Пра гэта паведаміў Свабодзе прэс-аташэ гурту Зьміцер Безкаравайны.
«Лявон Вольскі толькі адыграў канцэрт у Вільні, на выходных быў канцэрт у Антвэрпэне. Непасрэдна рэпэтыцыі праграмы распачнуцца днямі. Агулам — 800 квіткоў, больш за палову было прададзена за першую гадзіну (каля 500 квіткоў), а за 2 гадзіны прададзена больш за 600 квіткоў (75 адсоткаў залі). Цалкам магчыма, што квіткі сёньня ўсе будуць прададзеныя. Мэты ставіць рэкорд няма, але вельмі цешыць, што публіка добра сустракае першы за 9 гадоў канцэрт „Крамбамбулі“ у Менску».
На пытаньне Свабоды, ці плянуюцца яшчэ канцэрты «Крамбамбулі», Зьміцер Безкаравайны адзначыў:
«Крамбамбуля» — гэта вольная дружына, якая ня мае вялікага пляну і стратэгіі. Зараз была прапанова канцэрту, а далей будзе бачна».
«Крамбамбуля» выступіць з праграмай «Піраты Камсамольскага возера», у якой прагучаць найлепшыя песьні з усіх альбомаў калектыву. Папярэдні сольны канцэрт гурту ў Менску адбыўся 14 лютага 2008 году.
На канцэрце гурт выступіць у складзе: Лявон Вольскі (вакал, гітара), Павал Трыпуць (вакал, гітара), Павал Аракелян (вакал, саксафон), Андрэй Якубчык (вакал, труба), Алесь-Францішак Мышкевіч (вакал, бас-гітара), Павал Мамонаў (бубны).
10 гадоў пад забаронай: Уся храналёгія «Крамбамбулі» ў вялікім інтэрвію Лявона Вольскага