Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Забілі і «закаталі» у бэтон. У Магілёве агучылі вырак па рэзанансным злачынстве


Магілёўскі абласны суд
Магілёўскі абласны суд

У Магілёве двое сяброў будавалі разам дом і ня здолелі паразумецца, як яго падзяліць. У выніку адзін сябар забіў другога.

Магілёўскі абласны суд агучыў вырак па рэзананснай справе забойства мясцовага прадпрымальніка Юрыя Гарэніча. Цела бізнэсоўца знайшлі летась у гаражы аднаго з забойцаў пад пластам бэтону. Апазналі забітага па татуіроўцы. Асуджаныя могуць абскардзіць вырак, які пакуль не ўступіў у сілу.

На разьвязаньне спрэчкі зь бітаю і жалезным прутам

Сьледзтва выявіла, што забойцам Гарэніча быў 40-гадовы Юры Храпцоў, зь якім сябраваў пацярпелы. Саўдзельнікам злачынства быў 48 гадовы Ігар Аўдзееў. Абодвух асудзілі на 22 гады калёніі ўзмоцненага рэжыму з канфіскацыяй маёмасьці. Суд абавязаў іх сплаціць жонцы забітага 200 тысяч рублёў маральнай шкоды.

Забілі прадпрымальніка з карысьлівых матываў. Паводле матэрыялаў справы, Гарэніч і Храпцоў разам будавалі дом, а дакумэнты афармлялі на Гарэніча. Пазьней між імі ўзьнікла спрэчка наконт падзелу маёмасьці. Храпцоў папрасіў Аўдзеева, каб той прысутнічаў на сустрэчы, падчас якой меліся быць вырашаныя спрэчныя пытаньні зь пераафармленьнем дома. Калі разьвязаць іх не ўдалося, то быў ужыты гвалт супраць Гарэніча.

Сьледзтва высьветліла, што забойства было сплянаванае. Храпцоў і Аўдзееў прыйшлі на сустрэчу з Гарэнічам у ягоны гараж з мэталічным прутам і бітаю. Цела забітага Аўдзееў завёз у гараж па месцы працы, скінуў у аглядальную яміну, прысыпаў зямлёю і забэтанаваў.

Жонка Гарэніча зьвярнулася ў міліцыю з заяваю пра зьнікненьне мужа ў траўні 2016 году. Падчас папярэдняга сьледзтва ў гаражы была выяўленая кроў забітага. Храпцова затрымалі 1 ліпеня, а ягонага саўдзельніка Аўдзеева — 30 жніўня.

Жонка забітага задаволеная выракам. У гутарцы з журналістамі яна адзначыла, што для забойцаў прысуджанага дастаткова, «каб пасядзець і падумаць, што яны нарабілі». Бяз бацькі засталася двухгадовая дачка. «Цяпер яна будзе ведаць пра тату толькі з маіх аповедаў», — адзначыла суразмоўніца.

Храпцоў і Аўдзееў прызнаныя вінаватымі ў гвалце, небясьпечным для жыцьця і здароўя пацярпелага, дзеля авалоданьня маёмасьцю; разбоі, учыненым з пранікненьнем у жыльлё групай асобаў з прычыненьнем цяжкага цялеснага пашкоджаньня, а таксама забойстве, якое суправаджалася разбоем, учыненым групай асобаў. Акрамя таго, Аўдзеева суд прызнаў вінаватым у таемным крадзяжы маёмасьці грамадзян, афіцыйных дакумэнтаў, учыненым з асабістых карысьлівых матываў.

Забойца Юры Храпцоў — бацька шасьці непаўналетніх дзяцей.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG