Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кіраўнік МЗС Літвы: У Беларусі на найвышэйшым узроўні разумеюць небясьпеку «русского мира»


Лінас Лінкявічус
Лінас Лінкявічус

«Пасьля таго, што Расея зрабіла з украінцамі, ідэя «славянскага саюзу» стала нерэалістычнай на доўгі час», — сказаў Радыё Свабода міністар замежных справаў Літвы Лінас Лінкявічус падчас міжнароднай канфэрэнцыі ў пытаньнях бясьпекі GLOBSEC 2017 у Браціславе.

— Шэраг літоўскіх палітыкаў, у тым ліку прэзыдэнтка Літвы Даля Грыбаўскайце, выказвалі сур’ёзную трывогу ў сувязі зь беларуска-расейскімі вучэньнямі «Захад-2017», якія маюць адбыцца ў верасьні. Вы бачыце нейкія прынцыповыя адрозьненьні гэтых вучэньняў ад ранейшых або тут найперш пытаньне кантэксту, бо гэта першыя такія вучэньні ў Беларусі пасьля анэксіі Расеяй Крыму і пачатку вайны ва Ўкраіне?

— Магчыма, вы маеце рацыю — гэта найперш палітычны кантэкст. Гэта ня першыя такія вучэньні, і яны частка агульнай сытуацыі каля нашых межаў за апошні час — на моры, у паветры і на сушы. Мы назіраем канцэнтрацыю вайскоўцаў у Заходняй акрузе [Расеі], мадэрнізацыю зброі — напрыклад, ракетаў «Іскандэр», якія могуць несьці ядзерны зарад. Можна сказаць, што ўсё гэта частка гульні мускуламі ці бразганьня шаблямі.

Калі казаць па-простаму, гэта будзе амаль тысяча кілямэтраў мяжы з «пашыранай Расеяй».

І сапраўды, пасьля падзеяў ва Ўкраіне мы больш уважліва глядзім на ўсё гэта. Беларусь цалкам інтэграваная з Расеяй. Чатыры тысячы вагонаў прывязуць агромністую колькасьць зброі і вайсковага абсталяваньня ў Беларусь. Мы маем больш за 650 кілямэтраў мяжы зь Беларусьсю і больш за 250 кілямэтраў мяжы з Калінінградзкай вобласьцю.

Калі казаць па-простаму, гэта будзе амаль тысяча кілямэтраў мяжы з «пашыранай Расеяй» і велічэзная колькасьць зброі на гэтых вучэньнях. У кантэксьце трывожных падзеяў у рэгіёне мы не пачуваемся вельмі ўтульна, таму мы і робім такія заявы. Магчыма, гэта частка іх агульнай стратэгіі — выкарыстоўваць такія сілавыя аргумэнты, каб узмацніць сваю палітычную пазыцыю. Гэта не спрыяе пабудове даверу.

Лінас Лінкявічус
Лінас Лінкявічус

— Міністар абароны Эстоніі заявіў, што вучэньні могуць стаць «квітком у адзін бок» у Беларусь для расейскіх вайскоўцаў. Наколькі вы падзяляеце гэтыя трывогі?

— Я сам казаў пра такую імавернасьць, хоць афіцыйна гэта абвяргаецца. Думаю, што ня толькі мы, але і самі беларусы павінны прымаць гэта пад увагу.

— На вашую думку, ці адчуваюць улады Беларусі небясьпеку з боку Расеі?

Канцэпцыя «русского мира» небясьпечная ня толькі для беларусаў, але і, напрыклад, для казахаў...

— Я думаю, што так. Была зразумелая ідэя «славянскага саюзу», агульных культурных каранёў. Але пасьля таго што Расея зрабіла з украінцамі, ідэя «славянскага саюзу» стала нерэалістычнай на доўгі час. Да таго ж, зьявілася канцэпцыя «русского мира», і мне здаецца, што гэта небясьпечная канцэпцыя ня толькі для беларусаў, але і, напрыклад, для казахаў, і шмат для каго яшчэ. Гэта канцэпцыя нацыяналістычная і рэваншысцкая — ідэя «збору земляў» ці нешта такое — і яна прагучала як трывожны званок. І шмат хто ў Беларусі гэта зразумеў. Бо ў Беларусі і так даволі цяжкая сытуацыя з сувэрэнітэтам.

— Калі вы кажаце «шмат хто ў Беларусі», ці тычыцца гэта найвышэйшага ўзроўню ўлады?

Я ведаю і людзей на найвышэйшым узроўні, якія разумеюць, хто яны і што яны робяць.

— Я ведаю і людзей на найвышэйшым узроўні, якія разумеюць, хто яны і што яны робяць, хай сабе можа яны не выказваюцца так ясна на публіцы. Я лічу, што яны павінны разумець сытуацыю, калі яны хочуць захаваць фрагмэнты сувэрэнітэту.

— На пачатку году вы заявілі ў інтэрвію «Нямецкай хвалі»: «Мы, вядома, хацелі б падтрымаць беларускі сувэрэнітэт... тое, што ад яго засталося». Гэта даволі рэзкія словы для дыплямата, і яны выклікалі жорсткі адказ з боку МЗС Беларусі...

— Давайце не забывацца, што існуе саюз Беларусі і Расеі. Спэцслужбы цалкам інтэграваныя. У КДБ Беларусі ёсьць прадстаўніцтва ФСБ, яны супрацоўнічаюць даволі шчыльна. Зараз падчас вучэньняў у Беларусь завязуць такую вялікую колькасьць вайсковага абсталяваньня, зброі. Гэта ўсё даволі інтэгравана, і ня бачыць гэтага было б сапраўды наіўна. Таму я і кажу, што ёсьць фрагмэнты сувэрэнітэту і іх трэба неяк захаваць. Але гэта залежыць ад беларускіх уладаў.

— Пасьля таго, як Эўразьвяз у лютым канчаткова зьняў большасьць санкцыяў, у Беларусі адбыліся новыя арышты ўдзельнікаў пратэстаў. Як бы вы ацанілі цяперашнія адносіны Літвы і Эўразьвязу з уладамі Беларусі?

— Мы спрабуем дзейнічаць асьцярожна, каб паспрыяць пераменам. Санкцыі былі зьнятыя менавіта таму, што былі вызваленыя палітвязьні. Беларускі бок даволі добра ведае, што калі яны вернуцца да гэтых дзеяньняў, якія не прыносяць карысьці, нам давядзецца вярнуцца да санкцыяў. Калі цяперашнія арышты ператворацца ў сытуацыю палітвязьняў, гэта будзе значыць, што мы вярнуліся да ранейшай стадыі нашых адносінаў, якая была вельмі складанай.

Гэта ненармальна, калі для беларусаў віза каштуе 60 эўра, а для расейцаў 35 эўра.

Мне здаецца, нам удалося дасягнуць прарыву па некаторых вельмі важных пытаньнях — такіх, як спрашчэньне візавага рэжыму — падчас нашага старшынёўства ў Радзе Эўразьвязу ў другой палове 2013 году. Цяпер мы пачалі размаўляць пра іншыя важныя рэчы, пра мадэрнізацыю краіны, таму дыялёг з Эўразьвязам важны для Беларусі. Для нас гэта таксама важна — гэта нашыя суседзі, і нам неабыякава, хто яны і што яны робяць.

Я магу запэўніць вас, што мы робім усё магчымае, каб паспрыяць гэтаму дыялёгу. Мы ня хочам, каб беларусы былі ізаляваныя. Мы хочам, каб людзі падарожнічалі. Гэта ненармальна, калі для беларусаў віза каштуе 60 эўра, а для расейцаў 35 эўра. Мы штодня выдаём каля тысячы візаў у нашай амбасадзе ў Менску. Гэта вялікая лічба. Так што мы робім усё, што ў нашых сілах. Але зь іншага боку, мы павінны быць цьвёрдымі і пасьлядоўнымі.

— Цяпер у Беларусі 16 чалавек знаходзяцца ў дасудовым зьняволеньні па сумнеўнай справе аб падрыхтоўцы масавых беспарадкаў. Тыя экспэрты, зь якімі я размаўляў тут на канфэрэнцыі, кажуць, што Эўразьвяз можа ня мець палітычнай волі вяртацца да санкцыяў цяпер, нават калі ў Беларусі зьявяцца міжнародна прызнаныя палітвязьні. Вы лічыце, што такая палітычная воля ёсьць?

— Так. Бо мы мусім гэта зрабіць. Інакш мы будзем зусім непасьлядоўнымі. Нейкі час таму [ўлады Беларусі] нешта выканалі, і таму былі зьнятыя санкцыі. Але калі будзе вяртаньне да ранейшай сытуацыі, я буду сярод тых, хто будзе настойваць на вяртаньні санкцыяў. Яны ведаюць правілы, і іх трэба выконваць.

Вяртаньне палітвязьняў — гэта вельмі кепская рэч. Але я таксама дадам і адно балючае двухбаковае пытаньне ў нашых адносінах — гэта атамная электрастанцыя ў Астравецкім раёне. Я нават ня ведаю, як пераканаць улады Беларусі, што яны робяць няправільныя крокі. Хоць публічна яны запрашаюць дыпляматаў паглядзець, як яны ўсё выдатна робяць.

Тут ня можа быць адступленьня і кампрамісаў, бо мы ня можам заплюшчыць вочы на пабудову АЭС за 40 кілямэтраў ад Вільні.

