Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гамельчука, асуджанага да сьмяротнага пакараньня, расстралялі


Сяргей Вострыкаў, архіўнае фота
Сяргей Вострыкаў, архіўнае фота

Як стала вядома прадстаўнікам кампаніі «Праваабаронцы супраць сьмяротнага пакараньня ў Беларусі», прыведзены ў выкананьне сьмяротны прысуд у дачыненьні да жыхара Гомеля Сяргея Вострыкава. Ягоная маці атрымала адпаведнае паведамленьне з Гомельскага абласнога суду.

Каардынатар кампаніі Андрэй Палуда мяркуе, што расстраляць Вострыкава маглі ў пэрыяд з 13 па 29 красавіка. Прынамсі, апошні ліст зь СІЗА № 1, дзе ўтрымліваўся асуджаны да вышэйшай меры, быў датаваны 13 красавіка, а абласны суд атрымаў паведамленьне аб прывядзеньні ў выкананьне сьмяротнага прысуду 29-га. Апроч таго, 5 красавіка маці дазволілі сустрэцца з сынам у СІЗА, гэта было іх апошняе спатканьне.

Гомельскі абласны суд вынес сьмяротны прысуд 33-гадоваму жыхару абласнога цэнтру 19 траўня 2016 году. Сяргей Вострыкаў быў прызнаны вінаватым у двух асобных выпадках згвалтаваньня і забойства. Вярхоўны суд пакінуў сьмяротны прысуд у сіле.

Праваабаронцы спрабуюць удакладніць інфармацыю пра лёс яшчэ аднаго асуджанага да сьмяротнага пакараньня — жыхара Мазыра Кірылы Казачка. Ён адмовіўся ад абскарджаньня прысуду ў Вярхоўным судзе, напісаўшы адпаведную заяву, у сувязі з чым справу зьнялі з апэляцыйнага разгляду.

Існуючая практыка сьведчыць, што сьмяротнікаў, у якіх не засталося магчымасьцяў абскардзіць прысуд ці атрымаць памілаваньне прэзыдэнта, вельмі рэдка расстрэльваюць па адным.

У камэры сьмяротнікаў, такім чынам, можа заставацца толькі жыхар Нароўлі Аляксей Міхаленя, у якога яшчэ засталася магчымасьць абскардзіць прысуд у Вярхоўным судзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG