваім жанры, на сваю аўдыторыю, якую ён адчувае.

3. Памылкова лічыць, што Бумага — лялька, раскручаная дарослымі прадзюсэрамі. Спрабуюць раскруціць многіх, сур’ёзныя высілкі ўкладаюць у тых, хто ўжо нечага дасягнуў. Пустату раскруціць немагчыма, ды ніхто і ня будзе гэтым займацца.

4. Відэаблогінг — новы інструмэнт камунікацыі, мову, якой ён патрабуе, засвойваюць ня толькі вытворцы прыколаў, але і грамадзкія лідэры, такія, скажам, як беларус Максім Філіповіч (16 тысячаў падпісчыкаў у youtube) і расеец Аляксей Навальны (700 тысячаў падпісчыкаў у youtube).

Супраць Улада Бумагі

1. Трэба думаць ня толькі пра колькасьць, але і пра якасьць. Калі думаць толькі пра колькасьць, то аўтары прымітыўных дэтэктываў маюць у дзясяткі разоў большыя наклады за Нобэлеўскую ляўрэатку Алексіевіч. Хто лепшы пісьменьнік?

2. Ёсьць эфэкт навізны. Калісьці ў навізну былі і «Ласкавы май», і раэліці-шоў «За шклом», і сэрыял «Рабыня Ізаўра». Іх глядзелі ўсе. Потым гэта стала распаўсюджана, і эфэкт зьдзьмуўся. Магчыма, тое самае адбудзецца і з Бумагам.

3. Ягоная папулярнасьць — гэта хутчэй не пра ўзрост, а пра ўзровень інтарэсаў. Многія падлеткі на гэта паглядзелі і сказалі — «адстой».

4. Казаць. што тыя, хто жыве ў інтэрнэце, больш прагрэсіўныя за тых, хто глядзіць тэлевізар — гэта ўсё роўна што казаць, што тыя, хто езьдзіць у тралейбусе (экалягічны від транспарту), больш прагрэсіўныя за тых, хто езьдзіць у аўтобусе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG