Напярэдадні візыту ў Эстонію прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце дала інтэрвію літоўскаму тэлеканалу LRT. Шэраг расейскіх СМІ распаўсюдзілі навіну з загалоўкам, у якім прыпісала прэзыдэнтцы Літвы Далі Грыбаўскайце цытату, што існаваньне Расеі і Беларусі — галоўная пагроза Літве.
Ці сапраўды прэзыдэнтка Літвы мяркуе, што само існаваньне Беларусі пагражае ейнай краіне?
У арыгінальным інтэрвію Грыбаўскайце заявіла даслоўна наступнае:
«Эстонія, як і Латвія ці Польшча, нам вельмі важная, бо гэты рэгіён — гэта ўсходняе памежжа NATO, таму выклікі і пагрозы — тыя самыя. Гэта знаходжаньне на ўсход ад нас Расеі і Беларусі. Вядома, і мілітарызацыя, якую мы бачым у Калінінградзе, выкарыстаньне тэрыторыі Беларусі для розных экспэрымэнтаў і небясьпечных гульняў, скіраваных супраць Захаду. Сярод іх — і будучыя вайсковыя манэўры.
Гэта выклікі, на якія мы сапраўды павінны адказваць разам, а таксама рыхтавацца да будучага саміту NATO 2018 году. Выклікі і агульная пазыцыя павінны быць узгодненыя, каб мы маглі, як і дагэтуль, дасягнуць адчувальных вынікаў».
Краіны Балтыі сапраўды турбуюцца з прычыны расейска-беларускіх вучэньняў «Захад-2017». Грыбаўскайце раней казала, што краіны Балтыі будуць дамагацца дадатковых захадаў бясьпекі ад ЗША і NATO ў сувязі з вучэньнямі, «падчас якіх уздоўж нашых межаў будуць разгорнутыя вялікія і агрэсіўныя войскі, якія дэманстратыўна будуць рыхтавацца да вайны з Захадам». Міністар абароны Эстоніі Маргус Цахкна заяўляў, што вучэньні могуць стаць «квітком у адзін бок» у Беларусь для расейскіх вайскоўцаў. Пра тое самае Свабодзе казаў міністар замежных спраў Латвіі Эдгарс Рынкевічс: «Мы маем асьцярогі, што расейскія войскі, якія ўвойдуць у Беларусь, могуць не пайсьці [адтуль]».
Акрамя таго, паўночных суседзяў Беларусі турбуе будаўніцтва БелАЭС у непасрэднай блізкасьці ад межаў Літвы — магчымасьць аварыі на БелАЭС лічаць пагрозай ледзь не самому існаваньню Літвы. Літва ў папулярнай форме апісвала 10 прычын не будаваць БелАЭС.
Але непасрэдных заяваў пра тое, што «само існаваньне Беларусі — гэта пагроза Літве», не гучала. Такую заяву расейскія СМІ распаўсюджвалі са спасылкай на сайт baltnews.lt, які зьвязваюць з расейскім прапагандысцкім холдынгам Russia Today.