Бюст Леніна ў мястэчку Малеч Бярозаўскага раёну да гэтага часу стаіць з буйнымі чырвонымі плямамі. Ён быў абліты фарбай 22 красавіка.
Мясцовыя жыхары кажуць, што чысьцілі помнік не адзін дзень, але так і не змаглі прывесьці яго ў першапачатковы выгляд. Каля помніка нават паставілі будаўнічыя рыштаваньні. Адзін з жыхароў паселішча кажа, што фарбу змывалі нават спэцыяльным шампунем, і ўсё марна.
За абліваньне фарбай ленінскага бюста асуджаны жыхар Малеча Віталь Шылінец. Бярозаўскі суд пакараў яго годам папраўчых прац з адлічваньнем 15% ад заробку. Прысуд Віталь вырашыў не абскарджваць, хоць праваабаронцы настойвалі, што гэта варта зрабіць. Але, на думку Шылінца, апэляцыя не прынесла б плёну, а на гэтым тыдні мінуў і тэрмін для абскарджваньня рашэньня Бярозаўскага суду.
Віталь кажа, што ў нашай краіне помнікі Леніну не павінны стаяць на плошчах:
«Калі б на судзе я прызнаў сваю віну, а таксама пагадзіўся б прывесьці ў парадак гэты помнік, то пакараньне было б значна меншае. Але я не пайшоў на гэта, бо лічу, што дзейнасьць Леніна прывяла да мільёнаў ахвяраў».
Жыхары мястэчка падтрымалі ўчынак Віталя Шылінца, многія да гэтага часу выказваюць яму сваю салідарнасьць.