Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Леніна пасунулі, агавы пасадзілі, — як у Дуброўне да «Дажынак» рыхтуюцца


Помнік Леніну «пераехаў» з цэнтральнай плошчы практычна на дзіцячую пляцоўку
Помнік Леніну «пераехаў» з цэнтральнай плошчы практычна на дзіцячую пляцоўку

Рэпартаж Свабоды з райцэнтру Дуброўна, што на Віцебшчыне, дзе актыўна рыхтуюцца да чарговых абласных «Дажынак».

Фэст працаўнікоў вёскі «Дажынкі» ўлады называюць сьвятам, пасьля якога «ўсё зробленае застанецца людзям». Але ў Дуброўне самая бурлівая дзейнасьць разгортваецца пад вокнамі райвыканкаму.

Сцэна ўжо стаіць
Сцэна ўжо стаіць

Бюджэт «Дажынак» — таямніца. Вядома толькі, што грошай ня хопіць

У дзяржаўных СМІ не агучваюць сумы бюджэтных грошай, якія будуць укладзеныя ў рэканструкцыю райцэнтру Дуброўна. А тое, як адбываецца абнаўленьне шмат якіх аб’ектаў, выклікае ў мясцовых жыхароў крыўду, што грошы проста марнуюцца.

На ўезьдзе ў Дуброўна
На ўезьдзе ў Дуброўна

У цэнтры Дуброўна — сапраўдная будаўнічая пляцоўка: тут цалкам рэканструююць плошчу перад райвыканкамам.

Помнік Леніну — дзецям. А яшчэ — помнік Фарыду Яруліну

Раней на цэнтральнай плошчы Дуброўна стаяў помнік Леніну. Ён меў «надзейны тыл» — гандлёвыя рады — і высокі пастамэнт зь сярпом і молатам. Цяпер яго «панізілі» — пастамэнт зрабілі ніжэйшым, а сам помнік пераставілі на новае месца, выбар якога дубровенцы патлумачыць не бяруцца: побач зь дзіцячай пляцоўкай, паміж музычнай школай і арэлямі. Зрэшты, арэляў яшчэ не відаць: будаўнікі толькі брукуюць тое месца, дзе будуць адпачываць дзеці.

Тут будзе дзіцячая пляцоўка
Тут будзе дзіцячая пляцоўка

Музычная школа
Музычная школа

Днямі было абвешчана, што дубровенскай музычнай школе зьбіраюцца надаць імя Фарыда Яруліна — татарскага кампазытара, які загінуў 29-гадовым на Другой сусьветнай вайне і быў пахаваны ў брацкай магіле на тэрыторыі Дубровенскага раёну. Помнік кампазытару, адліты ў Казані, зьбіраюцца паставіць каля музычнай школы. Праўда, яшчэ не вядома, ці пасьпеюць да Дажынак, ці Ленін пакуль пастаіць у адзіноце.

Каля райвыканкаму — помнік тым, хто загінуў у Вялікай Айчыннай вайне
Каля райвыканкаму — помнік тым, хто загінуў у Вялікай Айчыннай вайне

Новы брук выдзіраюць, яшчэ навейшы кладуць

Назіраючы за абнаўленьнем плошчы, дубровенцы абураюцца. Надта шмат зьнішчылі таго, што яшчэ прыдалося б, кажа прадавачка зь мясцовага «Дома гандлю»:

«Найбольш шкада, што зьнішчылі блакітныя ёлкі, якія расьлі на плошчы. Іх ці то высеклі, ці то выкарчавалі — мы нават разгледзець не пасьпелі. Бо дрэвы хуценька кудысьці вывезьлі. Потым „узаралі“ новы брук, які на плошчы паклалі два гады таму. І таксама цішком вывезьлі, разам з бардзюрамі. А навошта? Якраз-такі на плошчы ў нас быў парадак. Але ж не! Кажуць, што адзін толькі гэты праект рэканструкцыі каштуе сотні рублёў. А каму ён трэба, хто будзе тут гуляць-шпацыраваць, калі на нашы заробкі дужа не разгуляесься?»

Рэканструкцыя цэнтральнай плошчы выклікала шмат нэгатыўных камэнтароў нават у раённай газэце «Дняпроўская праўда». Але на іх ніхто не адказаў.

Рэканструкцыя цэнтральнай плошчы
Рэканструкцыя цэнтральнай плошчы

У Дуброўне будзе новы фантан
У Дуброўне будзе новы фантан

Камусьці рамонт за дзяржаўны кошт, а камусьці — за ўласны

Дарэчы, «Дом гандлю», збудаваны ў далёкія 1970-я, таксама зьбіраліся рэканструяваць. Аднак пакуль ён працуе, а рамантуецца толькі фасад. Абнаўляюцца і малыя крамкі каля цэнтральнай плошчы. Рамонт загадана зрабіць за ўласны кошт. Таму Дуброўна сёньня — «горад кантрастаў»: на крамах зьяўляецца новая дахоўка, а побач будаўнікі фарбуюць «у тон», чырванаватай фарбай, шыфэр на прыватных хатах.

Дахоўка — за кошт уласьніка. Шыфэр фарбуюць — за дзяржаўны
Дахоўка — за кошт уласьніка. Шыфэр фарбуюць — за дзяржаўны

Дзе стаіць трактар, раней стаяў Ленін
Дзе стаіць трактар, раней стаяў Ленін

Усяго заплянавана адрамантаваць 30 жылых дамоў. На ўвесь райцэнтар гэта няшмат.

Кладуць новы брук
Кладуць новы брук

Мяняюць бардзюры
Мяняюць бардзюры

У Дуброўне зьявіліся нават агавы

Тым часам у клюмбу насупраць райвыканкаму пасадзілі дзьве вялізныя экзатычныя расьліны. Мясцовыя аматары батанікі пазналі ў іх агавы. Паходзяць яны з Мэксыкі, а расьці ў адкрытым грунце могуць, калі браць найбліжэйшыя да Беларусі мясьціны, хіба толькі ў Крыме ці на Каўкаскім узьбярэжжы.

Ляндшафтны дызайн каля райвыканкаму
Ляндшафтны дызайн каля райвыканкаму

Агавы, якім у Дуброўне яўна будзе халодна
Агавы, якім у Дуброўне яўна будзе халодна

Адзін з будаўнікоў, які кладзе побач бардзюры, прапануе некалькі варыянтаў далейшага лёсу расьлін:

«Можа, іх на зіму будуць накрываць яловымі галінкамі, як ружы? Не, гэта не дапаможа... Тады няхай выкопваюць і садзяць у гаршчок. Хаця і гэта ня пойдзе — надта ж вялікія. Шкада, памерзнуць, і грошы ня вернеш».

Ёсьць у плянах і фантан з падсьвятленьнем. Пры гэтым у Дуброўне няма ўласнага краязнаўчага музэю. Сабрана каля 15 тысяч экспанатаў, але не знайшлося будынка, каб стварыць экспазыцыю. Гадоў сем таму дубровенскія ўлады чарговым разам абяцалі рэстаўраваць дзеля гэтай мэты помнік архітэктуры пачатку 19 стагодзьдзя — будынак кляштара бэрнардынцаў. Нават ужо пачалі рэстаўрацыю, але грошы скончыліся. І закінуты помнік архітэктуры сустракае гасьцей на самым уезьдзе ў райцэнтар.

Занядбаны помнік архітэктуры
Занядбаны помнік архітэктуры

Рэканструкцыя аўтавакзалу зацягнулася на паўгода. Новы асфальт быў бы таксама дарэчы
Рэканструкцыя аўтавакзалу зацягнулася на паўгода. Новы асфальт быў бы таксама дарэчы

Сёлета жыхарам Дуброўна паабяцалі, што перад «Дажынкамі» будуць рамантавацца дарогі, што трэба будзе абнавіць асфальтавае пакрыцьцё на 9 вуліцах. Таму зноў запусьцяць асфальтавы завод, які спыніў сваю дзейнасьць у 2009 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG