Выступаючы ў сераду ў Палаце прадстаўнікоў, кангрэсмэн Эл Грын раскрытыкаваў дзеяньні прэзыдэнта і заявіў, што амэрыканскі народ ня толькі абірае кіраўніка дзяржавы, але і кантралюе яго штодзённыя дзеяньні, за якія той адказвае перад народам.
Напярэдадні Грын заявіў, што кожны дзень знаходжаньня Трампа на пасадзе прэзыдэнта «наша дэмакратыя ў небясьпецы», бо ягоныя дзеяньні ў сукупнасьці можна разглядаць як спробу паставіць сябе вышэй за закон.
Размовы пра імпічмэнт пачаліся пасьля таго, як 9 траўня Трамп адправіў у адстаўку дырэктара ФБР Джэймса Коўмі, які ўзначальваў расьсьледаваньне аб магчымым умяшаньні Расеі ў прэзыдэнцкую кампанію ў ЗША ў 2016 годзе. У гэтым кантэксьце ў амэрыканскіх палітычных колах і СМІ паўсталі пытаньні аб рэальнай аб’ектыўнасьці і незалежнасьці ФБР.
16 мая ў СМІ зьявіліся паведамленьні аб тым, што Трамп спрабаваў спыніць расьсьледаваньне ФБР расейскіх кантактаў звольненага ў лютым дарадцы прэзыдэнта па нацыянальнай бясьпецы Майкла Фліна. Белы дом зьняпраўдзіў гэта.
Учора ж стала вядома, што 10 мая Дональд Трамп падзяліўся з кіраўніком МЗС Расеі Сяргеем Лаўровым сакрэтнай інфармацыяй аб падрыхтоўцы тэракту. У сваім твітэры амэрыканскі прэзыдэнт патлумачыў гэта меркаваньнямі гуманнасьці.
Расейскі прэзыдэнт Уладзімір Пуцін назваў сытуацыю «палітычнай шызафрэніяй», якую падаграюць настроеныя супраць Расеі людзі. Пуцін выказаў гатоўнасьць пераць Вашынгтону запіс размовы Трампа і Лаўрова.