Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Мастак з Кіргізстану робіць мульцікі пра беларускія падаткі


Малюнкі Арцёма Кмеця.
Малюнкі Арцёма Кмеця.

Праскі грамадзянскі цэнтар ладзіць праект, падчас якога пяць мастакоў зь Беларусі, Казахстану, Кіргізстану, Расеі і Ўкраіны будуць працаваць зь няўрадавымі арганізацыямі краінаў былога СССР.

Сярод іншага, беларуская ілюстратарка Анастасія Сакалоўская ў супрацы з расейскім Камітэтам па прадухіленьні катаваньняў намалюе сэрыю партрэтаў людзей, чые сваякі пацярпелі ў турмах Расеі. А аніматар Арцём Кмець з Кіргізстану ў партнэрстве са стваральнікамі беларускага сайту «Кошт ураду» мае зрабіць тры кароткія мультыплікацыйныя ролікі, прысьвечаныя падаткам у Беларусі.

Арцём Кмець
Арцём Кмець

Арцём Кмець кажа, што тэмамі ролікаў, хутчэй за ўсё, стануць падаткі «на дармаедаў», на малы бізнэс, а таксама так званыя «схаваныя падаткі».

Чалавек нібыта жыве ў сацыяльнай дзяржаве і ў любым выпадку плаціць падатак.

— Мяне найперш уразіла сума «падатку на дармаедзтва» і сам факт, што такі падатак існуе. Чалавек нібыта жыве ў сацыяльнай дзяржаве і ў любым выпадку плаціць падатак — напрыклад, купляючы тавары. Вядома ж, даросламу чалавеку трэба працаваць, але бываюць розныя жыцьцёвыя сытуацыі. Калі мы гаворым пра сацыяльную дзяржаву, пра бясплатную мэдыцыну, дык гэта мае распаўсюджвацца на чалавека, незалежна ад таго, ці працуе ён у нейкі канкрэтны час. Тым больш што я глядзеў лічбы — гэты падатак не прынясе шмат грошай дзяржаве, але створыць дысананс паміж тым, наколькі вялікія абавязкі грамадзяніна і тым, наколькі яны падмацоўваюцца гарантыямі з боку дзяржавы.

— Улады Беларусі тлумачаць гэты падатак меркаваньнямі сацыяльнай справядлівасьці. Маўляў, тыя, хто не працуе, карыстаюцца тым, за што плацяць іншыя.

— Мне чамусьці здаецца, што калі чалавек у сучаснай дзяржаве адчувае асабістую свабоду, дык ён ня мае праблем з самарэалізацыяй, якая так ці інакш зьвязана з працай. Бываюць выняткі, але можа трэба стварыць спрыяльнае асяродзьдзе? Каб вакансіі на біржы працы былі не за сьмешную аплату. Каб чалавек меў нармальную прапанову з боку дзяржавы.

Адзін з ролікаў Арцёма Кмеця:

— А чаму адной з тэмаў вы абралі «схаваныя падаткі»?

— Мы вызначалі тэмы разам з «Коштам ураду», але мне самому цікавыя такія рэчы — падаткі, пра якія чалавек не падазрае, што гэта падаткі. Напрыклад, акцызныя зборы. Чалавеку ў прынцыпе цікава ведаць з чаго складаецца кошт таго ці іншага прадукту ці паслугі. І чалавек усё ж павінны ведаць, якія ён падаткі плаціць, калі працуе, а таксама на якія гарантыі з боку дзяржавы ён можа прэтэндаваць.

«Чарка ды шкварка» як героі мультфільмаў

— На прэзэнтацыі свайго праекту вы казалі пра тое, што будзеце шукаць візуальныя вобразы для лічбаў, каб зрабіць іх больш зразумелымі. І сярод прапановаў называлі напаўфальклорны вобраз «чаркі і шкваркі», які ўлады Беларусі падавалі як паказьнік дабрабыту. Наколькі гэта цікавы вобраз для анімацыі?

— Я ня вельмі люблю стэрэатыпы, але бываюць рэчы, у якіх чалавек «варыцца» і яны яму прыемныя. Калі гэта весела, калі гэта нейкі пазытыўны мэм, дык чаму б і ім не скарыстацца, калі гэта будзе прыцягваць увагу. Але калі гэта ўжо зжыты стэрэатып, дык я наўрад ці хацеў бы яго выкарыстоўваць. З гэтым мне яшчэ трэба вызначыцца.

— Але вашыя ролікі будуць разьлічаныя менавіта на беларускага гледача?

— Так. Першая тэма — дармаедзтва — цяпер існуе фактычна толькі ў Беларусі. Але тое, якія падаткі мы плацім, вельмі падобна для жыхароў постсавецкай прасторы. Усё ж такі ў нас эканоміка разьвіваецца прыблізна па адным шляху. І таму людзям у іншых постсавецкіх краінах гэта мае быць цікава. Магчыма, у жыхароў заходніх краін зусім іншыя падатковыя працэдуры. Але мне самому было б б цікава паглядзець тыя ролікі, якія я зраблю, хоць я і не беларус.​

На наступным тыдні мы раскажам пра праект беларускай ілюстратаркі Анастасіі Сакалоўскай, прысьвечаны сваякам ахвяраў катаваньняў.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG