Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гісторыя зноў абслугоўвае палітычныя рэжымы — і ў Беларусі, і ў Расеі


Падчас публічнай дыскусіі. На фота (зьлева направа) Аляксей Ластоўскі, Іван Курыла, Валянцін Голубеў, Лукаш Адамскі
Падчас публічнай дыскусіі. На фота (зьлева направа) Аляксей Ластоўскі, Іван Курыла, Валянцін Голубеў, Лукаш Адамскі

25 траўня ў Менску пачала працу міжнародная канфэрэнцыя «Эвалюцыя ці дэвальвацыя: праблема дэмакратычнага парадку ва Ўсходняй Эўропе».

Першым мерапрыемствам форуму стала публічная дыскусія «Як зараз пісаць гісторыю сваёй краіны?» Гісторыкі зь Беларусі, Літвы, Польшчы і Расеі прыйшлі да высновы: сёньня ідэальны падручнік стварыць немагчыма ні ў адной з чатырох краінаў. Але аргумэнты навукоўцы прыводзілі розныя.

Усё вызначае ідэалёгія

Беларускі прафэсар, доктар гістарычных навук Валянцін Голубеў на пачатку дыскусіі заявіў, што ідэальны падручнік можа быць створаны, але толькі на пэўны час. І прыгадаў падручнік Паўла Лойкі «Гісторыя Беларусі XV–XIX cтагодзьдзяў», які выйшаў у 1990-я гады:

Валянцін Голубеў (у цэнтры), Іван Курыла (зьлева) і Лукаш Адамскі
Валянцін Голубеў (у цэнтры), Іван Курыла (зьлева) і Лукаш Адамскі

«Просты, зразумелы, дакладны, ён успрымаўся і студэнтамі, і школьнікамі, і выкладчыкамі. Я яго вельмі высока ацэньваю. Дзеці, якія вучыліся ў 1990-х, аказаліся выхаваныя на сапраўднай беларускай гісторыі.

Цяпер прац пра сучаснасьць няма ні для школьнікаў, ні для студэнтаў ВНУ. У нас дзяржаўная сыстэма адукацыі. Ёсьць праграмы, зацьверджаныя Мінадукацыі, і аўтар падручніка зьвязаны з гэтымі тэмамі, ён думае, як напісаць, каб падручнік быў прыняты калегамі-выкладчыкамі, школьнікамі, каб па ім можна было адказаць на экзамэнацыйныя білеты.

У які бок можа пайсьці аўтар падручніка? Ды ні ў які!

Удзельнікі публічнай дыскусіі
Удзельнікі публічнай дыскусіі

У канцы 1980-х — пачатку 1990 гадоў і ў нас, і ва Ўкраіне, і Расеі спрабавалі зрабіць некалькі варыянтаў падручнікаў. А цяпер, калі ідзе вяртаньне да таталітарызму, аўтарытарызму, дзяржава навязвае думку, сваю ідэалёгію — „пра пэўныя падзеі можна пісаць так і так, а калі вы будзеце пісаць ня так, мы будзем гаварыць, што вы фальсіфікуеце гісторыю“.

Гісторык ня можа нават свайго погляду выказаць — западозраць у фальсыфікацыі. Усё вызначае ідэалёгія».

Сёньняшні падручнік гісторыі базуецца на лёгіцы дзяржавы

Доктар гістарычных навук з Санкт-Пецярбургу Іван Курыла кажа, што ў яго ёсьць уяўленьне пра ідэальны падручнік, але ёсьць і вялікае падазрэньне, што ў наступныя 10 гадоў ідэальнага падручніка гісторыі ў Расеі ня будзе. Гісторыкі ўсьвядомілі, што яны займаюцца дыялёгам зь мінулым, зыходзячы зь нейкай адной пазыцыі:

Іван Курыла
Іван Курыла

«Сёньняшні падручнік гісторыі базуецца на лёгіцы дзяржавы: патрэбна была індустрыялізацыя, калектывізацыя, трэба было перамагчы ворагаў — пра гэта пішуць. Але былі і ахвяры, і яны павінны прысутнічаць у падручніку. Павінна быць прадстаўлена і лёгіка суседзяў — Украіны, Польшчы. То бок, ідэальны падручнік — гэта той, у якім ўсе гэтыя лёгікі прысутнічаюць. Як умясьціць усё гэта ў адзін падручнік — складанае пытаньне. Гэта не азначае, што школьнік з усім пагодзіцца. Ён мае права задаваць свае пытаньні».