У гэтым пытаньні мы будзем сапраўды настойлівымі. Тут ня можа быць адступленьня і кампрамісаў, бо мы ня можам заплюшчыць вочы на пабудову АЭС за 40 кілямэтраў ад Вільні, гэта надта блізка. Мы ня можам дазволіць ім рабіць што заўгодна.

Нават ня ім, бо гэта расейскі праект, расейскія грошы і тэхналёгіі. Няма назіральнага органу, якому мы маглі б давяраць. І калі гучаць заявы «Давайце пабудуем гэта як найхутчэй і найтаньней», гэта значыць, што, пэўна, для бясьпекі застаецца ня так шмат месца. Гэтая двухбаковая праблема важная для агульнай карціны.

— Вы кажаце пра двухбаковую праблему. У якой ступені іншыя краіны Эўразьвязу, у тым ліку суседзі, падтрымліваюць пазыцыю Літвы ў гэтым пытаньні?

— Сапраўды, гэта важная папраўка. Я сказаў пра двухбаковую, таму што гэта так блізка да Вільні. Але гэта рэгіянальная і эўрапейская праблема. І эўракамісар у пытаньнях энэргетыкі скажа вам, калі ў яго спытацца, што гэта праблема Эўразьвязу. Камісар Шэфчавіч падчас візыту ў Вільню сказаў, што калі ўлады Беларусі ня будуць супрацоўнічаць у адпаведнасьці са стандартамі бясьпекі, дык дыялёг зь Беларусьсю ня будзе адноўлены.

— Ці бачыце вы магчымасьць спыніць пабудову АЭС, або гаворка пра вышэйшыя стандарты бясьпекі?

Ужо былі неаднаразовыя заявы і ад уладаў Польшчы, што яны ня будуць купляць электрычнасьць з гэтай АЭС.

— Мы заяўлялі, што будаўніцтва павінна быць спыненае. Але мы разумеем, што калі яно ня спыніцца, дык трэба прыкладаць усе намаганьні, каб ад яго была прынамсі мінімальная шкода. Мы ўжо прынялі закон, які забараняе купляць электрычнасьць з гэтай АЭС, бо такая станцыя небясьпечная.

Ужо былі неаднаразовыя заявы і ад уладаў Польшчы, што яны ня будуць купляць электрычнасьць з гэтай АЭС. Таму варта сур’ёзна падумаць пра пэрспэктывы гэтай станцыі, бо без магчымасьці экспарту яна эканамічна немэтазгодная.

Лінас Лінкявічус
Лінас Лінкявічус

— У красавіку, камэнтуючы Радыё Свабода працу расейскіх дзяржаўных тэлеканалаў, вы сказалі: «Хлусьня — гэта не альтэрнатыўнае меркаваньне». Ці ўспрымаеце вы як пагрозу расейскія сацыяльныя сеткі, і як вы ацэньваеце нядаўняе рашэньне ўладаў Украіны заблякаваць шэраг такіх сетак?

— Тут мне цяжка судзіць. Я так разумею, што некаторыя сеткі — напрыклад, «Вконтакте» — заблякавалі, каб абмежаваць доступ да вайсковых крыніцаў. Пра гэта лепей пытацца ўкраінскія ўлады.

Нельга сказаць, што гаворка пра свабоду слова ці пра погляды — насамрэч гэта зброя, якую эфэктыўна выкарыстоўваюць.

Калі ж казаць пра ўплыў на нашых людзей, дык паводле нашых дасьледаваньняў, ён не такі і вялікі. Але я не лічу, што мы ад гэтага ўплыву застрахаваныя. Гэта, дарэчы, тычыцца і нашых суседзяў, і краінаў Заходняй Эўропы. Бо гаворка ня толькі пра расейскамоўныя мэдыі. Тэлеканал Russia Today (Расея сёньня), які я называю Russia Yesterday (Расея ўчора), актыўна дзейнічае на многіх мовах і карыстаецца папулярнасьцю. Яго можна лёгка паглядзець і тут, у браціслаўскім гатэлі. За ім стаяць вялікія грошы, і гэтыя мэдыі ператвараюцца ў зброю. Нельга сказаць, што гаворка пра свабоду слова ці пра погляды — насамрэч гэта зброя, якую эфэктыўна выкарыстоўваюць. Мы дагэтуль гэта недаацэньваем.

Але мы не павінны спыняць, замарожваць ці абмяжоўваць, бо гэта неэфэктыўна. Мы павінны забясьпечваць альтэрнатыўныя крыніцы інфармацыі і не пакідаць хлусьню без адказу. Бо калі хлусьню паўтараюць 15 разоў, яна шмат для каго робіцца праўдай.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG