На мінулым тыдні пахавалі былога вязьня-пажыцьцёвіка Аляксандра Буд-Гусаіма з Салігорску. Яму ішоў 59-ы год. На ўсёй поставецкай прасторы ён быў на волі адзіным сьведкам таго, што ўяўляе сабой такая выключная мера крымінальнага пакараньня, як пажыцьцёвае зьняволеньне (ПЗ).
Споведзь пажыцьцёва зьняволеннага. Архіўнае відэа:
Гэты самы суровы турэмны рэжым ужываецца ў Беларусі ўжо 20 гадоў у якасьці альтэрнатывы расстрэлу.
Аляксандра Буд-Гусаіма пасадзілі на пачатку 1999-га за забойства егера са зброі, зь якой, паводле экспэртызы, не было зроблена аніводнага стрэлу. У 2014-м ён выйшаў на волю. Не таму, што быў апраўданы: Вярхоўны Суд вымушаны быў палічыць прызначаны яму рэжым занадта жорсткім і замяніў яго на больш «мяккі» — 20 гадоў за кратамі. З улікам амністыі атрымалася на некалькі гадоў менш.
Вызваліўшыся, ён пайшоў працаваць рабочым на будоўлю. Пра іншую працу з такім выракам ня мог і марыць. За кароткі час, аднак, стаў брыгадзірам, потым майстрам. Як сьведчаць ягоныя сямейнікі, працаваў ледзь не па 24 гадзіны на суткі. Удалося стаць на ногі і нават выкупіць назад бацькоўскую хату, што ў цэнтры Старобінскага запаведніку ў вёсцы Вейна. Яе ўласнымі рукамі пабудавалі бацькі і ён сам. Аднак падчас адседкі Аляксандра — гэта здарылася, калі бацькоў ня стала — адзін сваяк насуперак усім дамоўленасьцям прадаў маёмасьць бязь ведама жонкі і дачок асуджанага. Выкупленая хата патрабавала рамонту, і Буд-Гусаім шмат працаваў.
Як кажа ягоная жонка Марыя, плянаў у мужа было мора. Самай жа галоўнай мэтай — поўная рэабілітацыя. Не атрымалася. У момант перадыху Аляксандар прысеў на крэсла і памёр. Быццам асабліва і не хварэў, быццам і рэсурс арганізму быў разьлічаны на больш працяглае жыцьцё. Каб ня той несправядлівы прысуд, ня тая страшная турма.
Сам Аляксандар у апошняй размове са Свабодай два месяцы таму зазначыў:
«Большасьць канваіраў на ПЗ ня вераць, што адтуль можна выйсьці жывым. Так і кажуць — вы ўсе тут згніяце». «Вельмі ўдзячны тым, дзякуючы каму ня згніў, а насуперак усяму выйшаў на свабоду і маю магчымасьць жыць», — дадаў ён і назваў імёны.
У тым невялікім пераліку не было ані дэпутатаў, ані палітыкаў, ані праваабаронцаў. Ён ня быў нейкай знакавай асобай для грамадзтва — усяго толькі просты чалавек зь сялянскай сям’і. Увесь час, калі ён знаходзіўся ў вязьніцы, яго падтрымлівалі і як маглі змагаліся за яго жонка зь дзецьмі, аднавяскоўцы...Актывістка грамадзкай ініцыятывы, чый уласны муж сядзеў за кратамі і так сама апынуўся на паляваньні ня ў тым месцы і ня ў той час. Адзін менскі журналіст, які ад пачатку выявіў інтарэс да ягонай гісторыі... Яшчэ некалькі людзей, чые імёны абсалютнай большасьці мала што скажуць...
«Справай Аляксандра не хацеў займацца ніхто»
Менскі журналіст Васіль Сямашка прыгадвае, што пра Буд-Гусаіма ўпершыню пачуў недзе ў 2001 годзе, калі той ужо сядзеў у Жодзіне. Васіль працаваў тады ў «БДГ» і, рыхтуючы нейкі артыкул, зьвярнуўся з пытаньнем да аднаго з супрацоўнікаў МУС. Той і расказаў пра здарэньне ў сьнежні 1998-га, калі ў адным з палескіх запаведнікаў быў забіты егер. Крайнім у гісторыі незразумела як стаў сваяк суразмоўцы журналіста, хоць падазрэньні і падалі на аднаго зь мясцовых міліцыянтаў. Сямашку далі пачытаць справу Буд-Гусаіма. Дакумэнты ўражвалі шматлікімі нестыкоўкамі. Васіль вырашыў паехаць на месца здарэньня, у вёску, дзе жылі бацькі пажыцьцёвіка.
Паляваньнем у вёсцы Вейна, што ў цэнтры Старобінскага запаведніку, у самым пачатку беларускага Палесься, займаліся многія. Амаль кожны жыхар меў ліцэнзію, уваходзіў у таварыства паляўнічых і рыбаловаў. Таксама любілі там паляваць мясцовыя міліцыянты ды госьці са сталіцы.
«Калі я прыбыў на месца, у Вейна, то першае, што мяне ўразіла, гэта сам дом Буд-Гусаімаў, — згадвае Васіль Сямашка. — Драўляны, высокі, столь — мэтры чатыры. Чысьціня такая, што я нават адчуў няёмкасьць за тое, што ў мяне не стэрыльныя шкарпэткі. Ні да, ні пасьля я ня бачыў такога дома, які сваёй чысьцінёй нагадваў Нямеччыну. Побач стаяў асобны дамок для кухні з ваннай. Бойлераў тады не было, гарачая вада падавалася ад печы. На прысядзібным участку таксама быў ідэальны парадак. Не скажу, што гэта была надта заможная сям’я. У Буд-Гусаімаў не было машыны ці якіх іншых атрыбутаў вясковага багацьця. Іх дом вылучаўся таму, што гаспадарамі былі працавітыя, непітушчыя людзі. У вёсцы, дзе жылі пераважна баптысты, такіх жыхароў была большасьць».
Паводле Васіля Сямашкі, бацькі Аляксандра ўвесь час плакалі. Яны не маглі звыкнуцца з такім паваротам лёсу і баяліся, што больш ніколі ня ўбачаць сына. Так яно і здарылася — празь некалькі гадоў іх ня стала. Спачатку адышоў бацька, потым — маці.
«Ніхто зь вяскоўцаў ня верыў, што забойца Аляксандар»
«Буд-Гусаімы прапанавалі мне начлег у адным з пакояў, — кажа Васіль. — Раніцай бацька запрог каня і павёз мяне па вёсцы, дзе ўсе дамы былі акуратныя ды дагледжаныя. Вяскоўцы самі падыходзілі да мяне, казалі, што ня вераць у вінаватасьць Аляксандра, бо ведалі яго з маленства. Ён скончыў школу, вывучыўся на гадзіньнікавага майстра, аднак у 1990-я прыйшлося думаць пра выжываньне. Як і многія ў тыя часы, езьдзіў на заробкі ў Расею. Ён шмат што ўмеў рабіць, а таму браўся за любы занятак, пераважна ў розных будаўнічых спэцыяльнасьцях. Паводле вяскоўцаў, быў добрым працаўніком, узорным сем’янінам, ня меў аніводнага прыводу ў міліцыю.
Таксама бацька завёз мяне на месца, дзе быў забіты егер. Неўзабаве пасьля здарэньня стары сам паставіў там вялікі драўляны крыж. Потым ведамства па ахове прыроды чамусьці крыж вырашыла зьняць. Гадоў празь пяць, аднак, улады паставілі там нейкі помнік».
У той жа дзень журналіст сустрэўся зь мясцовым міліцыянтам. Было відаць, што той ня надта хоча размаўляць. Чым далей, тым справа ўсё больш выглядала падазронай. Адзіным доказам супраць Буд-Гусаіма было тое, што знойдзены ў ягоным доме шрот належаў да той жа групы, як і той, якім быў забіты егер. Нічога дзіўнага ва ўмовах вёскі, дзе ўсе палявалі. Шрот усе набывалі ў адной і той жа краме, нярэдка мясцовыя ўмельцы самі рабілі яго і прадавалі ня толькі ў сваёй, але і ў навакольных вёсках.
«Суд праходзіў усяго пяць гадзінаў»
Пасьля некалькіх сутак, якія Аляксандар як падазраваны правёў у РАУС, ён сам прызнаўся ў забойстве. Падпісаў паперу, што страляў па цёмнай пляме. На судзе, аднак, адмовіўся ад гэтых паказаньняў, паколькі падчас допытаў (без адваката) яго моцна зьбівалі, а п’яны сьледчы да таго ж пагражаў пісталетам. Суд не прыняў да ўвагі гэтай заявы і прызнаў, што абвінавачаны страляў і пры гэтым «добра бачыў па кім».
Як вынікала з матэрыялаў справы, міліцыянты на судзе блыталіся. Адзін зь іх, які суправаджаў егера, паводле яго, падчас здарэньня апынуўся зусім у іншым месцы. Калі ў яго спыталі, як, адказаў, што падвезла нейкая машына. Гэтай нейкай машыне дзіўным чынам удалося праехаць па глыбокім сьнезе і не пакінуць ніякіх сьлядоў.
Справа была рэзананснай — забойства дзяржчыноўніка падчас выкананьня службовых абавязкаў. Працэс зрабілі паказальным. Ведамства аховы прыроды напісала прадстаўленьне аб пасьмяротным узнагароджаньні егера за мужнасьць. Буд-Гусаіму за тое, што ў судзе адмовіўся ад ранейшага прызнаньня, далі пажыцьцёвае. Суд праходзіў усяго пяць гадзінаў. Перад абедам пачалі, да вечара далі ПЗ.
У сваім артыкуле («БДГ» № 83 ад 29.11.2001) Васіль Сямашка выклаў у тым ліку і ўласную вэрсію выпадку на паляваньні. Акурат перад Новым 1998 годам два егеры ведамства аховы прыроды ў суправаджэньні міліцыянтаў праводзілі чарговы рэйд. Спачатку, як прынята ў такіх выпадках, выпілі, потым у лесе паміж імі адбылася сварка. Здарыўся няшчасны выпадак. Гонар мундзіру патрабаваў знайсьці вінаватага звонку.
Журналіст кажа, што пасьля публікацыі матэрыялу ў «БДГ» (гэта быў той час, калі недзяржаўную прэсу чыталі), ён рэгулярна наведваў нацыянальны прэс-цэнтар і пастаянна задаваў генпракурору пытаньне пра Буд-Гусаіма. Казаў так:
«Прашу лічыць маю вусную заяву як падставу для праверкі крымінальнай справы, і калі гэта ня так, можаце прыцягнуць мяне да адказнасьці за паклёп».
Гэтыя заявы ня надта падабаліся, аднак за паклёп ніхто журналіста так і не прыцягнуў. Потым, калі сямейнікі ды блізкія, а таксама абаронца Буд-Гусаіма пісалі скаргі да апэляцыі, каб перагледзець справу ды адмяніць прысуд, яны прыкладалі ў якасьці падставы публікацыі з «БДГ». У адказ з розных інстанцыяў прыходзілі аднолькавыя адпіскі.
Публікацыю Сямашкі ўдалося пераслаць на самому Буд-Гусаіму. Журналіст і асуджаны ліставаліся — і калі Аляксандар сядзеў у Жодзіне, і калі яго праз 10 гадоў перавялі ў Глыбокае, а потым у Наваполацк ды Гезгалы. Першы і апошні раз яны сустрэліся восеньню ў 2014-га ў Салігорску, дзе ў той час жыла сям’я. Фамільны дом у вёсцы быў прададзены сваяком, і Аляксандар быў гэтым вельмі засмучаны.
