Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Зьбіцьцё ў мэтро: мая міліцыя мяне беражэ


Чаму відэа з затрыманьнем міліцыянтамі хлопца ў мэтро выклікала такую вострую рэакцыю ў сацыяльных сетках?

Удзельнічаюць: Валер Карбалевіч, Віталь Цыганкоў, Юры Дракахруст.

Карбалевіч: У суботу 27 траўня у інтэрнэце зьявілася відэазапіс інцыдэнту на станцыі мэтро «Кастрычніцкая». Чацьвёра супрацоўнікаў міліцыі і мэтрапалітэну затрымліваюць маладога чалавека і ніяк не могуць даць яму рады. Яго, ляжачага, б’юць кулакамі ў твар, ужываюць да яго розныя болевыя прыёмы, у тым ліку становяцца каленам прама на карак. І толькі калі на дапамогу прыходзяць яшчэ двое. Нарэшце ўшасьцёх яны змаглі яго, скажам, так, нэўтралізаваць.

Невядома, чым правініўся гэты хлопец. Дзяўчына, якая зрабіла віэазапіс, кажа, што бачыла, як хлопец ішоў і нікога не чапаў, калі яго сталі затрымліваць. Вэрсія міліцыі іншая. Хлопец прыцягнуў увагу супрацоўнікаў міліцыі па ахове мэтрапалітэну тым, што быў «шалёны». Паводле міліцыі, ён знаходзіўся ў стане алькагольнага ап’яненьня і пры спробе затрыманьня зламаў нос міліцыянту.

Абурэньне грамадзкасьці выклікала і жорсткасьць дзеяньняў міліцыі і іх непрафэсіяналізм. Шасьцёра міліцыянтаў не могуць арыштаваць аднаго чалавека без бойкі, зьбіцьця яго.

Дарэчы, гэта не толькі чыста беларуская праблема. У шмат якіх краінах сьвету відэакадры жорсткіх дзеяньняў паліцыі выклікаюць абурэньне грамадзкасьці. Напрыклад, у ЗША час ад часу гэта робіцца падставай масавых пратэстаў. Звычайна па такіх эпізодах праводзіцца праверка, паліцэйскае начальства вымушаная даваць справаздачы грамадзкасьці.

Спэцыфіка Беларусі ў тым, што, па-першае, тут няма грамадзянскага кантролю за сілавымі структурамі.

Спэцыфіка Беларусі ў тым, што, па-першае, тут няма грамадзянскага кантролю за сілавымі структурамі, што разьвязвае ім рукі. Па-другое, у Беларусі існуе моцны недавер да міліцыі. Паводле шматлікіх апытаньняў НІСЭПД, рэйтынг даверу да міліцыі нізкі, сярод усіх дзяржаўных інстытутаў давер да міліцыі адзін з самых нізкіх.

Па-трэцяе, апошнім часам скандалы вакол міліцыі узьнікаюць вельмі часта. Прычым, у асноўным менавіта з-за жорсткіх дзеяньняў міліцыянтаў. Гісторыі, калі міліцыянты зьбіваюць нейкага грамадзяніна, здараюцца ўсё часьцей. І кіраўніцтва МУС амаль заўсёды апраўдвае сваіх супрацоўнікаў, што выклікае дадатковае абурэньне грамадзкасьці.

Цыганкоў: Баюся, што магчыма апынуся ў ролі абаронца міліцыі. Варта удакладніць некаторыя моманты. Як тлумачыла потым міліцыя, гэты чалавек знаходзіўся ў стане ап’яненьня, і адпаведна паводзіў сябе неадэкватна — то бок, на думку міліцыі, уяўляў пагрозу навакольным, не падпарадкоўваўся патрабаваньням міліцыі. Тое, што на відэа мы бачым, як у яго затрыманьні прымаюць удзел ажно 6 чалавек, можа сьведчыць пра непрафэсіяналізм, бо для гэтага хапіла б 2 ці 3 чалавекі. Але, як тлумачаць у сацыяльных сетках прадстаўнікі міліцыі, ня ўсе з гэтых людзей былі міліцыянтамі, гэта былі супрацоўнікі мэтро, так званага транспартнага нагляду. Яны не міліцыянты, адпаведна ня маюць такіх навыкаў, як супрацоўнікі органаў унутраных спраў. Яны могуць толькі паклікаць міліцыю, самі фактычна затрымліваць ня ўмеюць.

Калі казаць пра міжнародны вопыт, то калі адбываюцца затрыманьні ў ЗША ці эўрапейскіх краінах, часам там гэта не 2 чалавекі, а дзясяткі паліцыянтаў, якія атачаюць падазраванага.

Недавер да міліцыі ў беларускім грамадзтве на такім узроўні, што любая неадназначная гісторыя ўспрымаецца ім вельмі адназначна.

Зараз недавер да міліцыі ў беларускім грамадзтве на такім узроўні, што любая неадназначная гісторыя ўспрымаецца ім вельмі адназначна. І тут любы блогер можа сабе нажыць пункты, абвінаваціўшы міліцыю, справакаваўшы прэс-сакратара міліцыі на нейкія выказваньні. Пры гэтым забаўна, як дзейнічае вось гэтая схема.

Нешта здарылася — неабыякавае грамадзтва пачынае пытацца ў нейкіх прадстаўнікоў міліцыі, а што вы пра гэта думаеце. Тыя кажуць — пачакайце, пакуль афіцыйнага адказу няма, ці я не на працы, не магу адказаць. Яму кажуць — а што ж ты, забаяўся? Ну і выклікаюць гэтага чалавека на рэзкі адказ, і тут ах — ты парушыў усе правілы паводзінаў міліцыянта, мы зараз паскардзімся на цябе начальству. І ўсё, нейкі прадстаўнік міліцыі выказаўся шчыра, і цяпер прагрэсіўная грамадзкасьць гатовая яго размазаць. Ідзе такое нагнятаньне эмоцый, якое рэдка калі спрыяе высьвятленьню праўды.

Міліцыя нават кажа пра нейкую інфармацыйную вайну супраць яе — ўсё гэта сьмешна, паколькі яна сама заваёўвае гэты нізкі давер сваімі дзеяньнямі. Мы ўжо не бярэм чыста палітычны аспэкт, калі міліцыя хапае невінаватых людзей падчас акцыяў. Але нават калі сытуацыя неадназначная, даказаць нешта шырокаму грамадзтву часам не ўяўляецца магчымым.

Дракахруст: Я згодны, што часткай рэакцыі на гэтую сытуацыю было такое крыху зьдзеклівае стаўленьне да міліцыі, маўляў, вось якія яны профі, іх 6 чалавек гэтага хлопца ўсё ніяк скруціць не маглі. Але мне здаецца, што ўяўленьне пра гэтую працу, якое ўзьнікае з прагляду паліцэйскіх баевікоў ці стужак з Джэкі Чанам, не зусім адэкватнае. Людзям, якія самі ўдзельнічалі ў бойках, вядома, што гэта даволі хаатычны працэс. Трэба быць прафэсіяналам, каб вельмі хутка разабрацца нават з адным чалавекам. А простыя міліцыянты, тым больш супрацоўнікі мэтро — адкуль ім быць такімі джэкі чанамі?

Мы бачым цэлы шэраг такіх сытуацыяў, якія выклікалі вельмі шырокую рэакцыю. Памятаеце, сытуацыя з затрыманьнем на нудысцкім пляжы, зьбіцьця ў мэтро інваліда? Прычым, варта падкрэсьліць, што гэта былі, як і цяперашні інцыдэнт, сытуацыі безь ніякай палітычнай подбіўкі.

Калі мы будзем гаварыць пра Ўкраіну, ня варта забываць, што Майдану папярэднічала Ўрадзіеўка.

Вострыя рэакцыя на такія здарэньні — адлюстраваньне моцнай злосьці, якая назапашваецца ў грамадзтве. Калі мы будзем гаварыць пра Ўкраіну, ня варта забываць, што Майдану папярэднічала Ўрадзіеўка. Гэта вёска ва Украіне, дзе міліцыянты згвалтавалі жанчыну, і там пачалося літаральна паўстаньне людзей, якія былі абураныя гэтым.

І хутчэй за ўсё не толькі гэтым канкрэтным эпізодам, а проста вырваўся вонкі патэнцыял абурэньня, злосьці, які назапасіўся тады ва ўкраінскім грамадзтве. А Майдан стаў прарывам гэтага патэнцыялу на ўзроўні ўсёй краіны.

У Беларусі, не буду прагназаваць, у што гэта можа выліцца, але мне здаецца, важна зафіксаваць гэты факт зьмены настрою. Таму што насамрэч падобных сытуацыяў было багата і 10 гадоў таму, і 20. Сказаць, што беларуская міліцыя неяк зараз істотна пагоршылася, а ў нейкім 97-м годзе там служылі толькі рыцары без страху і папроку, нельга. Я думаю, што прыкладна яна такая ж, як і была, і практыка яе прыкладна такая ж. Але рэакцыя грамадзтва іншая. І справа менавіта ў рэакцыі, а ня ў тым, што здарылася такая сытуацыя, якой ніколі не было — такое было і шмат разоў. Але цяпер яно ўспрымаецца зусім інакш.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG