Ці стануць беларуска-расейскія вайсковыя вучэньні «Захад-2017» пагрозай беларускаму сувэрэнітэту? Чаму Аляксандар Лукашэнка заклікаў назіраць за гэтымі манэўрамі вайскоўцаў з НАТО? Ці аддалілася Беларусь за апошнія гады ад Расеі ў вайскова-палітычным супрацоўніцтве?
На гэтыя ды іншыя пытаньні ў перадачы «Экспэртыза Свабоды» адказваюць палітычныя аглядальнікі Андрэй Паротнікаў і Арсень Сівіцкі. Вядзе перадачу Віталь Цыганкоў.
Цыганкоў: Аляксандар Лукашэнка загадаў запрасіць назіральнікаў NATO на беларуска-расейскія манэўры «Захад-2017».
«Мы нічога ня ўтойваем і ўтойваць не павінны. Калі натаўцы хочуць прысутнічаць на нашых манэўрах, калі ласка. Тым больш я такую інфармацыю і такія сыгналы зь іх боку атрымліваю», — сказаў кіраўнік дзяржавы 20 сакавіка.
Арсень, ці зьменшыўся ваш «алярмізм» пасьля гэтага выказваньня? Ці можна сказаць, што кіраўніцтва Беларусі такім чынам адрэагавала на патэнцыйную «расейскую пагрозу», зьвязаную з гэтымі вучэньнямі?
Сівіцкі: Перш за ўсё трэба нагадаць, што паколькі «Захад-2107» будзе праходзіць на тэрыторыі Беларусі, то менавіта беларускі бок, беларускі Генэральны штаб адказны за распрацоўку сцэнару вучэньняў, маштабу, колькасьці войскаў, якія будуць браць у ім удзел. Тут нічога нечаканага няма. Вядомая была ўстаноўка Аляксандра Лукашэнкі, калі яшчэ колькі месяцаў таму на сустрэчы з сакратаром АДКБ Бардзюжам ён заявіў, што любыя сумесныя вайсковыя актыўнасьці з Расеяй не павінны разглядацца зьнешнімі назіральнікамі як наступальныя.
То бок было відавочна, што вучэньні сёлета не павінны адрозьнівацца ў памерах ад ранейшых манэўраў «Захад», дзе агульная колькасьць войскаў беларуска-расейскай групоўкі складала прыблізна 13 тысяч чалавек. Але з улікам таго, што ў Расеі ёсьць трошкі іншае бачаньне таго, як гэтыя вучэньні будуць праходзіць — гэта не адмяняе стратэгічных інтэнцыяў Крамля ўцягнуць Беларусь у канфрантацыю. Пакуль ім не ўдалося праціснуць фармат буйных вучэньняў зь перакідам у Беларусь вялікай колькасьці тэхнікі і войскаў.
Цыганкоў: А вы лічыце, што ў Масквы было такое жаданьне —ператварыць гэтыя вучэньні ў нешта незвычайнае і пагрозьлівае?
Сівіцкі: Так. І, найхутчэй, расейскі бок будзе імкнуцца яшчэ паўплываць на зьмену фармату і на колькасьць удзельнікаў манэўраў. Мы памятаем пра той знакаміты тэндэр расейскага Міністэрства абароны, які прайшоў усе працэдуры, і ўсё роўна 4162 вагоны зафрахтаваныя на Беларусь у 2017 годзе. Але з агучанай колькасьці ўдзельнікаў відавочна, што трэба ня больш за 500 вагонаў, каб перакінуць 3 тысячы чалавек і 280 адзінак баявой тэхнікі.
Цыганкоў: Андрэй Паротнікаў, як можна ацаніць гэты «хітры ход» Лукашэнкі — запрасіць назіральнікаў НАТО на гэтыя вучэньні? І ці ўяўляюць яны пагрозу для Беларусі?
Паротнікаў: Ніякай патэнцыйнай пагрозы гэтыя вучэньні не ўяўляюць. Што да «хітрага ходу» — то два тыдні таму гэтых назіральнікаў НАТО ўжо запрасіла Расея.
Мы павінны разумець, што «Захад-2017» — гэта нізка вучэньняў, якія будуць праходзяць адначасова, у тым ліку і на тэрыторыі Расеі. Таму, калі ў Беларусі будзе адносна невялікая колькасьць і сцэнар будзе мець абарончы характар, — гэта не выключае, што недзе ў Пскоўскай вобласьці яны якраз будуць насіць наступальны характар.
І я б зьвярнуў увагу, што 3 тысячы вайскоўцаў і 280 адзінак тэхнікі — гэта ніяк не 500 вагонаў. З улікам таго, што яны будуць везьці сваё паліва, свае боепрыпасы — гэта 800 вагонаў у адзін бок.
Цыганкоў: Лукашэнка таксама заявіў, што ніякія энэргетычныя ці эканамічныя спрэчкі не павінны ўплываць на вайсковае супрацоўніцтва. Ці азначае гэта, што Лукашэнка разумее, што вайсковая сфэра — ня тая, дзе можна дазваляць сабе вялікія і небясьпечныя спрэчкі з Расеяй?
Паротнікаў: Ён зьвярнуў увагу, што «не павінны». Але на самой справе яны ўплываюць, і яшчэ як. Расейскі вайскова-прамысловы комплекс раней традыцыйна быў адным з асноўных лабістаў інтарэсаў афіцыйнага Менску ў Маскве. Разам з РПЦ, рэгіянальнымі элітамі, камуністамі. Цяпер выглядае так, што гэта апошняе лобі, на якое Менск мае хоць нейкую надзею разьлічваць. Але я думаю, што гэтая надзея марная.
Цыганкоў: Вы лічыце, яны яшчэ застаюцца лабістамі беларускіх уладаў?
Паротнікаў: Думаю, ужо не. Бо, на жаль, імпэрыялізм і расейскі шавінізм ужо ахапіў у тым ліку (і, можа, у першую чаргу) і вайсковую сфэру. Гэта вельмі ўскладняе супрацоўніцтва ў галіне абароны. Але праблема ў тым, што Беларусь ня мае іншых вагароў уплыву на Крэмль. Таму, магчыма, Лукашэнка спрабуе скарыстаць гістэрыю ў Расеі вакол супрацьстаяньня Захаду, каб захаваць гэты канал уплыву.
Сівіцкі: Расейскі бок пакуль не пацьвердзіў гатоўнасьць запрасіць назіральнікаў НАТО на гэтыя вучэньні. Некалькі дзён таму прадстаўнік Расеі ў радзе «Расея-НАТО» сказаў, што яны толькі разглядаюць гэтую магчымасьць. То бок Аляксандар Лукашэнка заявіў гэта, па-першае, каб прадэманстраваць, што вучэньні маюць абарончы характар. І, па-другое, каб чарговы раз даказаць, што Беларусь — донар рэгіянальнай стабільнасьці і што яна ня робіць ніякіх агрэсіўных крокаў, якія маглі б падарваць бясьпеку ў рэгіёне.
Калі казаць пра заяву Лукашэнкі наконт вайсковага супрацоўніцтва з Расеяй, то відавочна, што Расея цяпер парушае «інтэграцыйны кантракт», паводле якога Беларусь выконвае стратэгічныя і вайскова-палітычныя функцыі па абароне «саюзнай дзяржавы», а ня толькі сябе самой, а Расея за гэтыя паслугі павінна плаціць зьніжкамі на энэрганосьбіты, доступам беларускай прадукцыі на расейскі рынак, а таксама фінансава-крэдытнай падтрымкай. Апошні часам мы назіралі аднабаковае парушэньне расейскім бокам гэтага «кантракту».
І калі Лукашэнка кажа, што ніякія газавыя спрэчкі не ўплываюць на беларуска-расейскія стасункі ў вайсковай сфэры, ён дэманструе ляяльнасьць тым абавязаньням, якія прадугледжаныя інтэграцыйнымі дамовамі. І адначасова намякае на тое, што менавіта Расея парушае гэтыя дамовы.
Я пагаджуся з Андрэем, што ВПК у Маскве ўжо зьмяніў сваё стаўленьне да Беларусі. Зьмянілася стратэгічнае вайсковае плянаваньне. Яны ўжо на мяжы зь Беларусьсю разгортваюць свае новыя вайсковыя групоўкі — то бок ужо ня вельмі разьлічваюць на сумесную беларуска-расейскую рэгіянальную групоўку. І не зьвяртаюць увагі на тое, як да гэтага будзе ставіцца афіцыйны Менск.
Цыганкоў: Ці стала Беларусь за апошнія тры гады (пасьля Крыму) бліжэй да Расеі ў вайскова-палітычным сэнсе, ці далей ад яе? Зьменшылася ці павялічылася яе відавочная залежнасьць ад Расеі ў вайсковай сфэры?
Паротнікаў: Трэба разьбіць гэтае пытаньне на дзьве часткі. У тэхнічным пляне мы засталіся такімі ж блізкімі і залежнымі, як і былі. Але ў пляне арганізацыйным, стратэгічным і псыхалягічным мы аддаляемся, і вельмі хутка. Я думаю, цягам бліжэйшых гадоў стане зразумела, што ня толькі беларуска-расейская «саюзная дзяржава» фікцыя, але і беларуска-расейскі вайсковы саюз таксама ператвараецца ў фікцыю.
Я думаю, цягам бліжэйшых гадоў стане зразумела, што ня толькі беларуска-расейская «саюзная дзяржава» фікцыя, але і беларуска-расейскі вайсковы саюз таксама ператвараецца ў фікцыю
Цыганкоў: У тэхнічным пляне ёсьць тыя ж «Палянэзы», якія зробленыя не з расейцамі, а з кітайцамі.
Паротнікаў: Але ёсьць сыстэма супрацьпаветранай абароны, якая ў тэхнічным пляне цалкам пакуль што прывязаная да Расеі.
Сівіцкі: У 2014 годзе быў прыняты новы абарончы плян, як і Дырэктыва на абарону дзяржавы. Акрамя выклікаў і пагрозаў з Захаду, яны таксама ўлічваюць і магчымыя выклікі і пагрозы з Усходу. Гэта відавочнае сьведчаньне нашага аддаленьня ад Расеі ў стратэгічным пляне.
Калі паглядзець на сцэнары буйных нацыянальных вучэньняў, праверак баяздольнасьці беларускага войска апошніх гадоў, то там разглядаюцца і сцэнары канфлікту з Расейскай Фэдэрацыяй — або гібрыднага, або паўнавартаснага вайсковага ўварваньня. Гэта таксама сьведчаньне пераацэнкі нашага стаўленьня да Расеі як да саюзьніка. І ў гэтым ёсьць сэнс, бо паглядзіце, як Расея сябе паводзіць. Расея цяпер паводзіць сабе гэткім самым недружалюбным чынам, як яна паводзіла сябе адносна Ўкраіны перад пачаткам расейска-ўкраінскага канфлікту.