Доктар гісторыі Іван Курыла прывёў прыклад: дагэтуль расейскія падручнікі гісторыі распавядаюць пра пашырэньне Маскоўскага княства да межаў Расейскай імпэрыі і Савецкага Саюзу. І камчацкі школьнік некалькі гадоў вучыць, як Масква ваявала з Казаньню, з Польшчай, а на Далёкі Ўсход Расея дайшла толькі ў ХІХ стагодзьдзі. Што было раней на тым жа Далёкім Усходзе, невядома. «Гэты падручнік не пра нас. А дзе ж мы?» — думаюць камчацкія школьнікі.

«Таму ў іх можа ўзьнікнуць пратэст, бунт супраць гэтай маналягічнасьці, супраць адзінага падручніка, дзе ёсьць толькі адзін пункт гледжаньня. У ідэальным падручніку павінны быць розныя суб’екты. Гэта тычыцца ня толькі рэгіёнаў, але і агульнай гісторыі бязь белых плямаў — сталінскіх рэпрэсій, Галадамору ды іншых сумных старонак. Так што ўяўленьне пра ідэальны падручнік у мяне ёсьць, але ў маёй біяграфіі я такога ня ўбачу».

Ня трэба аддзяляць нацыянальную гісторыю ад ўсясьветнай

Лукаш Адамскі, доктар гісторыі з Польшчы, намесьнік дырэктара Цэнтру польска-расейскага дыялёгу і паразуменьня, выказаў думку, што ў ідэальным падручніку павінна быць аб’яднаная гісторыя сваёй краіны з усясьветнай гісторыяй:

Лукаш Адамскі
Лукаш Адамскі

«Чаму вывучаюцца асобныя курсы гісторыі Расеі пэўнага пэрыяду, гісторыя Беларусі, гісторыя ВКЛ, асобна ўсясьветная гісторыя? Трэба разам вывучаць менавіта ўсясьветную гісторыю, а не аддзяляць нацыянальную гісторыю ад ўсясьветнай.

Безумоўна, неабходна вывучаць нацыянальную гісторыю. Яна важная. Яна дае ключ да разуменьня нацыянальнай культуры Але ўсё ж лепш не аддзяляць нацыянальную гісторыю ад гісторыі ўсясьветнай».

На думку Лукаша Адамскага, ідэальнага падручніка гісторыі ня будзе. Але ў падручніках павінны быць розныя тлумачэньні, тлумачэньні іншых дзяржаў, каб было зразумела, што ёсьць праблемы, каб у навучэнцаў узьнікалі крытычныя пытаньні і жаданьне пачытаць падручнікі суседніх краінаў — як яны тлумачаць тыя ж падзеі. Прафэсар Адамскі лічыць, што ў польска-нямецкім гістарычным дыялёгу праблем менш за ўсё. Зь немцамі палякам прасьцей удаецца знайсьці паразуменьне, а з украінцамі і расейцамі, на яго думку, складаней.

Трэба перакладаць на сваю мову падручнікі суседзяў

Доктар гісторыі, дырэктар Інстытуту ВКЛ Унівэрсытэта Вітаўта Вялікага Русьціс Камунтавічус заявіў, што ведае, як напісаць ідэальны падручнік гісторыі. І прыгадаў такі выпадак:

На фота (зьлева направа) Іван Курыла, Валянцін Голубеў, Лукаш Адамскі, Русьціс Камунтавічус
На фота (зьлева направа) Іван Курыла, Валянцін Голубеў, Лукаш Адамскі, Русьціс Камунтавічус

«20 гадоў таму мне патэлефанавалі з аднаго выдавецтва: „Ёсьць адна халтура — у 11–12 клясах няма падручніка па гісторыі, трэба тэрмінова напісаць“. Я быў студэнтам, падключыў жонку, сяброў, і мы напісалі падручнік. Потым мяне доўга запрашалі на кансультацыі... Я зразумеў, што напісаў дрэнна. Але цяпер я ведаю, як напісаць.

