Старшыня Дзяржаўнага вайскова-прамысловага камітэту Сяргей Гурулёў, прэзэнтуючы праграму выставы Milex-2017, сказаў, што Беларусь за апошнія пяць гадоў роўна ўдвая павялічыла экспарт прадукцыі вайсковага прызначэньня.
Па яго словах, у 2016 годзе пастаўкі ўзбраеньняў і абсталяваньня дасягнулі 1 мільярда даляраў. «Для Беларусі гэта досыць сурʼёзная лічба», — сказаў чыноўнік.
Ён удакладніў, што абʼём дасягнуты дзякуючы пастаяннаму пашырэньню рынку збыту:
«Цяпер узаемадзейнічаем з 52 краінамі, з больш як 30 працуем на заканадаўчым узроўні ў галіне вайскова-тэхнічнага супрацоўніцтва. Шырока прадстаўленыя ў СНД, Паўднёва-Ўсходняй Азіі, Паўднёвай Амэрыцы, Эўропе, на афрыканскім кантынэнце. Традыцыйна добрыя ўзаемаадносіны з Інданэзіяй, Малайзіяй, дабраліся нават да Аўстраліі і Філіпінаў», — кажа Гурулёў.
На яго перакананьне, сёньня важна працаваць з замежнымі пакупнікамі комплексна — прапаноўваць ня часткі чаго-небудзь, а цэлыя комплексы.
На выставе Milex-2017, цырымонія адкрыцьця якой пройдзе 20 траўня на тэрыторыі аэрапорту «Менск-1», будуць прадстаўленыя больш за 30 краін. Самымі шматлікімі традыцыйна будуць дэлегацыі з Расеі і Кітаю. Сёлета ўпершыню прыедуць удзельнікі зь Нямеччыны і Славаччыны, будзе прадстаўленая Польшча.
Паводле Гурулёва, для беларускага абароннага сэктару плятформа Milex — зручная пляцоўка для рэалізацыі пэрспэктыўных праектаў, выхаду на новы тэхналягічны ўзровень. Экспанаваць прадукцыю будуць амаль 80 прадпрыемстваў і канструктарскіх арганізацый. Кампаніі, якія ўваходзяць у сыстэму Дзяржкамваенпраму, прадставяць блізу 90 узораў узбраеньня, вайсковай і спэцыяльнай тэхнікі.