У Магілёве на месцы ўзьвядзеньня Пакроўскай царквы знойдзеныя чалавечыя парэшткі. Фрагмэнты частак шкілету раскіданыя па пэрымэтры катлавану, выкапанага пад фундамэнт сьвятыні. Судмэдэкспэртамі сабраныя пад два дзясяткі костак.
Судмэдэкспэрт, выказаў меркаваньне, што знойдзеныя парэшткі часоў Другой сусьветнай вайны, аднак напэўна гэта мусіць вызначыць экспэртыза. На будаўнічай пляцоўцы былі адшуканыя і спарахнелыя гузікі з гімнасьцёрак савецкіх вайскоўцаў.
Гісторыкі ж мяркуюць, што будаўнікі натыкнуліся на пахаваньні XVI-XVII стагодзьдзяў. Да такой думкі схіляецца доктар гістарычных навук Ігар Марзалюк. Ён выказаў меркаваньне, што каля зруйнаванай царквы існаваў нэкропаль. Навуковец паведаміў, што будаўнічую пляцоўку возьмуцца дасьледаваць спэцыялісты археолягі.
Археолягам не ўдалося адшукаць падмуркі зьнішчанай Пакроўскай царквы, але здолелі наткнуцца на рэшткі фундамэнту званіцы. Цяпер яны схаваныя пад дахам.
Пабудавалі Пакроўскую царкву ў традыцыях магілёўскай школы дойлідзтва пры канцы сямнаццатага стагодзьдзя, а разбурылі за савецкім часам — паміж 1952 і 1956 гадамі. Пасьля таго як Магілёў спалілі ў 1708 годзе на загад маскоўскага цара Пятра І, камяніцаў у традыцыях магілёўскай школы дойлідзтва больш ня ўзводзілі.
Некалі раён, які цяпер у Магілёве называюць Падмікольлем, зваўся Пакроўскім пасадам. Акрамя праваслаўнай сьвятыні, тут былі ўзьведзеныя рыма-каталіцкі касьцёл сьвятога Антонія ды малітоўны дом габрэяў. Мясцовая гістарычная забудова страчаная, аднак, як запэўніваюць спэцыялісты, дасьледчы матэрыял захаваўся. Дамінантай мясьціны была Пакроўская царква.
У вайну шчыльна забудаваная мясьціна дужа пацярпела ад бамбаваньня. Раней на Школішчы (яшчэ адна старая назва мясьціны) сялілася гарадзкая знаць. Да сёньняшняга дня ацалелі адзінкі старых будынін.