Маё бачаньне такое: калі хочаш напісаць добры падручнік, нічога пісаць ня трэба. Калі ты хочаш проста ведаць традыцыйную гісторыю — бяры дапаможнікі, якія ўжо напісаныя, у большасьці дзяржаў падручнікі напісаныя зразумела.

Калі хочаш навучыць дзяцей думаць больш сур’ёзна, таксама нічога пісаць ня трэба. Трэба браць і перакладаць на сваю мову падручнікі суседзяў. Калі ў Літве мы пачытаем польскія і беларускія падручнікі пра гісторыю ВКЛ, праз кантрасты лепш пазнаем самі сябе. Школьныя падручнікі ніхто не перакладае, ніхто! Проста перакладзіце», — дае параду літоўскі гісторык Русьціс Камунтавічус.

Пра аб’ектыўныя падручнікі гаварыць не даводзіцца

У канцы лютага Аляксандар Лукашэнка даў даручэньне гісторыю станаўленьня беларускай дзяржавы дакладна адлюстраваць у новых падручніках: «Трэба прапісаць і ўкараніць у розум нашых людзей праўду. Тут калі і ёсьць нейкі нацыяналізм, то гэта нацыяналізм здаровы».

Карэспандэнтка Свабоды запыталася ў беларускіх гісторыкаў, на якой стадыі знаходзіцца напісаньне новых падручнікаў гісторыі.

Прафэсар Валянцін Голубеў нагадаў, што Аляксандар Лукашэнка зрабіў такую заяву пасьля агляду стэнда доктара навук прафэсара Вольгі Ляўко, аўтаркі «Гісторыі Полацкага княства», што прэтэндавала на Дзяржаўную прэмію. На думку Голубева, напісала прафэсарка Ляўко даволі абгрунтавана: што Полацкае княства мела такія ж падставы дзяржаўнасьці, як Кіеўскае ці Наўгародзкае княствы. Маўляў, гэта Лукашэнку спадабалася, ён сказаў, што гэта здаровая ідэя і трэба яе ўставіць у падручнік:

«Я ня ведаю дакладна, устаўляе хто ці не. Было б нядрэнна, каб уставілі. А конкурс па напісаньні новага падручніка быў абвешчаны яшчэ да гэтай заявы Лукашэнкі. Перамагло некалькі аўтарскіх калектываў, адзін зь іх працуе ў тым аддзеле Інстытута гісторыі, які я раней узначальваў — гісторыі Беларусі ХVІ—ХVII стагодзьдзяў. І той варыянт я чытаў. Але ўмовы і жорсткія рамкі дыктуе Міністэрства адукацыі. А аўтары ня маюць права ні больш датаў прывесьці, ні больш лічбаў у пэўным параграфе, сказы павінны быць не даўжэйшыя за 7 слоў.

На жаль, пасьля 1994 году (як бы памякчэй сказаць...) на жаданьне кіраўніка дзяржавы ў гісторыі Беларусі быў зроблены паварот ад асьвятленьня нацыянальнага да вяртаньня савецкага падыходу».

Валянцін Голубеў расказаў пра цяперашнюю тэндэнцыю: ніякім чынам не пакрыўдзіць Расею. І прывёў прыклад: параграф пра бітву пад Воршай выключылі з падручнікаў. Што немцаў у Другую ўсясьветную вайну разграмілі — можна казаць, а вось што расейцаў у 1514 годзе пабілі — ну як гэта так!

Гісторыя вельмі шчыльна зьвязаная з палітыкай, таму ні пра якія аб’ектыўныя падручнікі гаварыць не даводзіцца, перакананы прафэсар Голубеў:

«Усё вызначае палітыка, усё вызначаюць асобы, усё вызначае палітычны лад, які існуе. Калі ўсталёваецца рэжым, якому ня хочацца, каб ведалі гісторыю, каб на чужых прыкладах паказвалі, да чаго іхныя дзеяньні могуць прывесьці, то гісторыі няма. На жаль, я лічу, што і ў Беларусі, і ў Расеі адбываецца згортваньне вывучэньня гісторыі.

Гісторыя зноў у большай ступені абслугоўвае палітычныя рэжымы. Як толькі спынілася сыстэма прыватнага навучаньня, як толькі навучаньне становіцца толькі дзяржаўным — ні пра якія аб’ектыўныя падручнікі гаварыць нельга».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG