Да гаспадара аграсядзібы «Гасьціна», у якой 27 траўня заплянаваныя творчая сустрэча і канцэрт Зьмітра Вайцюшкевіча, прыехалі чатыры маёры зь Лідзкага РАУС.
Пра гэта паведамляе ў Фэйсбуку адзін з арганізатараў канцэрту Валер Мінец.
Ён піша, што прадстаўнікі праваахоўных органаў пагражалі гаспадару аграсядзібы праблемамі з падатковай інспэкцыяй, патрабавалі прадставіць дазвол на правядзеньне мерапрыемства.
«Мы не хаваліся, запрашалі на вечарыну праз Фэйсбук і некаторыя газэты. Вечарына будзе з вольным уваходам, адбывацца будзе на прыватнай тэрыторыі. Разам з тым міліцыянты настойліва параілі не праводзіць сустрэчу і канцэрт. Пагражалі падатковай інспэкцыяй. Падстава — несанкцыянаванае масавае мерапрыемства, чым, на думку міліцыі зьяўляецца гэтая імпрэза», — сказаў Свабодзе іншы арганізатар канцэрту Вітольд Ашурак.
Ён дадаў, што дзеяньні міліцыі ня стануць прычынай для адмены канцэрту.
Сам Зьміцер Вайцюшкевіч таксама кажа, што канцэрт яго адбудзецца пры любых умовах:
«Я і сам уласьнік аграсядзібы. Ведаю, што калі колькасьць гасьцей не перавышае 100 чалавек, то на гэтае мерапрыемства ня трэба ніякіх дазволаў. Таму я думаю, што міліцыянты проста падстрахоўваюцца. Але я проста хачу сустрэцца зь мясцовай публікай, а клікаць нікога на лідзкую плошчу не зьбіраюся. Мне здаецца, што гэтыя чатыры маёры павінны лавіць крымінальнікаў, а не займацца гэтым канцэртам».