Ці дапаможа гэтай галіне заплянаваная мадэрнізацыя? Што будзе з беларускімі бюджэтам, калі Эўропа пяройдзе на электрамабілі і перастане закупляць беларускія нафтапрадукты? Наколькі ўлады дазволяць падняць цану на бэнзін для насельніцтва? На гэтыя ды іншыя пытаньні адказваюць эканамічная аглядальніца Тацяна Манёнак і палітык і прадпрымальнік Леў Марголін.
Цыганкоў: Падчас нарады наконт стратэгіі разьвіцьця нафтаперапрацоўчай галіны Аляксандар Лукашэнка запатрабаваў пераадолець спад у гэтай галіне. «Нафтаперапрацоўка з флягману эканомікі пераўтвараецца ў стратную галіну» — заявіў кіраўнік дзяржавы. Апошнія вынікі працы ў гэтай галіне — гэта сьведчаньне нейкага сыстэмнага крызісу альбо проста вынікі асаблівага 2016 году, калі быў канфлікт з Расеяй і Расея зьменшыла пастаўкі нафты ў Беларусь?
Манёнак: Беларускі ўрад загадваў нафтаперапрацоўчым заводам завяршыць праекты па мадэрнізацыі яшчэ да пачатку 2017 году. Калі б гэта было зроблена, то страты, якія панесла нафтаперапрацоўка, былі б меншыя. Але галоўнае — гэта каньюнктура на сусьветным рынку нафты. Менавіта праз гэта заводы панесьлі найбольшыя страты. Вядома, калі б яны былі мадэрнізаваныя, яны б выпускалі больш ліквідных, «сьветлых» нафтапрадуктаў, і атрымалі б большую валютную выручку.
Цыганкоў: Калі казаць пра доўгатэрміновую стратэгічную пэрспэктыву — падзеньне цэнаў на нафту, патэнцыйны паступовы пераход на электрамабілі — якую будучыню гэтыя тэндэнцыі ствараюць для беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў?
Манёнак: Вядома, усе гэтыя працэсы асэнсоўваюцца і беларускімі чыноўнікамі. Нядаўна, Нафтан пераглядаў стратэгію свайго разьвіцьця, і цяпер больш увагі надае ня толькі паліўнаму кірунку, але і нафтахімічнаму. Калі праграма мадэрнізацыі будзе завершаная ў сьціслыя тэрміны, то яна дазволіць Нафтану вырабляць больш ліквідныя прадукты нафтахіміі. То бок ёсьць урадавыя чыноўнікі, якія выдатна разумеюць гэтыя тэндэнцыі і спрабуюць рэагаваць на новую сытуацыю.
Цыганкоў: Са словам «мадэрнізацыя» у беларусаў зьвязаныя не самыя лепшыя асацыяцыі. Мы ведаем, як правальна прайшла мадэрнізацыя дрэваапрацоўкі, і дзе гарантыя, што грошы, якія ўлады знойдуць на мадэрнізацыю нафтазаводаў, не чакае той самы сумны лёс?
Марголін: Па-першае, я хачу адзначыць, што віну за нерэнтабэльную працу гэтых заводаў у 2016 годзе нясе асабіста Лукашэнка. Бо аб’ёмы перапрацоўкі нафты скараціліся з-за газавай вайны. Недахоп валюты прывёў да таго, што мадэрнізацыі так і не была скончаная. Таму Лукашэнку трэба ківаць толькі на самога сябе.
у Беларусі гэтую мадэрнізацыю робіць чыноўнік за дзяржаўныя грошы
Што тычыцца пэрспэктывы, то гэтыя заводы павінны ўвесь час крочыць за самымі сучаснымі тэндэнцыямі. Сусьветнае скарачэньне попыту будзе, але ў Эўропе столькі нафтаапрацоўчых прадпрыемстваў, што ўсё яны не выжывуць. І трэба пабудаваць стратэгіяю так, каб застацца сярод тых, хто выжыве, а не збанкрутуе.
Але для гэтага трэба своечасовая мадэрнізацыя. Аднак у Беларусі гэтую мадэрнізацыю робіць чыноўнік за дзяржаўныя грошы, нярэдка ў іх асабістыя інтарэсы, рашэньне прымаецца ня самае найлепшае, а самае выгаднае чыноўніку. Таму ніхто ня можа даць гарантыі, што вынікі мадэрнізацыі будуць такія, як трэба.
Цыганкоў: У сьвеце зараз выміраюць цэлыя галіны вытворчасьці, напрыклад, такія, як вуглездабыча. Хіба такі лёс не чакае і нафтаперапрацоўку праз 20-30 гадоў?
Марголін: Думаю, не. Па-першае, гэта больш працяглая справа, можа, гадоў 50-60. Па-другое, калі можа абысьціся без паліўнай галіны — то нафтахімія застанецца заўсёды. І патрэба ў такіх прадпрыемствах будзе заўсёды. Але зноў-такі трэба рабіць мадэрнізацыю, якую наша дзяржава рабіць не ўмее. Калі б нашымі заводамі валодалі нейкія міжнародныя кансорцыюмы — у іх і грошай больш, і тэхнічныя рашэньні больш сучасныя, і грошай ад дзяржавы яны не просяць.
Цыганкоў: Экспэрты кажуць, што нафта ўжо ніколі не дасягне тых завоблачных 120-130 даляраў, якія яна каштавалі яшчэ 3-4 гады таму. Пры цяперашняй цане 40-50 даляраў звышпрыбыткаў у беларускіх нафтаперапрацоўчых заводаў ужо ня будзе, ці ня так?
Манёнак: Пакуль Расея не завяршыла свой «падатковы манэўр» у нафтавай галіне, у беларускіх заводаў ёсьць магчымасьць атрымліваць прыбытак ад перапрацоўкі расейскай нафты. Я нагадаю, што гэтая рэформа ў Расеі праходзіць ужо 3 гады, і ў яе выніку розьніца паміж мыты на нафту і нафтапрадуктаў зьнізіцца да нуля. Тады беларускія заводы сапраўды змогуць зарабляць толькі на тым, што будуць вырабляць вельмі высакаякасную прадукцыю, наладзіць эфэктыўную лягістыку.
Калі будзе падвышацца кошт на расейскую нафту для Беларусі ў сувязі з падатковым манэўрам — то гэта непазьбежна
Калі стратэгія будзе вызначана правільна, то ёсьць шанец, што гэтыя заводы выжывуць. Але пасьля таго, як Расея завершыць свой «падатковы манэўр», яны вымушаны будуць зьнізіць аб’ёмы перапрацоўкі расейскай нафты. Мы ўжо цяпер ведаем, што сёлета беларускія нафтазаводы перапрацуюць не 24 мільёны тон, як патэнцыйна могуць, а толькі 18 мільёнаў. Бо гэта пры цяперашнім узроўні мадэрнізацыі дае больш якасных нафтапрадуктаў і больш валютнай выручкі. Калі будзе падвышацца кошт на расейскую нафту для Беларусі ў сувязі з падатковым манэўрам — то гэта непазьбежна.
Цыганкоў: Ці прывядуць апошнія тэндэнцыі на нафтавым рынку да падвышэньня цэнаў на бэнзін на беларускім унутраным рынку?
Манёнак: Беларускія нафтавікі заўсёды казалі, што самая мэтазгодная цана на бэнзін — гэта адзін даляр у эквіваленце. Калі гэта будзе, тады ёсьць магчымасьць заводам мець пэўную маржу, дастатковую, каб весьці свае інвэстыцыйныя праграмы. Я ведаю, што заводы прасілі павысіць хаця б на 10 працэнтаў кошт паліва на беларускім рынку. Вядома, гэта пытаньне, якое рэгулюецца дзяржавай, і дзяржава сочыць за тым. як гэта будзе адбівацца на ўзроўні інфляцыі.
Марголін: На мой погляд, падвышэньне, калі і будзе, то абмяжуецца недзе 10 працэнтамі ад цяперашняга ўзроўню. І справа ня толькі ў інфляцыі, на якой гэта адаб’ецца, а ў тым, як гэта ўспрыме насельніцтва, якое бяднее. Па-другое, унутраны рынак нафтапрадуктаў не аказвае вырашальнага ўзьдзеяньня на рэнтабэльнасьць, бо толькі траціна ўсёй нафты перапрацоўваецца для ўнутранага спажываньня.