«Для нас нават і замена рэжыму была радасьцю...»
Расповед Людмілы Кучуры
Актывістка грамадзянскай ініцыятывы «За справядлівы прысуд» Людміла Кучура ўпершыню пра справу Буд-Гусаіма пачула ў канцы 2006 году. Празь нейкі час, калі яна ўжо была знаёмая з жонкай Аляксандра Марыяй, ёй удалося ўбачыць тыя дакумэнты. Паводле Людмілы, часам складалася ўражаньне, што справа Буд-Гусаіма і яе мужа Пятра, заведзеныя з розьніцай у тры гады, напісаныя ледзь не пад капірку. Пятро Кучура, якому цяпер за 60, ужо больш за 12 гадоў з прызначаных 18 утрымліваецца за кратамі. Яму гэтаксама, як і Буд-Гусаіму, інкрымінаванае забойства адказнага чыноўніка пры абцяжлівых абставінах. Як высьветліла потым Людміла, творцам абедзьвюх спраў была адна і тая ж службовая асоба.
Жонцы Буд-Гусаіма Людміла параіла зьвярнуцца да адвакаткі, якая вяла справу Пятра Кучуры. Было накіравана некалькі зваротаў у розныя інстанцыі. Вырашальным стаў зварот у Адміністрацыю прэзыдэнта. Пасьля разгляду папераў на тым узроўні Генпракуратура вынесла пратэст. Замест пажыцьцёвага прызначылі абмежаваны тэрмін пакараньня. Людміла Кучура расказвае:
«Для нас нават і такое рашэньне было радасьцю. Нарэшце чалавек ужо ня будзе зажыва гніць ва ўмовах вязьніцы, дзе ў лепшым выпадку сьвежым паветрам падыхаеш 30 хвілінаў за дзень, дзе кавалак неба бачыш толькі праз краты турэмнага дворыка, а такіх элемэнтарных рэчаў, як трава і дрэвы, ня бачыш увогуле. Потым, ужо на волі, Аляксандар падчас размоваў са мной прыгадваў, як ня мог прыйсьці ў сябе ад шчасьця, калі ў Наваполацку, праз 12 гадоў зьняволеньня, упершыню ўбачыў сапраўднае вялікае неба, сонейка, месяц, захады, сьвітанкі. Пра тыя катаваньні, якія перанёс гэты чалавек, я ўвогуле маўчу».
Людміла ўспамінае, як хутка пасьля вызваленьня Аляксандар разам з Машай пабывалі ў яе дома ў Менску:
«Я тады ўбачыла яго ўпершыню. Гэта было нечаканае ўражаньне. Чалавек, які каля 12 гадоў сядзеў з самымі жорсткімі забойцамі, за плячыма якіх было не адно і нават ня два чалавечыя жыцьці, абсалютна не адпавядаў вобразу мацёрага крымінальніка. Гэта была сьветлая і чыстая асоба. Падцягнуты, акуратны, апрануты сьціпла, але з густам. У размове аніякага жаргону. Культурны, разумны, ветлівы. Пасьля мы сталі часта перазвоньвацца. Мяне кожны раз зьдзіўляла, што ў гэтым чалавеку не было ніякай азлобленасьці.
Калі ты незаконна сядзіш за тое, чаго не рабіў, калі цябе рэгулярна зьбіваюць так, што не адчуваеш ні цела, ні касьцей, калі на цябе надзяваюць процігаз і перакрываюць кісларод... Аляксандар абсалютна ня марыў адпомсьціць. Толькі казаў, што нікому на сьвеце ён не судзьдзя, аднак кожнаму за ўсё адплаціцца. І праўда, некаторыя за гэта ўжо заплацілі вельмі высокую цану. Аднаго з тых, хто сфабрыкаваў тую справу, паралізавала, а потым ён сканаў. Другі звар’яцеў».